ГАЛЧЫ́НСКІ ((Gałczyński) Канстанцін Ільдэфанс) (23.1.1905, Варшава — 6.12.1953),
польскі паэт. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1923—26). Друкаваўся з 1923. У яго ранняй творчасці пераважаюць скептыка-анархічныя адносіны да свету (паэт. карыкатуры). Аўтар сатыр. аповесці «Вослік Парфірыён, або Клуб святататцаў» (1929) і паэмы «Канец свету» (1930). Рэаліст. замалёўкі нар. гуляння перамяжоўваюцца з фантаст. ўстаўкамі ў паэме «Народная забава» (1934). Першы зб. вершаў «Паэтычныя творы» (1937). У 1939—45 вязень фаш. канцлагераў. У 1946—50 апублікаваў цыкл мініяцюр «Зялёная гусь», прасякнутых абсурдна-гратэскавым гумарам, паэт. і сатыр. фельетоны (цыкл «Пісьмы з фіялкай», 1948). Выдаў зб-кі вершаў «Зачараваная пралётка» (1948), «Заручальныя пярсцёнкі» (1949), «Лірычныя вершы» (1952), паэмы «Ніабея» (1951), «Віт Ствош» (1952; пра сярэдневяковага скульптара), «Падарожжа Хрызастома Бульвецыя ў Цемнаград» (1953). Лірычны цыкл вершаў «Песні» (1953) напоўнены філас. роздумам пра жыццё і прызначэнне мастацтва. Галчынскі стварыў арыгінальную маст. сістэму, у якой спалучаны элементы лірыкі, сатыры, гратэску, зямнога і фантастычнага. На бел. мову яго вершы перакладалі Н.Гілевіч, С.Дзяргай, М.Лужанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКІ,
шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:
Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Канстанцін Міхайлавіч) (17.2.1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 26.11.1896),
бел. вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. З роду Ельскіх. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 на Украіне, у 1863 эмігрыраваў за мяжу. З 1865 у Франц. Гвіяне, з 1869 у Перу, вывучаў фауну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 хавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 у Кракаве: хавальнік прыродазнаўчых калекцый АН. У гонар вучонага названы адзін від лаўра — Ocotea Jelscii і некат. віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў» і кнігі «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» (1898).
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),
бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс.чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.Ваейкава). На падуладных тэр.усх. Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр. казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ПСЕЛ (Michaēl Psellos; свецкае Канстанцін; 1018, г. Стамбул, Турцыя — каля 1097),
візантыйскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Вывучаў філасофію ў школе вядомага рытара і паэта Іаана Маўрапода. У 1041 сакратар імператара. Пры Канстанціне IX [1042—55] кіраўнік Вышэйшай філас. школы. Удзельнік гуртка сталічных інтэлектуалаў, які рабіў вял. ўплыў на ўрад Канстанціна IX. Каля 1050 трапіў у апалу, у 2-й пал. 1054 пастрыгся ў манахі, але хутка зноў быў вернуты на двор. Пры Канстанціне X [1059—67] выхавацель наследніка (будучы імператар Міхаіл VII). Пасля 1075 пакінуў двор; апошнія гады жыцця правёў, верагодна, у манастыры. М.П. — вучоны новага тыпу, энцыклапедыст. Адзін з першых сярод візант. філосафаў абараняў ідэі рацыяналізму, адстойваў права чалавека на навук. пазнанне свету. «Хранаграфія» М.П. (асн.паліт. ідэя якой — асуджэнне дэспатызму) — найважнейшая крыніца па гісторыі Візантыі 976—1078, помнік перадрэнесансавай л-ры. Сярод інш. прац багаслоўскія і філас. творы, трактаты па матэматыцы, медыцыне, музыцы, праве. У яго пісьмах адлюстравана інтэлектуальнае жыццё тагачаснай Візантыі.
Тв.:
Рус.пер. — Хронография. М., 1978.
