Адбыўся 9—10 ліп.калямяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi),
Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш.каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМО́НАВЫ АСТРАВЫ́ (Solomon Islands),
дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае паўд.-ўсх.ч.Саламонавых астравоў, а-вы Санта-Крус і інш.Пл. 28,4 тыс.км². Нас. 466,2 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца англа-меланезійскі піджын (спрошчаная мова). Сталіца — г.Ханіяра на в-ве Гуадалканал. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 чэрв.).
Дзяржаўны лад. С.А. — канстытуцыйная манархія, чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978, паводле якой кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны Нац. парламент (з 50 чл., якіх насельніцтва выбірае на 4 гады). Урад краіны (Нац. кабінет) складаецца з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. На астравах (Гуадалканал, пл. 5,3 тыс.км², Малаіта, пл. 4,1 тыс.км²; Санта-Ісабель, пл. 3,7 тыс.км², Сан-Крыстобаль, пл. 3 тыс.км²; Шуазёль, пл. 2,6 тыс.км²; Нью-Джорджыя, пл. 1,8 тыс.км²) горы вышэй за 1000 м, на ўзбярэжжах — вузкія нізіны. Ёсць дзеючыя вулканы, участкі вапняковых плато і раўнін. Радовішчы баксітаў, золата, фасфарытаў, руд медзі, цынку, свінцу, нікелю. Клімат субэкватарыяльны, вельмі вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра 26—28 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2000—4300 мм. Шмат кароткіх горных рэк. Зімой бываюць моцныя ўраганы. Пад лесам (сандалавае дрэва, пальмы, фікусы і інш.) 88% тэр., на в-ве Гуадалканал участкі саваннаў, па берагах астравоў мангры. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай і малюскамі. Нац. парк Куін-Элізабет на в-ве Гуадалканал, некалькі рэзерватаў Астравы Нью-Джорджыя і Рэнел уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва (93%) — меланезійцы Саламонавых а-воў, падзяляюцца на дробныя народы і плямёны. Жывуць таксама папуасы, палінезійцы, мікранезійцы, невял. групы еўрапейцаў і кітайцаў. Мясц. насельніцтва размаўляе на 120 мовах і дыялектах. Вернікі пераважна англікане (34%), католікі (19%), баптысты (17%), прэсвітэрыяне (11%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены прыбярэжныя раёны (50—100 чал. на 1 км²). У гарадах 19% насельніцтва. У г. Ханіяра каля 45 тыс.ж. (2000). У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 24% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і будаўніцтве — 13%, у камерцыі, на транспарце і ў фінансах — 22%, у інш. абслуговых галінах —41%.
Гісторыя. С.А. заселены ў 2-м тыс. да н.э. продкамі меланезійцаў. Адкрыты ў 1568 ісп. мараплаўцам А.Менданьям дэ Нейра, зноў у 1767 англ. капітанам Ф.Картэрэтам. У 19 ст. насельніцтва С.А. моцна пацярпела ад еўрап. гандляроў рабамі, якія вывезлі многіх іх жыхароў для працы на плантацыях Аўстраліі і астравах Ціхага акіяна. З 1893—1900 б. частка С.А. — пратэктарат Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны Японіяй, у 1942—43 на в-ве Гуадалканал і на моры вакол яго адбылася адна з найб. бітваў паміж яп. і амер. войскамі і флатамі. У 1960 прынята канстытуцыя, паводле якой створаны заканад. і выканаўчы саветы. Новая канстытуцыя 1976 дала астравам унутр. самакіраванне. 7.7.1978 абвешчана незалежнасць С.А. Вострай праблемай краіны застаюцца этнічныя супярэчнасці. У маі 2000 у сталіцы С.А. адбыліся буйныя сутыкненні на этнічнай глебе. У краіне дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Кааліцыя сіл за нац. прымірэнне, Нар. саюзная партыя, Партыя нац. дзеяння С.А.
