МАНАСО́МІЯ (ад мана... + грэч. sōma цела),

адсутнасць у храмасомным наборы клетак арганізма адной з парных храмасом. М. — вынік парушэнняў пры разыходжанні парных (гамалагічных) храмасом, прычына некаторых спадчынных хвароб (гл. Храмасомныя хваробы). Клетка ці арганізм, у якіх храмасома адна, наз. манасомікам. М. можа сустракацца і ў норме, напр., у самцоў некаторых конікавых адна палавая храмасома.

т. 10, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАТО́ННАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя сапраўднай пераменнай, якая пры нарастанні аргумента не расце ва ўсёй вобласці вызначэння (ненарастальная М.ф.) або не спадае (неспадальная М.ф.). Напр., функцыя y = x​3 з’яўляецца ўзрастальнай функцыяй. Дыферэнцыруемая на зададзеным інтэрвале функцыя з’яўляецца М.ф., калі яна мае ў кожным пункце вытворную, якая захоўвае пастаянны знак ва ўсім інтэрвале.

Да арт. Манатонная функцыя.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНІ́ЗМ [ад грэч. melas (melanos) чорны],

павелічэнне колькасці цёмнаафарбаваных асобін у папуляцыі. Чорная, карычневая, шэрая або рыжая афарбоўка вонкавага покрыва жывёл залежыць ад наяўнасці меланіну. Узнікае на генет. аснове і можа быць выкарыстаны натуральным адборам, калі цёмныя формы атрымліваюць перавагу перад светлымі, напр., узнікненне цёмных форм матылёў пры натуральным адборы ў забруджаных месцапражываннях (індустрыяльны М.).

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛІК-ШАХ, Малік-шах Абуль-Фатх Джалал-ад-дзін (жн. 1055 — ліст. 1092), правіцель (султан) Сельджукскай дзяржавы [1072—92]. Пры ім Сельджукская дзяржава дасягнула найб. магутнасці і ахоплівала тэрыторыю ад г. Кашгар ва Усх. Туркестане да Міжземнага м. Падпарадкаваў Караханідаў дзяржаву (1089). Спрыяў навукам і мастацтву, ажыццявіў рэформу календара. Пасля яго смерці дзяржава распалася.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НУА,

цар дзяржавы Урарту (правіў каля 810—786 ці 781 да н.э.). Вёў заваёўніцкія войны ў Закаўказзі і Паўн. Месапатаміі. Пры М. пабудаваны на паўн. схіле гары Арарат г. Менуахінілі, вялося буд-ва ў г. Тушпа (сучасны г. Ван, Турцыя), рэканструяваны т.зв. канал Семіраміды. Ад часу праўлення М. засталося больш за 100 урарцкіх клінападобных надпісаў.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЁРТВЫ ЛЁД»,

маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ АЛЬЯ́НС (МКА; International Cooperative Alliance),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў. Засн. ў 1895. Асн. мэты: развіццё каап. руху, супрацоўніцтва паміж каап. арг-цыямі розных краін. Аб’ядноўвае арг-цыі каля 80 краін, больш за 540 млн. чл. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТУЗ (Уладзімір Іванавіч) (18.2.1924, в. Бяланавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.9.1996),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Данскім, Паўд.-Зах., 2-м і 3-м Укр. франтах. Камандзір аддз. разведкі сяржант М. вызначыўся ў ліст. 1943 пры вызваленні Украіны, у жн. 1944 — Малдовы, у сак. 1945 — Венгрыі.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРУ́ЦКІ (Дзяніс Сільвестравіч) (18.10.1904, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. —4.10.1960),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Арлоўскую бранятанк. школу (1932). У Чырв. Арміі з 1926. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч вайну на фронце з 1941. Самаходны артыл. полк на чале з палк. Н. вызначыўся 14—17.1.1945 пры вызваленні Польшчы.

Дз.С.Наруцкі.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. naturalisation ад лац. naturalis прыродны, сапраўдны, законны) у біялогіі, поўнае ўжыванне новага для дадзенага біяцэнозу віду; выпрацоўка або замяшчэнне ім экалагічнай нішы ў згуртаванні. Суправаджаецца ўзнікненнем новых адаптацый, абумоўлена мяжой нормы рэакцыі арганізма. Генет. структура папуляцыі або віду пры гэтым не змяняецца. Звязана з акліматызацыяй і інтрадукцыяй.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)