дынастыя берберскіх эміраў з племя бану-марын, якая правіла ў Марока ў 1269—1465. У 1248 у час праўлення Абу Ях’і [1244—58] занялі Фес і заснавалі незалежны эмірат; у 1269 захапілі Маракеш, скінулі дынастыю Альмахадаў і аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Марока. Найб. пашырэнне дзяржавы М. адбылося пры Абу-ль-Хасане [1331—51] і Абу Інане [1351—58], якія далучылі да яе тэрыторыі Сярэдні Магрыб, здзейснілі некалькі паходаў у Іспанію, Туніс (1347 і 1357). Дынастычныя спрэчкі і міжусобіцы падарвалі магутнасць М. У пач. 15 ст. частку іх тэрыторыі захапілі партугальцы. З 1420 ад імя М. краінай фактычна правілі Ватасіды (бакавая галіна М.), з 1465 да іх поўнасцю перайшла ўлада ў Марока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
састаўная частка агульнай палітыкі дзяржавы і інш.сац.-паліт. інстытутаў, якія непасрэдна звязаны са стварэннем ваен. арг-цыі, падрыхтоўкай і выкарыстаннем сродкаў узбр. барацьбы для дасягнення паліт. мэт. Ваенная палітыка канкрэтызуецца ў ваеннай дактрыне, ваен. стратэгіі і практыцы ваеннага будаўніцтва. Абапіраецца на ацэнку ўласных сіл і сіл верагодных праціўнікаў, патэнцыялаў, якія складаюць ваенную магутнасць дзяржавы, і фактараў, ад якіх залежаць ход і вынік вайны. Важнае месца ў ваеннай палітыцы адводзіцца праблемам стварэння, умацавання і ўдасканалення ваен. арг-цыі, тэхн. аснашчэння ўзбр. сіл, вызначэння перспектыў развіцця ваен. тэхнікі, мабілізацыйных магчымасцяў дзяржавы, падрыхтоўкі рэзерваў, іх мабілізацыі і разгортвання пры неабходнасці. Сутнасць ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на прадухіленне вайны, захаванне міру, абарону суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
энергетычныя аб’екты (электрастанцыі, падстанцыі, лініі электраперадач, цеплавыя сеткі, кацельныя), звязаныя агульным рэжымам у бесперапынным працэсе вытв-сці, ператварэння і размеркавання эл. і цеплавой энергіі. На тэр.б.СССР фарміраванне пачалося ў 1956—59. Да пач. 1990-х г. завершана падключэнне большай ч.аб’яднанай электраэнергетычнай сістэмы да агульнай сеткі ліній электраперадач напружаннем 220, 330, 500 і 750 кВ. У 1991 адзіная энергетычная сістэма аб’ядноўвала 92 энергет. сістэмы (выраблена каля 1490 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі). На пач. 1992 магутнасць 790 электрастанцый адзінай энергетычнай сістэмы складала больш за 288 тыс. МВт. Беларуская энергетычная сістэма тэхналагічна ўваходзіць у паўн.-зах. рэгіён адзінай энергетычнай сістэмы б.СССР і звязана лініямі з Літоўскай, Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай і Украінскай энергасістэмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАР ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для дыскрэтнага або неперарыўнага ўзнаўлення параметраў эл. велічыні (напружання, сілы току) у пэўным дыяпазоне. Выхадная магутнасць генератара вымяральнага да 10 Вт. Прызначаны для выпрабаванняў і настройвання радыётэхн. апаратаў, выліч. тэхнікі, прылад аўтаматыкі і інш.
Паводле формы сігналаў адрозніваюць генератар вымяральны гарманічных эл. ваганняў, сігналаў спец. формы (трохвугольнай, пілападобнай, прамавугольнай і інш.), свіп-генератары, шумавых сігналаў, выпадковых сігналаў з пэўнымі імавернаснымі характарыстыкамі, паводле частотнага дыяпазону — інфранізкачастотныя (умоўна ад 0 да 20 Гц), нізкачастотныя (ад 20 Гц да 200 кГц) высокачастотныя (30 кГц — 30 МГц), звышвысокачастотныя (30 МГц — 10 ГГц з кааксіяльным выхадам; 10 — 80 ГГц з хваляводным выхадам). Асн. патрабаванні: стабільнасць частаты, амплітуды і формы выхадных сігналаў ва ўсім дыяпазоне частот, дасканалае экранаванне для выключэння лішкавага ўздзеяння на апарат, які выпрабоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАВА,
геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс.км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх.ч.Падляска-Брэсцкай упадзінымагутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб.воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р.Прыпяць з прытокамі, у зах.ч.р.Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб.Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт.Беларускае Палессе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на У Гродзенскай і Пн Брэсцкай абласцей. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на З, Пн і ПнУ, Стаўбцоўскай раўнінай на У, Капыльскай градой і Баранавіцкай раўнінай на ПдУ і Пд, Слонімскім узв. на ПдЗ. Выш. да 323 м (Замкавая гара). Пл. 3550 км². Выцягнута з Пн на Пд на 72 км, з З на У на 45—50 км. Раўніны і даліны рэк, якія акаймоўваюць Н.ў., знаходзяцца на выш. 165—175 м, на Пд — да 180—200 м.
