КРЭ́МЕР (Сямён Давыдавіч) (10.2.1900, г. Гомель — 1.11.1991),
генерал-маёр танк. войск (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камуніст.ін-т імя Свярдлова (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). З снеж. 1917 у Гомельскім чырвонагв. ат радзе, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У 1937—42 у замежнай камандзіроўцы. З 1942 нач. ф-та Ваен. ін-та замежных моў. З ліп. 1943 на Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 3-м Бел., 1-м Прыбалтыйскім франтах: камандзір механізаванай брыгады, нам. камандзіра механізаванага корпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Паўн.-Зах. Кітая. Вызначыўся ў баях за г. Шаўляй (Літва) і Елгава (Латвія). Да 1956 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),
савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл.ЦККПСС у 1971—72, чл.ЦККПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1966—72.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЛО́ВІЧ (Павел Міхайлавіч) (28.12.1900, г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл. — 28.10.1952),
генерал-лейтэнант (1945). Канд.ваен.н. (1949). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934) і Генштаба (1948). Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял.Айч. вайну на Паўд., Зах., Данскім, Сцяпным, Варонежскім і 2-м Укр. франтах: нач. штаба армій. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Яска-Кішынёўскай аперацый, вызвалення Балгарыі, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі. З 1945 выкладчык Акадэміі Генштаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
асобны від працоўнай дзейнасці, якім замяняецца тэрміновая ваенная служба. Альтэрнатыўная служба датычыцца грамадзян, што прыгодныя да ваен. службы ва ўзбр. сілах, але па сваіх рэліг., пацыфісцкіх перакананнях або інш. прычынах не могуць прымяняць зброю і баявую тэхніку і адмаўляюцца ад ваен. службы. Грамадзяне, якія знаходзяцца на альтэрнатыўнай службе, працуюць санітарамі, даглядаюць састарэлых і інш. Альтэрнатыўная служба існуе ў многіх краінах (напр., Бельгіі, Галандыі, Германіі, Францыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ (ваен.),
вайсковае фарміраванне, у якое ўваходзяць некалькі злучэнняў або меншых па складзе аб’яднання, а таксама часцей і ўстаноў. Паводле складу і задач, якія вырашаюцца, бывае: стратэгічнае (узбр. сілы, кааліцыйныя аб’яднаныя ўзбр. сілы на тэатрах ваен. дзеянняў), аператыўна-стратэгічнае (фронт, група армій, флот), аператыўнае (армія, флатылія, эскадра, авіяцыя флоту і інш.), аператыўна-тактычнае (злучэнні і часці розных радоў войскаў, спецвойскаў і службаў аднаго віду ўзбр. сіл), тэрытарыяльнае агульнавайсковае (гл.Ваенная акруга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Іосіфавіч) (н. 21.11.1901, в. Малая Каменка Бабруйскага р-на Мінскай вобл.),
генерал-лейтэнант (1945). У 1921—24 вучыўся ў 1-й Аб’яднанай ваен. школе імя ВЦВК, скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік грамадз. вайны. У 1933—38 на дыпламат. рабоце. У Вял.Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах, 1-м Укр. франтах: камандзір дывізіі, корпуса. Да 1960 на адказных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАШО́Ў (Іван Міхайлавіч) (26.9.1911, г. Лепель Віцебскай вобл. — 8.5.1948),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Сталінградскае ваен.авіяц. вучылішча (1936), Ваен.-паветр. акадэмію (1943). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну камандзір штурмавога авіяпалка маёр Е. — удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны. У 1943 зрабіў 94 баявыя вылеты. У час аднаго з баёў трапіў у палон, уцёк, прабраўся да сваіх. Страціў нагу, але лятаў на баявыя заданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НДЗІН (Герман Капітонавіч) (15.12.1894, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 27.10.1961),
удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген. арміі (1948). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1941 нач. штаба Зах. фронту і войск Зах. напрамку, нам.нач. штаба Зах. фронту. З ліст. 1941 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба. З 1943 на фронце Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧУ́К (Рыгор Сяргеевіч) (24.1.1912, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 14.5.1944),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1936), Ваен.-марскую акадэмію (1942). У Чырв. Арміі з 1934. Камандзір самалёта лейт. П. вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40, калі ў час бамбардзіроўкі свой ахоплены полымем самалёт пасадзіў у тыле ворага і вывеў экіпаж за лінію фронту. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Загінуў пры выкананні баявога задання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗАВІ́ТАЎ (Канстанцін Барысавіч) (17.11.1893, г. Даўгаўпілс, Латвія — 23.5.1946),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916), Паўлаўскае ваен. вучылішча. Ўдзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917—18 нам. старшыні і сакратар ваен. аддзела Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Удзельнік абвяшчэння БНР (25.3.1918), чл. яе Рады, нар. сакратар ваен. спраў у 1-м урадзе БНР. У 1919 нач. канцылярыі Мін-вабел. спраў ва ўрадзе Літвы, кіраўнік Вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Па даручэнні ўрада БНР устанавіў дыпламат. адносіны з урадамі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, звяртаўся да ўрада ЗША з просьбай аб аказанні ваен. дапамогі БНР, вёў работу па арганізацыі бел. войска. У 1920 урад БНР прысвоіў Е. званне ген.-маёра. З 1921 у Рызе, займаўся публіцыстычнай, грамадска-паліт. і культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў. У 1923—24 дырэктар Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Удзельнік Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921) і Берліне (1925). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і латв. ўладамі. У жн. 1941 ва ўмовах ням. акупацыі стварыў і ўзначаліў у Рызе Бел.цэнтр.к-т (у 1942 пераўтвораны ў Бел.нац. аб’яднанне). На 2-м Усебел. кангрэсе (чэрв. 1944, Мінск) абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады, дзе ўзначаліў гал.ваен. ўпраўленне, быў ген. інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэр. Германіі. У чэрв. 1944 эвакуіраваўся ў Рыгу, у жн. 1944 — у Берлін. 26.4.1945 затрыманы сав. контрразведкай і перапраўлены ў Маскву, у ліст. 1945 — у Мінск. Памёр у турэмнай бальніцы ў час следства.