БУРЖУА́ (Bourgeois) Леон Віктор Агюст (25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),

дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АО́РЫСТ (грэч. aoristos),

простая дзеяслоўная форма, уласцівая многім стараж. і некаторым сучасным індаеўрап. мовам. Абазначае адзінкавае мінулае дзеянне (стан) без паказу яго працягласці. У старабел. літ. мове аорыст ужываўся рэдка. Утвараўся ад асновы інфінітыву пры дапамозе суфіксаў -х-, -с-, -ш («быхъ, бы, бы, быхомъ, бысте, быша» — «я, ты, ён быў; мы, вы, яны былі»). У сучаснай бел. мове не захаваўся, але форма 2-й і 3-й асобы адз. л. аорыста дзеяслова «быти» ператварылася ў нязменную часціцу «бы» («б») і служыць сродкам перадачы мадальнасці («меў бы», «калі б»).

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШЧЫНСКІ СКАРБ,

грашова-рэчавы скарб, знойдзены ў 1979 у час даследавання крапасной сцяны гарадзішча Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 2-й пал. 12 — 1-й трэці 13 ст. Рэчавая частка скарба прадстаўлена жаночымі ўпрыгожаннямі з высакапробнага серабра (фрагменты караляў з авальных пацерак і крынападобных падвесак, залачоныя з выявамі птушак, 6-прамянёвы і з ажурным беражком колты, адна- і двухстворкавы пласціністыя залачоныя бранзалеты і інш.), грашовая складалася з сярэбраных 2 наўгародскіх, 8 літоўскіх, 6 кіеўскіх зліткаў-грыўняў і 2 палцін. Зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.

Вішчынскі скарб.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗУ́КІ,

этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́КЛА, дзякло,

прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш. с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.

В.​І.​Мялешка.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́НДЗІЧ Алека (сапр. Чоліч Мілуцін; 13.4.1896, паводле інш. звестак 12.8.1897, с. Грабавец, Харватыя — 8.7.1920),

адзін з камандзіраў Чырв. Арміі ў грамадз. вайну ў Расіі. Харват. Удзельнік 1-й сусв. вайны (быў у аўстра-венг. арміі), у 1916 трапіў у рас. палон. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ваяваў на камандных пасадах у кавалерыі (у т. л. памочнік пры камандуючым 1-й Коннай арміяй С.​М.​Будзённым) пераважна на тэр. Украіны. Загінуў у баі каля г. Роўна.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІЯ КУРГА́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,

група археал. помнікаў на тэр. і ў ваколіцах г. Заслаўе Мінскага р-на. Захаваліся рэшткі 8 могільнікаў. Даследаваны 142 курганы (большасць 2-й пал. 10—1-й пал. 11 ст.), належаць пераважна крывічам, таксама дрыгавічам, невял колькасць інш. усх.-слав. плямёнам, фіна-уграм і балтам. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце, зрэдку ў падкурганных ямах і насыпе, у 5 курганах — трупаспаленне. Пахавальны інвентар — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожанні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, бранзалеты), рэчы хатняга ўжытку (кераміка, нажы, грабяні і інш.), манеты.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН Павел Аляксеевіч (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУ́ШКА, латка,

1) традыцыйны ганчарны выраб у беларусаў і інш. слав. народаў. Глыбокая гліняная пасудзіна з шырокім тулавам і вусцем, гартаваная, радзей паліваная. Выкарыстоўвалася для гатавання ежы, часта замест сталовай міскі для вадкіх страў, разліўкі студзіны. На Беларусі ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. выраблялі прамасценныя з круглым ці падоўжаным (авальным) дном (паўн. і зах. раёны) або з пукатымі сценкамі накшталт міскі (Падняпроўе). З масавага ўжытку выйшлі ў 1-й пал. 20 ст. 2) Кароткая світка на паўн.-зах. Палессі.

С.​А.​Мілючэнкаў.

т. 9, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Васіль Сцяпанавіч (8.1.1894, г.п. Кіквідзе Валгаградскай вобл., Расія — 2.7.1967),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1922). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну з 1942 камандуючы 10-й арміяй Зах. фронту, потым нам. камандуючага 1-м Бел. фронтам, з мая 1944 камандуючы 70-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944, вызваленні Брэста. Да 1960 у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)