Літ.:
Любарский Я.Н. Михаил Пселл: Личность и творчество: К истории византийского предгуманизма. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЗЮ́ШКА (Уладзімір Іосіфавіч) (14.2.1905, Мінск — 30.3.1973),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1949), нар.арт.СССР (1971). Сцэн. дзейнасць пачаў як акцёр-аматар. У 1923—37 акцёр у т-ры У.Галубка (БДТ-3). З 1937 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Характарны, самабытны акцёр з яркім нац. каларытам; адзін з найб. буйных дзеячаў бел.т-ра. Яго творчасць вызначалася глыбінёй спасціжэння нар. характару, уменнем псіхалагічна абгрунтаваць учынкі герояў, надаць ролі выразную сцэн. форму. Асаблівы поспех меў у нац. рэпертуары: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), Мірон Бокуць («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Ксаверый («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; Дзярж. прэмія СССР 1952), Язэп («Салавей» З.Бядулі), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона; і ў кіно). З інш. яркіх вобразаў: Іларыён («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Месны, Вакуленка («Фронт», «Калінавы гай» А.Карнейчука), Пімен («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Дон Джэром («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно («Несцерка», «Паўлінка», «Запомнім гэты дзень») і тэлевізійных пастаноўках («Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАРА́Д (Канстанцін Ільіч) (7.11.1918, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1955). Скончыў БДУ (1949). У Вял.Айч. вайну ў 1941—43 у органах ваен. разведкі і контрразведкі Зах. фронту. З жн. 1943 у тыле ворага, ў складзе аператыўнай групы ЦККП(б)Б, кіраўнік спецгрупы НКДББССР «Жнівень», адначасова нам. камандзіра Барысаўска-Бягомльскага партыз. злучэння. У 1944—46 нам. старшыні Мінскага аблвыканкома. У 1956—75 працаваў у БПІ, Мінскім радыётэхн. ін-це, у 1975—92 у ін-тах гісторыі партыі пры ЦККПБ, гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю Вял.Айч. вайны, Мінскае гарадское антыфаш. падполле 1941—42. Адзін з аўтараў працы «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 4—5, 1995).
Тв.:
Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959 (з Г.А.Барадачом);
Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии, 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Так ли должны писаться военные мемуары? // Воен.-ист. журн. М., 1966, № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЮ́ГА (Лукаш) (сапр.ВашынаКанстанцін Пятровіч; 17.9.1909, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.пед. тэхнікум (1931). Працаваў у НДІ прам-сці ВСНГБССР, на Бел. радыё. У студз. 1933 арыштаваны, высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобл. Паўторна арыштаваны 2.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1927. Выступіў бытапісальнікам бел. вёскі ў пераломны гіст. перыяд, калі мянялася яе сац. аблічча, лад жыцця. У аповесці «Ні госць ні гаспадар» (1928) трывога за чалавека, які перастаў адчуваць сябе гаспадаром на роднай зямлі. У аповесці «Нядоля Заблоцкіх» (1931) увасоблены маст. прыём т.зв. міфалагічнага рэалізму, у аснове якога спалучэнне перажыткаў стараж. светаўспрымання і веры беларусаў з рэальным жыццём. Матывамі тугі па родным краі, болем за скалечанае жыццё чалавека прасякнуты 2-я ч. аповесці «Шушамяць» (дайшлі фрагменты), няскончаныя творы: раман «Пустадомкі» (апубл. 1990), аповесці «Дзе косці мелюць», «Зоры Вам Вядомага горада», «Утрапенне» (апубл. 1989), напісаныя ў выгнанні. На бел. мову пераклаў асобныя творы П.Панча, Ю.Алешы, Я.Гашака.
Тв.:
Ні госць ні гаспадар. Мн., 1974;
Творы. Мн., 1992.
Літ.:
Драздова З.У. Творчасць А.Мрыя і А.Калюгі: Стылявыя асаблівасці. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШО́Ў (Канстанцін Ігнатавіч) (7.1. 1907, в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.5.1987),
бел. геолаг і геахімік. Акад.АН Беларусі (1953), д-р геолага-мінералагічных н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ун-т (1931). З 1931 заг. кафедры, дэкан ф-та, з 1938 рэктар Ленінградскага ун-та. З 1939 у Наркамаце замежнага гандлю СССР. З 1944 заг. кафедры Ін-та знешняга гандлю СССР, з 1949 заг. кафедры Маскоўскага ун-та. З 1953 рэктар БДУ. У 1956—69 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1963—70 заг. лабараторыі, у 1971—77 дырэктар Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі. Навук. працы па грунтазнаўстве, фіз. і эканам. геаграфіі, чацвярцічнай геалогіі і геахіміі. Распрацаваў занальную геахім. класіфікацыю кары выветрывання. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Основы литологии и геохимии коры выветривания Мн., 1958;
Очерки по геохимии гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1963;
Образование и миграция нефти. Мн., 1974 (разам з А.В.Кудзельскім);
Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980 (разам з В.К.Лукашовым);
Эколого-геохимическое изучение биосферы... Мн., 1989 (разам з І.К.Вадкоўскай).