АЛБЕ́НА (Албена),

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),

воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСТА́ВА,

1) падраздзяленне, якое выконвае задачы аховы. Вылучаецца войскамі на маршы (паходная З.), пры размяшчэнні на месцы (вартавая З.).

2) Падраздзяленне (каманда) пагранічнай вартавой службы ў Расіі 16—19 ст. Пазней — пагранічная З.

3) Месца ўезду ў горад або выезду з яго ў 16—19 ст., якое ахоўвалася вартай, дзе правяраліся дакументы і збіралася пошліна. У пач. 20 ст. некат. назвы З. замацаваліся за гар. ўскраінамі, напр., Нарвенская З. ў Санкт-Пецярбургу, Рагожская З. ў Маскве і інш.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААГУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. coagulatio згортванне, згушчэнне),

узбуйненне часцінак дысперснай фазы ў дысперсных сістэмах. Прыводзіць да выпадзення з калоіднага раствору камякаватага асадку ці да застудзянення (гл. Гелі). Адбываецца пры Сутыкненні часцінак у выніку броўнаўскага руху, накіраванага перамяшчэння ў сілавым полі (напр., у эл. полі, электракаагуляцыя) ці пры інш. знешніх уздзеяннях (напр., перамешванне, вібрацыя). К. золей выклікае дабаўленне каагулянтаў. Мае месца ў геал., атм., біял. і розных тэхнал. працэсах — водаачыстцы, вытв-сці палімерных матэрыялаў, харч. прадуктаў і інш.

У.​С.​Камароў.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАНУ́ (Cotonou),

горад на Пд Беніна. Адм. ц. Атлантычнай правінцыі. Узнік у 1-й пал. 19 ст. 1060,3 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Месца знаходжання парламента, мін-ваў і Вярх. суда краіны. Порт на Гвінейскім зал.(вываз ядраў пальмавых арэхаў і пальмавага алею, копры, кавы, бавоўны). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., дрэваапрацоўчая. Разьба па дрэве, пляценне кошыкаў і інш. саматужныя промыслы. ЦЭС. Бат. сад. За 15 км на Пн ун-т.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМА́Л ХУДЖАНДЗІ́ (сапр. Камаладдзін ібн Масуд; ?, г. Худжанд, Таджыкістан — паміж 1391 і 1400),

таджыкскі паэт. Вучыўся ў Самаркандзе і Ташкенце. Аўтар дывана (зб-ка вершаў, складзеных па пэўнай кананічнай схеме), які ўключаў 14 тыс. бейтаў (двухрадкоўяў), захаваліся каля 8 тыс. бейтаў. У вершах матывы асуджэння беднасці, скаргі на адзіноту ў чужыне, крытыка духавенства з пазіцый суфізму. Важнае месца займала тэма кахання. Вершы стылістычна простыя з уласцівай ім каламбурнай рыфмоўкай, багатай аманіміяй.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Душанбе. 1958.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЕ́ЛЬ,

1) дэсертная страва з соку, адвару ягад і садавіны, завараных з крухмалам, вядомая ў беларусаў і многіх народаў свету.

2) Бел. страва з аўсянай, жытняй, пшанічнай мукі грубага памолу. Расчынялі на заквасцы. Рошчыну на К. ставілі ў цёплае месца на ноч, потым працэджвалі і з цэду гатавалі К. Часам варылі прэсны К. з гароху; гарох моцна разварвалі і прапускалі праз рэшата, прыпраўлялі алеем, салам. На посную куццю быў адной з абавязковых страў.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАША́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Уздзенскім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лоша, Крывялі, Баравыя, Сенажаткі. Створана на р. Лоша ў 1967. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 5,4 млн. м³. Катлавіна — частка забалочанай поймы р. Лоша. Берагі спадзістыя, дно роўнае, пераважна тарфяное, месцамі пясчанае. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,5 м. Часткова зарастае асакой, рагозам. Выкарыстоўваецца для абваднення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца адпачынку.

Ф.​М.​Ашэраў.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)