Гаспадарка. С.А. — слабаразвітая с.-г. краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 1,15 млрд.дол. (1998), каля 2600 дол. на чалавека. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 90 тыс.га зямлі, у т. л. 60 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі культурамі, 30 тыс.га пад пашай і лугамі. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур, якія належаць замежным кампаніям. Экспартныя культуры: какосавая і алейная пальмы, какава, імбір, карычнае і гваздзіковае дрэвы. Штогадовая вытв-сць копры каля 50 тыс.т, пальмавага алею каля 20 тыс.т. На свае патрэбы вырошчваюць ямс, тара, батат, бананы, арахіс, тытунь, сою, рыс, перац, фасолю, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба. Мясц. жыхары гадуюць свіней і птушак (у 2000—185 тыс. курэй). Ёсць некалькі буйных жывёлагадоўчых прадпрыемстваў, дзе трымаюць каля 25 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы. Рыбалоўства і промысел малюскаў. У 2000 вылаўлена 53,4 тыс.т рыбы (пераважна тунец і баніта). Прам-сць занята ў асн. перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1998). Ёсць прадпрыемствы рыбамаразільныя і рыбакансервавыя, па вытв-сці пальмавага алею, першаснай перапрацоўцы тытуню, апрацоўцы трэпангаў і спецый, швейныя, мукамольныя, хлебапякарныя, безалкагольных напіткаў. Развіты лесанарыхтоўка, лесапільная і дрэваапр.прам-сць. Мэблевыя ф-кі працуюць пераважна на ўнутр. рынак. Невял. здабыча баксітаў, фасфарытаў, медных і нікелевых руд. З рамёстваў найб. развіты разьбярства па дрэве, выраб сувеніраў з перламутру, цыновак, кошыкаў і лодак. Важнае месца займае замежны турызм (каля 20—25 тыс.чал. штогод, пераважна з Аўстраліі, ЗША, Новай Зеландыі, даход у 1998 склаў 13 млн.дол.). Транспарт пераважна марскі, гал. порт — г. Ханіяра. На астравах 1360 км аўтадарог, з іх толькі 34 км з цвёрдым пакрыццём. Для пасаж. сувязей выкарыстоўваецца авіятранспарт, у краіне 33 аэрапорты, у т. л.міжнар.каляг. Ханіяра. У 1996 экспарт склаў 184 млн.дол., імпарт — 151 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра, драўніна, пальмавы алей, рыба і рыбапрадукты; у імпарце — паліва, прамысл. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія (50% экспарту, 10% імпарту) і Аўстралія (42% імпарту). Краіна атрымлівае пастаянную эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый, а таксама ад Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — долар С.А.
Літ.:
Малаховский К.В. Соломоновы острова. М., 1978.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́ЗІЛЕНД (свазі Swatini, англ. Swaziland),
Каралеўства Свазіленд (свазі Umbuso we Swatini, англ. Kingdom of Swaziland), дзяржава ва ўнутр. частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн, З і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У — з Мазамбікам. Пл. 17,4 тыс.км². Нас. 1083,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы свазі і англійская. Сталіца — г.Мбабане, рэзідэнцыя караля і парламента — г. Лобамба. Краіна падзяляецца на 4 раёны. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, які ўзначальвае заканад. і выканаўчую ўлады. Вышэйшы заканад. орган краіны — двухпалатны парламент (лібандла), які складаецца з Нац. сходу (65 месц) і Сената (30 месц). Тэрмін дзейнасці парламента 5 гадоў. Выбары ў Нац. сход — двухступенныя (у 2-м туры 55 дэпутатаў выбіраюцца выбаршчыкамі, 10 назначаюцца каралём). 10 сенатараў выбіраюцца палатай сходу, 20 — назначаюцца каралём. Урад фарміруецца каралём.
