КІ́ПЛІНГ ((Kipling) Джозеф Рэдзьярд) (30.12.1865, г. Бамбей, Індыя — 18.1.1936),
англійскі пісьменнік; адзін з прадстаўнікоў неарамантызму. Вучыўся ў каледжы ў Вествард-Хо (Англія, 1876—81). Дэбютаваў зб. вершаў «Школьная лірыка» (1881). Аўтар кніг паэзіі «Песні казармы» (1892), «Сем мораў» (1896), «Пяць нацый» (1903), раманаў «Святло пагасла» (1890), «Кім» (1901), зб-каў апавяд. «Простыя апавяданні з гор» (1888), «Горад Страшнай ночы», «Сватанне Дзіны Шад» (абодва 1890), «Жыццё дае фору» (1891) і інш. У творах увасабляў ідэі актыўнага дзеяння, служэння закону і імперыі, пераўтварэння свету. Лірыка вызначаецца эмацыянальнасцю, дынамічнай рытмікай, блізкасцю да нар. балад і песень, грубаватым гумарам. Лепшы лірычны цыкл для дзяцей — кнігі пра Маўглі («Кніга джунгляў», 1894; «Другая кніга джунгляў», 1895), а таксама кнігі «Адважныя мараплаўцы» (1897), «Казкі проста так» (1902), «Пак з узгорка Паха» (кн. 1—2, 1906—10) і інш. Яны прывабліваюць сюжэтнай займальнасцю, майстэрствам абмалёўкі экзатычных жывёл і раслін, дакладнасцю. Аўтар аўтабіягр.кн. «Сёе-тое пра сябе» (1936), дарожных нарысаў, рэпартажаў. Паўплываў на развіццё жанраў балады, песні, маршу. Нобелеўская прэмія 1907. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Маўр, В.Хомчанка, С.Міхальчук, М.Багун.
Тв.:
Бел.пер. — Рыкі-Цікі-Таві. Мн., 1938;
Казкі. Мн., 1939;
Чаму ў слоніка доўгі нос. Мн., 1974;
Маўглі: Апавяданні, казкі. Мн., 1994;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1996.
Літ.:
Аникин Г.В., Михальская Н.П. История английской литературы. 2 изд. М., 1985;
Судленкова О.А., Кортес Л.П. 100 писателей Великобритании. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬВІЯ (грэч. Olbia),
антычны горад-дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і, паблізу вусцяў Дняпра і Паўд. Буга. Рэшткі О. знаходзяцца каля с. Паруціна Ачакаўскага р-на Мікалаеўскай вобл. (Украіна). Засн. ў пач. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета (другая назва О. — Барысфен). Сфарміравалася як дэмакр. поліс; росквіт прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Гораду належалі землі на абодвух берагах Бугскага лімана са шматлікімі паселішчамі. У цэнтры верх. ч. горада знаходзіліся агора (гандл. плошча) і тэменас (храмы і алтары), у ніжняй — порт і рамесніцкія кварталы. Горад быў абнесены абарончай сцяной. Развіваліся рамёствы, гандаль (пшаніцай і рабамі), рыбалоўства. О. мела сувязі са скіфамі. У 331 да н.э. жыхары О. (разам са скіфамі) адбілі нападзенне Запірыёна (палкаводца Аляксандра Македонскага). У 3 ст. да н.э. плаціла даніну скіфскаму цару Сайтафарну, у 2 ст. да н.э. падпарадкавана скіфскім царом Скілурам. У канцы 2 ст. да н.э. пасля разгрому скіфаў войскам Мітрыдата VI Еўпатара О. ў складзе яго дзяржавы. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. зруйнавана племем гетаў. У 2 ст.н.э. ў О. стаяў рым. гарнізон. У пач. 3 ст.н.э. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Ніжняя Мёзія. Жыццё ў О., верагодна, прыпынілася ў 4 ст.Археал. раскопкі вядуцца з 1901.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),
вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл.Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.
Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕХАЛУ́Ц,
міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.
Літ.:
Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;
Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),
мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).
Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш.Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл.Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).
На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.Тарэеў і інш.).
Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.Да арт.Каліграфія. Ю.Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІў 1-ю сусветную вайну,
1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.К.Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн.рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн.герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.
2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс.чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс.рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр. — в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЫ́,
1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст.Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».
2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».
Літ.:
Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),
рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс.км² (з р. Уругвай 2970 тыс.км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял.ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р. Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.—жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс.м³/с (разам з р. Уругвай 23 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн.т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн.кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).
Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.
расійскі паэт. Вучыўся ў Сарбоне (1907—08), Гайдэльбергскім (1909—10) і Пецярбургскім (1911—17) ун-тах. Друкаваўся з 1907. У ранніх вершах уплыў паэзіі сімвалістаў. З 1912 адзін са стваральнікаў акмеізму (арт.-маніфест «Раніца акмеізму», 1913. апубл. 1919). Вершы гэтага перыяду (зб. «Камень», 1913) адзначаны канкрэтна-рэчавым успрыняццем свету, культ.-гіст. вобразамі і матывамі, імкненнем да дакладна вывераных «архітэктурных» форм. У зб. «Tristia» («кнізе смуткаў», 1922; пад назв. «Другая кніга», 1923) захапленне сярэднявеччам, готыкай змяняецца зваротам да культуры Грэцыі і Рыма; у вершах на інш. тэмы — прынцып асацыятыўнасці вобразнай сістэмы, узнікненне зашыфраванага сэнсу. Вершам 1920—30-х г. (зб. «Вершы», 1928; цыклы «Арменія», 1931; «Варонежскія сшыткі», апубл. 1966) уласцівы трагічнае гучанне, роздум пра адказнасць паэта перад часам, адкрытасць аўтарскага голасу. Кніга аўтабіягр. апавяданняў «Шум часу» (1925) і аповесць «Егіпецкая марка» (1928) пра духоўны крызіс інтэлігента. Аўтар зб. артыкулаў «Пра паэзію» (1928), нарысаў «Падарожжа ў Арменію» (1933), літ.-крытычнага эсэ «Размова пра Дантэ» (1933, апубл. 1967), гісторыка-культ. эсэ, вершаў для дзяцей і інш. Пераклаў асобныя творы Ф.Петраркі, А.Барб’е, В.Скота і інш. У 1934 арыштаваны. сасланы на 3 гады ў Варонеж, у маі 1938 арыштаваны зноў, загінуў у перасыльным лагеры. Рэабілітаваны пасмяротна.