у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.
Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭ́РА (ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),
у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі быліАспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЎНЯ ШЫ́ЙНАЯ,
старажытнае ўпрыгожанне накшталт абруча з бронзы, білону, серабра, якое насілі на шыі (стараслав. — грыва). Вядома з 2-га тыс. да н.э., на Беларусі з ранняга жал. веку, у 9—13 ст. характэрна для славян і балтаў. З археал. раскопак вядомы пласціністыя (арнаментаваныя насечкамі, часта з падвескамі) і вітыя. Грыўні шыйныя сярэбраныя, зрэдку залатыя, былі адзнакамі ўлады. Асноўная знаходка Казярожскіх скарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАВЯ́ШКІ,
у беларусаў абутак з дрэва, які насілі вясной і восенню. Бытавалі ў 19 — пач. 20 ст. пераважна на Гродзеншчыне і на З Віцебшчыны (спарадычна трапляліся ў інш. рэгіёнах Беларусі). Былі 2 тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском і камбінаваныя туфлі на нізкім ці высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКЛО́ПЫ, цыклопы,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУРА́НТЫ»,
першыя рас. рукапісныя газеты ў 1600—1701. Складаліся ў невял. колькасці ў Пасольскім прыказе для інфармавання цара і Баярскай думы пра падзеі ў замежных краінах (дыпламат. зносіны, ваен. і ўнутрыдзярж. падзеі, копіі мірных дагавораў, прамовы каралёў, звесткі пра рэдкія прыродныя з’явы і інш.). Крыніцамі для іх складання былі замежныя друкаваныя матэрыялы, паведамленні рас. і замежных агентаў. Папярэднік рас. друкаванай газ.«Ведомости».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПІ́ФЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікае, ваяўнічае, роднаснае кентаўрам племя нашчадкаў Лапіфа — сына Апалона, што жыло ў гарах Фесаліі. Л. перамаглі кентаўраў, удзельнічалі ў многіх інш. міфалагічных падзеях, у т. л. ў паходзе арганаўтаў; іх цар Пірыфой быў назаўжды прыкаваны да скалы ў Аідзе за спробу (разам з Тэсеем) выкрасці адтуль багіню Персефону, былі пераможаны Эгіміем — сынам Дора (міфічнага родапачынальніка дарыйцаў), якому дапамог Геракл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІДЫ́ЙЦЫ,
індаеўрапейскі народ, блізкі персам. Займаў гіст. вобласць Мідыя, потым царства ў паўн.-зах. частцы Іранскага нагор’я. Упершыню ўпамінаюцца ў асірыйскіх летапісах у 2-й пал. 9 ст. да н.э. Жылі ва ўмовах ваен. дэмакратыі, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі развіты рамёствы. Веравызнанне М. — зараастрызм. Адыгралі значную ролю ў этнагенезе азербайджанцаў. Знешні выгляд М. магчыма ўявіць па фрызах г. Персепаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РАТ,
у беларусаў традыцыйная рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавай камеры, нацягнутай на драўляны каркас, падобны да аднагорлага буча. Былі пашыраны Н. двух тыпаў: у форме поўнага конуса (Палессе) і паўконуса (Паазер’е). Рыба ў Н. трапляе праз горла, якое перашкаджае ёй выйсці назад. З дапамогай тоўстага кала, які мацавалі да каркаса, Н. устанаўлівалі ў вадаёмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЯ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі 7 сясцёр, дачок Атланта і акіяніды Плеёны (дачкі Акіяна): Алкіёна, Меропа, Келена, Электра, Стэропа, Тайгета, Мая. Усе былі ў шлюбе з багамі, акрамя Меропы — жонкі Сізіфа. Паводле пашыранага міфа, П., каб выратавацца ад праследаванняў закаханага ў іх паляўнічага Арыёна, папрасілі дапамогі ў багоў. Багі ператварылі П. і Арыёна ў аднайм. сузор’і. Пераноснае значэнне слова «плеяда» — група выдатных людзей.