Прырода. Паверхня — плато, якое паніжаецца на У да ўзбярэжжа Індыйскага ак. З прыступкамі шырынёй ад 20 да 80 км: Высокі Велд (выш. 1500—1000 м), Сярэдні Велд (800—400 м) і Нізкі Велд (300—150 м). Найвыш. пункт — г. Эмлембе (1862 м). На крайнім У горы Лебомба (выш. да 770 м). Ёсць радовішчы азбесту, жал. руды, каменнага вугалю і інш. Клімат субтрапічны. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 °C на Высокім Велдзе да 15 °C на Нізкім, лют. ад 23 да 25 °C. Ападкаў за год ад 500—700 мм на Нізкім Велдзе да 1400 мм на Высокім; выпадаюць пераважна летам. Рэкі горныя. Пераважае саванная расліннасць з акацыямі і баабабамі, на У — ксерафітныя хмызнякі. Пад лесам менш за 7% тэр., на схілах узгоркаў на Высокім Велдзе — хваёвыя лясы. Праводзяцца лесапасадкі. Жывёльны свет тыповы для саваннаў. З млекакормячых сустракаюцца буйвалы, антылопы, зебры, бегемоты. На У распаўсюджана муха цэцэ. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Афрыканцы складаюць 97% насельніцтва, у т. л. народы свазі — больш за 80% і зулу — каля 13%; 3% — англічане, афрыканеры, выхадцы з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў 60% хрысціян (пераважна католікі), 40% захоўваюць мясц.традыц. вераванні. Сярэднегадавы прырост 1,9% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 62 чал. на 1 км², больш шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены Сярэдні Велд. Гар. насельніцтва 26%. У г. Мбабане 47 тыс.ж. (2000), у астатніх гарадах каля 10 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці —10%, у абслуговых галінах — 30%. Значная ч. (да 30%) мужчынскага насельніцтва працуе ў ПАР (сезонна або пастаянна).
Гісторыя. Плямёны свазі засялілі тэр. С. ў канцы 18 ст. У 1820—30-я г. іх правадыр Сабхуза I стварыў цэнтралізаваную дзяржаву свазі, якая ў сярэдзіне 19 ст. дасягнула пэўнага росквіту пры яго пераемніку Мсваці I. У 1894 яна далучана да Трансвааля. Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902 у 1903 створаны асобны брыт. пратэктарат С. з 1964 краіна атрымала самакіраванне, 6.9.1968 абвешчана незалежнасць Каралеўства С. Паводле канстытуцыі 1968 усталяваны рэжым парламенцкай манархіі. Пасля парламенцкіх выбараў 1973, на якіх поспех мела апазіцыя, кароль Сабхуза II [1921—82] скасаваў канстытуцыю, распусціў парламент і забараніў паліт. партыі. Новая канстытуцыя 1979 сканцэнтравала дзярж. ўладу ў руках караля, абмежавала паўнамоцтвы парламента і забараніла дзейнасць партый.
У 1990-я г. актывізавалася дзейнасць дэмакр. апазіцыі, арганізаваныя ёю нар. выступленні прымусілі караля Мсваці III [з 1982] ажыццявіць пэўную дэмакратызацыю паліт. жыцця. С. — чл.ААН (з 1968), Арг-цыі афр. адзінства.
Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна з вял. уплывам замежнага (пераважна паўд.-афр.) капіталу. Кіраўніцтва краіны праводзіць курс на стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 4 млрд.дол. (1998), па 4,2 тыс.дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 42% ВУП, у сельскай гаспадарцы 10%, у абслуговых галінах — 48%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 200 тыс.га, пад пашай каля 1,1 млн.га. Арашаецца каля 70 тыс.га зямлі. Вылучаюцца афр. і еўрап. сектары. Афрыканцы пераважна вядуць паўнатуральнае матычнае земляробства, памер іх гаспадарак каля 1 га, вырошчваюць кукурузу, сорга, пшаніцу, бабовыя, агародніну. Таварная экспартная прадукцыя вырошчваецца на плантацыях і буйных фермах: цукр. трыснёг (каля 500 тыс.т цукру штогод), бавоўнік, тытунь, рыс, цытрусавыя і ананасы. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы 652, коз 439. Асн. раёны жывёлагадоўлі Высокі і Сярэдні Велд. Птушкагадоўля (у 1997—980 тыс. курэй). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (цукр., безалкагольных напіткаў, малочныя, мясныя, мукамольныя, алейныя і інш.), дрэваапрацоўчыя, тэкст., швейныя, хімічныя. У г. Мбабане — металаапр. прадпрыемствы, у г. Манзіні — зборка тэлевізараў з імпартаваных частак. Лесанарыхтоўкі. Пашыраны саматужная і паўсаматужная апрацоўка скур, вытв-сць тканін, адзення і абутку, ганчарных вырабаў, драўляных прадметаў хатняга побыту, сувеніраў. Вытв-сць электраэнергіі 420 млн.кВт∙гадз (1998), у т. л. 50,6% на ГЭС, 49,4% на цеплавых электрастанцыях, імпартавана з ПАР 571 млн.кВт∙гадз. Здабыча азбесту (у асобныя гады 4-е месца ў свеце), жал. руды, каменнага вугалю. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. У С. 3,8 тыс.км аўтадарог, 297 км чыгункі. Для знешнегандл. зносін вял. значэнне маюць парты Дурбан (ПАР) і Мапуту (Мазамбік). У краіне 18 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорт каляг. Манзіні. У 1998 экспарт склаў 972 млн.дол., імпарт — 1,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць цукар (40% па кошце), азбест, канцэнтраты безалкагольных напіткаў, драўніна, бавоўна, фрукты; у імпарце — прамысл. і спажывецкія тавары, збожжа, паліва, хімікаты. Асн.гандл. партнёры: ПАР (58% экспарту, 96% імпарту), краіны Еўропы, Японія. Турызм (каля 250 тыс.чал. штогод пераважна з ПАР, даход каля 40 млн.дол.). Важнае эканам. значэнне маюць грашовыя пераводы грамадзян С. з-за мяжы. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ПАР і Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — лілангені.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУЛЕ́Й ((Apuleius) Луцый) (каля 125, г. Мадаўра, Паўн. Афрыка — каля 180),
старажытнарымскі пісьменнік, аратар. Адукацыю атрымаў у Карфагене і Афінах. З яго літ. спадчыны дайшла невял. частка: авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» («Залаты асёл») у 11 кнігах з устаўнымі навеламі (у т. л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), у якім рэаліст. і сатыр. малюнкі з жыцця рымскай правінцыі 2 ст.н.э. спалучаюцца з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін з першых псіхал. раманаў у еўрап. л-ры; «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі»; зб. урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Фларыды»; навукова-філас. трактаты і інш. На бел. мову «Метамарфозы» пераклаў П.Бітэль.
Тв.:
Бел.пер. — Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою...: Раманы. Мн., 1991;
Рус.пер. — «Метаморфозы» (и другие сочинения): Пер. с лат.М., 1988.
Ілюстрацыя М.Селешчука да рамана Апулея «Залаты асёл». Мінск. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).
Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаны Баркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст.каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),
заліў у Атлантычным ак.калязах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл.каля 194 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш.Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, Сен-Назер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБІНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Існаваў у 2-й пал. 16 — 2-й пал. 19 ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Пл. больш за 200 га. На пач. 17 ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац «Кансаляцыя», персіярня. Цэнтрам кампазіцыі быў 2-павярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны 2 вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў.
У паўн.-зах. частцы ансамбля размяшчаліся «звярынец» (пл.каля 90 га) і фазанавае поле (пл.каля 65 га), у цэнтры — круглы вадаём з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога сыходзіліся 8 каналаў. Пры рэканструкцыі ансамбля ў 1780-я г. (арх. Л.Лутніцкі, К.Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя. На набярэжнай вял. канала стаяў драўляны касцёл св. Тройцы (з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, 12 разнымі алтарамі) і званіца. Пабудовы ансамбля не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 36—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЕВЫЯ ІМХІ́, брыіды,
зялёныя імхі (Bryidae),
падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.
Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;
Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).