ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,
асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).
Г.А.Маслыка.
т. 6, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШУРО́ЧНАЯ РАБО́ТА,
работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.
Ю.Я.Савельеў.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПРАВАСУ́ДДЗЯ,
наўмысныя злачынствы, накіраваныя супраць дзейнасці дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя. Адрозніваюць злачынствы, што ўчыняюцца службовымі асобамі органаў правасуддзя і інш. дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя, і З.с.п., што ўчыняюцца інш. асобамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь крымін. адказнасць настае за прыцягненне да крымін. адказнасці заведама невінаватага, умяшанне ў вырашэнне судовых спраў, вынясенне заведама неправасуднага прыгавору (рашэння, вызначэння, пастановы), заведама незаконныя арышт або затрыманне, прымушэнне да дачы паказання, за пагрозы ў адрас суддзі ці абразу яго, заведама лжывае паказанне, адказ сведкі або пацярпелага ад дачы паказанняў, выдачу звестак папярэдняга следства або дазнання, уцёкі з месца зняволення або з-пад варты, ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, невыкананне суд. рашэння, укрыццё злачынстваў або неданясенне пра злачынства і інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 7, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЯКЧА́ЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІЧНАСЦІ ў крымінальным праве,
акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, з прычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 7, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС АБ ШЛЮ́БЕ І СЯМ’І́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КаШС),
адзіны сістэматызаваны заканад. акт Рэспублікі Беларусь, які змяшчае нормы, што рэгулююць шлюбныя і сямейныя адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 13.6.1969 і дзейнічае з 1.11.1969 з наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Складаецца з прэамбулы і 5 раздзелаў: агульныя палажэнні; шлюб; сям’я; акты цывільнага стану; прымяненне нац. заканадаўства аб шлюбе і сям’і да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама прымяненне законаў аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаў і міжнар. дагавораў і пагадненняў. Нормы КаШС устанаўліваюць парадак і ўмовы ўзяцця шлюбу, падставы яго спынення і прызнання несапраўдным, рэгулююць асабістыя і маёмасныя адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. родзічамі, рэгламентуюць пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з усынаўленнем, апекай, папячыцельствам, запісам актаў цывільнага стану.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 8, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ЗАСЯДА́ЦЕЛЬ,
грамадзянін, выбраны для ўдзелу ў разглядзе крымін. і цывільных спраў у судах па 1-й інстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і ў некаторых краінах СНД. Мае роўныя правы з суддзёй. Як правіла, у склад суда, які разглядае справу, уваходзяць 2 Н.з. (за выключэннем спраў, што паводле заканадаўства могуць разглядацца суддзёй аднаасобна), зацверджаныя ў спісах Н.з. дадзенага суда ва ўстаноўленым парадку. У спісы Н.з. уносяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што дасягнулі 25-гадовага ўзросту і пастаянна пражываюць на тэр. раёна або горада не менш як 3 гады. Працуючым Н.з. за час выканання абавязкаў у судзе робяцца выплаты ў памеры заработку або даходу, якія яны атрымліваюць па месцы работы, непрацуючым Н.з., а таксама пенсіянерам час выканання абавязкаў аплачваецца ў памеры акладу суддзі гэтага ж суда.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛО́Г,
злачынства, якое выяўляецца ў падробцы сапраўдных або ў складанні фальшывых дакументаў. Адрозніваюць службовы П. і П., які ўчыняецца прыватнай асобай. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за: выпуск (эмісію) службовай асобай суб’екта гаспадарання каштоўных папер без іх рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку, а таксама выкарыстанне заведама падложных дакументаў для іх рэгістрацыі; П. праспекта эмісіі каштоўных папер; П. выбарчых дакументаў (па выніках выбараў і рэферэндумаў), заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, учыненыя членам выбарчай камісіі або службовай асобай дзярж. ці грамадскага органа; службовы П., учынены з карыслівай або інш. асабістай зацікаўленасці; падробка знакаў паштовай аплаты і праязных білетаў, падробка, выраб або збыт падробных дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў. Найб. небяспечным злачынствам з’яўляецца П. грашовых знакаў і каштоўных папер, якія знаходзяцца ў абарачэнні (гл. Фальшываманецтва).
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),
аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы аб адм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт. рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.
т. 13, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПА́ДЧЫНА ў праве,
маёмасць, якая пераходзіць ад памерлага да спадчыннікаў. Паводле спадчыннага права Рэспублікі Беларусь у С. пераходзяць усе правы і абавязкі, што належалі спадчынадаўцу на момант адкрыцця С. і існаванне якіх не спыняецца з яго смерцю. У С. не ўваходзяць правы і абавязкі, непарыўна звязаныя з асобай спадчынадаўцы: правы членства (удзелу) у камерцыйных і інш. арг-цыях, што з’яўляюцца юрыд. асобамі (калі іншае не ўстаноўлена законам або ўстаноўчымі дакументамі); права на кампенсацыю шкоды, нанесенай яго жыццю або здароўю; правы і абавязкі па аліментных абавязацельствах; права на пенсіі, дапамогі і інш. выплаты на падставе заканадаўства аб працы і сац. забеспячэнні; асабістыя немаёмасныя правы, не звязаныя з маёмаснымі. Асабістыя немаёмасныя правы і інш. нематэрыяльныя даброты, што належалі спадчынадаўцу, могуць ажыццяўляцца і абараняцца спадчыннікамі, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. speculatio высочванне, назіранне),
проціпраўныя дзеянні супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці, якія выяўляюцца ў скупцы на прадпрыемствах або ў арг-цыях дзярж. гандлю і спажывецкай кааперацыі тавараў, што прызначаюцца для рознічнага продажу насельніцтву, і перапродажу такіх тавараў з мэтай нажывы. Праследуецца ў адм. і крымін. парадку. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь С., учыненая на працягу аднаго года пасля прыцягнення асобы да адм. адказнасці, разглядаецца як злачынства, і вінаваты ў ім можа быць асуджаны да штрафу або да папраўчых работ, абмежавання свабоды на тэрмін ад 2 да 4 гадоў або да пазбаўлення волі на тэрмін да 2 гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя групай асоб або па папярэдняй дамоўленасці, або работнікам гандлю ці спалучаныя з атрыманнем нажывы ў буйным памеры, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 15, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)