Н.ў. прымеркавана да Цэнтральнабел. масіву Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты на цэнтр. і паўн.-ўсх. участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўд. — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—316 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення ў пародах Н.ў. ўзніклі мярзлотныя дэфармацыі, намнажаліся лёсавыя ўтварэнні (магутнасць да 8 м).
Перадумовы ўзнікнення Н.ў. абазначыліся ўжо ў рэльефе крышт. фундамента, дзе выяўлена серыя невял. выступаў. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. Канчаткова рэльеф Н.ў. сфарміраваўся ў выніку дняпроўскага зледзянення і сожскага зледзянення. На Н.ў. вылучаюць 3 тыпы рэльефу. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні ў цэнтры ўзвышша, на Пд ад г.п. Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Выш. 300—320 м, глыб. расчлянення 30—60 м/км². Даўж. град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам стараж. лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф на б.ч. ўзвышша. Выш. 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м. Густата расчлянення да 2—3 км/км². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/км²) расчляненнем схілаў. Водна-ледавіковая раўніна нешырокай паласой акаймоўвае зах. схіл узвышша. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі. Карысныя выкапні: мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд. Сярэднія т-ры студз. -6,6 °C, ліп. 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (г. Навагрудак). Рачная сетка належыць да бас. Нёмана. Н.ў. перасякае р. Моўчадзь, на схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач. Нёўда, Валоўка. На Пд ад г. Навагрудак воз. Свіцязь. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах р. Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Пад ворывам 41% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУА́НСКІЯ ПЛАЦІ́НЫ,
самыя вялікія комплексныя гідратэхн. збудаванні ў Егіпце, на р. Ніл каля г. Асуан. Старая Асуанская плаціна (пабудавана ў 1898—1902) каля першага нільскага парога. Даўж. каля 2 км, выш. каля 54 м, шыр. па грэбені каля 8 м. Аб’ём вадасховішча 5,5 млрд.м³. Паблізу — ГЭС магутнасцю больш за 350 МВт. Новая Вышынная каменнанакідная плаціна (1960—70; пры садзейнічанні СССР) за 6—7 км на Пд ад Старой плаціны. Даўж. каля 4 км, выш. 110 м, шыр. каля асновы 980 м. Аб’ём створанага каля Вышыннай плаціны вадасх. Насэр 160 млрд.м³. Магутнасць Асуанскага гідратэхн. комплексу 21 ГВт. Стварэнне Асуанскага гідратэхнічнага комплексу дало магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы ў Егіпце амаль на 1/3, ліквідаваць пагрозу паводак, палепшыць рачную навігацыю, садзейнічала развіццю энергаёмістых галін гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Аўстралійскі кратон,
старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае цэнтр. і зах. часткі Аўстралійскага мацерыка і паўд. частку в-ва Новая Гвінея. На У абмежавана Усх.-Аўстралійскай вобласцю палеазойскай складкавасці. Аддзяленне аўстралійскай платформы ад Гандваны пачалося ў юры і завяршылася ў палеагене.
Крышталічны фундамент складзены з блокаў архейскіх метамарфізаваных парод, якія падзяляюцца зонамі пратэразойскай складкавасці і перапрацоўкі. Пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах на З і выступах у цэнтры і на Пд. Платформавы чахол залягае ва ўпадзінах (сінеклізах), аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (Перт і Кінг Леапольд маюць макс.магутнасць яго 7—10 км). Аўлакагены запоўнены пераважна пародамі позняга пратэразою і палеазою, сінеклізы — палеазою, прагіны — мезазою і кайназою. Аўстралійская платформа мае багатыя радовішчы золата, жалезных, марганцавых, медных і поліметал. рудаў, урану, баксітаў і інш.