прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКА́НАЎ (Сабіт Муканавіч) (26.4.1900, саўгас імя Муканава Паўн.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 18.4.1973),
казахскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў казахскай сав. л-ры. Акад.АН Казахстана (1954). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1935).
Друкаваўся з 1922. У раманах «Сын бая» (1928), «Светлае каханне» (1931), «Загадкавы сцяг» (1938, у наст.выд. «Батагоз»), «Сыр-Дар’я» (1948), «Цалінныя хвалі» (1956) і інш. этапы гісторыі каз. народа. Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Школа жыцця» (1949—62, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1967), гіст.-біягр. рамана пра Ч.Валіханава «Метэор, які прамільгнуў» (кн. 1—2, 1967—70). Выступаў як літ.-знавец, крытык, нарысіст. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Х.Жычка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,
сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.
Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ ЗО́РКА,
надзвычай шчыльная, кампактная зорка, якая складаецца пераважна з нейтронаў. Утвараецца ў выніку выбухаў звышновых зорак, у якіх гравітацыйны калапс спыняецца ўзаемадзеяннем нейтронаў. Дыяметр 10—12 км, маса 1—2 сонечныя масы, шчыльн. рэчыва 1017кг/м³. У цэнтры Н.з. знаходзяцца гіпероны і мезоны, далей — нейтроны ў звышцякучым стане; вонкавы слой складаецца з надзвычай шчыльнай формы жалеза (цвёрды, таўшчыня каля 1 км, т-ра — да 1 млн. K). Мае вельмі магутнае магн. поле — больш за 1 мТл. Гіпотэза пра існаванне Н.з., выказаная ў 1930-я г., пацверджана ў 1967 адкрыццём пульсараў.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОНКАНФАРМІ́СТЫ,
члены англ. царкоўнай арг-цыі (прэсвітэрыяне, кангрэгацыяналісты, квакеры, метадысты, баптысты і інш.), якія не прызналі абрадаў дзярж.англіканскай царквы. Плыні Н. (інш. назвы «дысентэры» — што адступаюць ад афіц. веравызнання) узніклі ў 16 ст., тэрмін «Н.» з’явіўся пасля прыняцця ў 1662 англ. парламентам «Акта пра аднастайнасць». Першапачаткова Н. імкнуліся рэфармаваць англіканскую царкву ў духу кальвінісцкага пурытанізму. Аднак афармленне англіканства як «сярэдняга шляху» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам вымусіла іх адлучыцца ад дзярж. царквы і стаць у апазіцыю да яе. Ганенні на Н. асабліва ўзмацніліся пасля рэстаўрацыі манархіі ў 1660, калі шэрагам дзярж. актаў яны па сутнасці былі пастаўлены па-за законам і пачалі праследавацца. Многім з іх давялося эмігрыраваць, у т. л. ў Паўн. Амерыку. Законы, якія абмяжоўвалі грамадзянскія і паліт. правы Н., былі ў асноўным адменены ў 1828.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́ЕЎ (Ягор Яфімавіч) (25.4.1859, с. Харытонава Канакоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 23.11.1925),
рускі паэт. У 1868—1916 працаваў рабочым-шкловыдзімальшчыкам. Адзін з заснавальнікаў «Сурыкаўскага літ.-музычнага гуртка» ў Маскве. Друкаваўся з 1891. Асн. тэма зб-каў вершаў «Працоўныя песні» (1911), «Вячэрнія песні» (1913), «З песень старога рабочага» (1922), «Гута» (1928) — праца рабочых. Апавяданні і аповесці 1920-х г.пра цяжкае мінулае рабочых шклозаводаў. Выступаў як сатырык. Разам з І.Белавусавым, В.Брусавым, А.Карынфскім удзельнічаў у падрыхтоўцы першага на рус. мове зб. вершаў Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), для якога пераклаў вершы «Я мужык-беларус», «Касцу», «Мая хатка», «З песень беларускага мужыка» і інш. На рус. мову пераклаў таксама вершы Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІН (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (6.9.1906, г. Смаленск, Расія — 22.12.1982),
рускі пісьменнік, перакладчык. Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Спаборніцтва» (1933). Аўтар аповесці ў вершах «Чорныя гады» (1938), паэмы «Каця-Кацярына» (1941) і інш. Смаленшчыне прысвечаны паэт.зб-кі «У той год суровы» (1943), «У мяне на Радзіме» (1946). Апавяданні і аповесці 1950—60-х г.пра цаліну, людзей смаленскіх калгасаў, заводскае жыццё. На рус. мову пераклаў кнігі вершаў П.Броўкі «Вершы» (1947) і «Дарога жыцця» (1950), раманы А.Стаховіча «Пад мірным небам» (1949, з Я.Мазальковым), У.Карпава «Вясеннія ліўні» (1963), П.Пестрака «Серадзібор» (1964). На бел. мову яго верш «Масква, Крэмль» пераклаў К.Кірэенка.
Тв.:
Баллада о красной звезде // Вянок дружбы. Мн., 1961;
Самая счастливая: Рассказы и повести. Мн., 1966;
Бел.пер. — У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (13.10. 1852, г. Іркуцк, Расія — 25.11.1897),
расійскі гісторык архітэктуры, архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879). Акад. архітэктуры (1882). Чл. Маскоўскага археал.т-ва (1885). З 1888 заг. аддзела Аружэйнай палаты ў Маскве. Даследаваў помнікі архітэктуры і выяўл. мастацтва Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, рабіў іх навук. апісанні і замалёўкі. На 9-м археал. з’ездзе ў Вільні (1893) выступіў з дакладамі прастараж. помнікі мураванага і драўлянага дойлідства Віцебска і Полацка. Вызначыў, што зах. апсіды Полацкага Сафійскага сабора прыбудаваны пазней, падрабязна апісаў муроўку Віцебскай Благавешчанскай царквы і датаваў гэты помнік 12 ст. Аўтар манаграфіі «Гісторыя рускай архітэктуры» (1894). Праектаваў грамадскія будынкі ў Маскве.
Тв.:
Древние храмы Витебска и Полацка в г. Витебске // Тр. девятого Археол. съезда в Вільне, 1893. М., 1895. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КАМІТЭ́Т грамадская арг-цыя ў Паўночна-Заходнім краіРас. імперыі ў 1-ю сусв. вайну; адзін з Ваенна-прамысловых камітэтаў (ВПК). Створаны 19.7.1915 у Вільні на з’ездзе прадстаўнікоў мясц. камітэтаў (акрамя Віцебскага, які быў звязаны з Петраградскім ВПК). У яго абавязкі ўваходзілі збор і сістэматызацыя звестак пра фабрычна-заводскія, рамесныя, саматужныя прадпрыемствы і абслугоўваючыя іх арг-цыі, якія працавалі на патрэбы Зах. і часткова Паўн.-Зах. франтоў, а таксама размеркаванне паміж мясц. ВПК заказаў на дастаўку сыравіны, паліва і рабочай сілы. Садзейнічаў размяшчэнню на новых месцах эвакуіраваных прадпрыемстваў, афармляў заказы на вытв-сць паходных кухняў, хлебапякарняў, выконваў даручэнні Цэнтральнага ВПК. У сувязі з акупацыяй герм. войскамі зах. часткі Беларусі (восень 1915) Паўн.-Зах. ВПК пераехаў з Вільні ў Петраград і праіснаваў там да вясны 1916.