«РЭ́ЙНДЖЭР»

(Ranger),

серыя амер. аўтам. касм. апаратаў для даследавання Месяца; праграма іх распрацоўкі і запускаў. Мяккая пасадка на Месяц не прадугледжвалася. Макс. маса 367 кг. Некаторыя «Р.» выводзіліся на каляземныя арбіты. У 1961—65 запушчана 9 «Р.» «Р.-7» упершыню правёў здымкі Месяца з блізкай адлегласці. «Р.-7», «Р.-8», «Р.-9» перадалі на Зямлю больш за 17 тыс. здымкаў паверхні Месяца.

У.​С.​Ларыёнаў.

Касмічны апарат «Рэйнджэр».

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙРА (Cololabis saira),

рыба сям. макрэлешчупаковых. Пашырана ў Ціхім ак., ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Паўн. паўшар’я. Жыве ў адкрытых водах уздоўж узбярэжжаў Азіі і Амерыкі. Трымаецца чародамі.

Даўж. да 40 см, маса да 200 г. Цела падоўжанае, укрыта дробнай луской. Шкілет зялёнага колеру з-за наяўнасці пігменту білівердзіну. Паміж спінным і хваставым, анальным і хваставым плаўнікамі — шэраг дробных плаўнічкоў. Рот вял., сківіцы доўгія. Корміцца планктонам. Аб’ект промыслу.

Сайра.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛА́КА, селядзец балтыйскі (Clupea harengus membras),

рыба сям. селядцовых, падвід селядца атлантычнага. Пашырана ў Балтыйскім м., асабліва ва ўсх. яго частцы і ў некат. прэснаводных азёрах Швецыі. Пелагічная чародная рыба. Утварае 2 экалагічныя групы: адны С. нерастуюць вясною, другія — увосень.

Даўж. да 20 см, маса да 75 г. Хуткарослая форма — С. гіганцкая (стрэмлінг) дасягае даўж. 38 см, з’яўляецца драпежнікам. С. корміцца планктоннымі ракападобнымі. Асн. прамысл. рыба Балт. мора.

Салака.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ПІ (Okapia johnstoni),

парнакапытнае млекакормячае сям. жырафаў. Жыве ў Афрыцы ў вільготных трапічных лясах бас. р. Конга. Рэдкая жывёліна.

Даўж. цела каля 2 м, выш. ў карку да 1,2 м, маса каля 250 кг. Афарбоўка карычняватая са светлымі папярочнымі палосамі на нагах. Морда выцягнутая, вушы вялікія, у самца 2 невял. рагі, рагавыя чахлы на канцах рагоў штогод зменьваюцца. Корміцца лісцем. Цяжарнасць 14—15, лактацыя 6 месяцаў. Трымаюць у заапарках, дзе паспяхова размнажаецца.

Акапі.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЯЛУ́ШКА (Bombycilla garrulus),

птушка атрада вераб’інападобных. Пашырана ў хвойных лясах Паўн. Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (ліст.) пралётах, асобныя зрэдку зімуюць. Трымаецца чародкамі да 200 асобін.

Даўж. да 21 см, маса да 73 г. Апярэнне густое, мяккае, ружова-шэрае. На крылах і хвасце невял. жоўтыя, белыя і чырвоныя плямкі. Высокі чуб на галаве. Гняздуецца на дрэвах. Нясе 5 яец. Корміцца ягадамі рабіны, шыпшыны, крушыны, ядлоўцу і пупышкамі раслін.

Амялушка.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧО́К-ПЯСО́ЧНІК (Neogobius fluviatilis) рыба сям. бычковых атр. акунепадобных. Пашыраны ў рэках бас. Чорнага і Азоўскага мораў. У Каспійскім м. жыве блізкі падвід. На Беларусі ёсць у Дняпры, Сажы, Прыпяці, Бярэзіне. Трымаецца пясчаных перакатаў з умераным цячэннем.

Даўж. да 20 см, маса каля 50 г. Цела буравата- або жаўтавата-шэрае з 8—12 бурымі плямамі ўздоўж бакоў. Брушныя плаўнікі ўтвараюць круглы прысосак. У перыяд нерасту самцы чорныя. Корміцца доннымі арганізмамі. Аб’ект промыслу.

Бычок-пясочнік.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ з адзнакай,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАБРО́ДДЗЕ»,

каменны метэарыт, які ўпаў у 1893 каля в. Заброддзе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Маса 3155 г. Належыць да хандрытаў. Асн. частка метэарыта зберагаецца ў музеі Віленскага ун-та, 195 г — у калекцыі Адэскага ун-та, 3 г — у Брытанскім музеі. Муляж метэарыта знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 37—38.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,

сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)