О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.Хемінгуэя і Ф.С.Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.

Тв.:

Бел. пер. — Паляўнічы. Мн., 1996;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986;

Подлинная история плеваки Мак-Фи. М., 1992.

Літ.:

Балашов П.С. Джеймс Олдридж. 2 изд. М., 1977.

Е.А.Лявонава.

Дж.Олдрыдж.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДЫНГТАН ((Aldington) Рычард) (8.7.1892, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 27.7.1962),

англійскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік л-ры т.зв. страчанага пакалення. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. З 1939 жыў у эміграцыі (ЗША, Францыя). Літ. дзейнасць пачаў як паэт у рэчышчы імажызму (зб-кі «Імажысты», 1914; «Вобразы старыя і новыя», 1916, і інш.). Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Смерць героя» (1929) пра злачыннасці вайны і лёс «страчанага пакалення». Раманы «Дачка палкоўніка» (1931), «Усе людзі — ворагі» (1933), «Жанчыны павінны працаваць» (1934), «Сапраўдны рай» (1937), «Сямёра супраць Рыўза» (1938), «Непрыняты госць» (1939) пра трагічныя наступствы 1-й сусв. вайны, лёс пасляваен. пакалення, становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве, узаемаадносіны «бацькоў і дзяцей». Аўтар зб. апавяд. «Шляхі да славы» (1930), паэмы «Крыштальны свет» (1937), раманізаваных біяграфій Д.Г.Лорэнса, Р.Л.Стывенсана і інш. Яго творчасць адметная спалучэннем лірычна-спавядальнага з натуралістычным і сатырычна-гратэскавым. Перакладаў з франц. і італьян. моў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1988—89.

Літ.:

Урнов М.В. Ричард Олдингтон. М., 1968;

Ричард Олдингтон: Биобиблиогр. указ. М., 1965.

Е.А.Лявонава.

Р.Олдынгтан.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕНГЕЙМЕР ((Oppenheimer) Роберт) (22.4.1904, Нью-Йорк — 18.2.1967),

амерыканскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл. Нац. А́Н ЗША (1941), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1925). З 1929 у Каліфарнійскім ун-це, адначасова ў Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1936 праф.). У 1943—45 кіраваў стварэннем амер. атамнай бомбы. З 1947 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане (у 1947—66. дырэктар). У 1947—52 старшыня ген. кансультатыўнага к-та Камісіі па атамнай энергіі ЗША. За выступленне супраць стварэння вадароднай бомбы ў 1954 адхілены ад сакрэтных работ. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці, фізіцы касм. прамянёў і тэарэт. астрафізіцы, тэорыі элементарных часціц. Распрацаваў квантавую тэорыю будовы двухатамных малекул (разам з М.Борнам; 1927), тэорыю ядз. рэакцыі зрыву (працэс О.—Філіпса; 1935), каскадную тэорыю касм. ліўняў (1937), першую мадэль нейтроннай зоркі (1938). Прэмія імя Э.Фермі 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Летающая трапеция. Три кризиса в физике. М., 1967.

Літ.:

Рузе М. Роберт Оппенгеймер и атомная бомба: Пер. с фр 2 изд. М., 1965.

М.М.Касцюковіч.

Р.Опенгеймер.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР ЗІМІНА́,

«Опера С.І.Зіміна», прыватны тэатр Расіі. Існаваў у 1904—17 у Маскве. Развіваў традыцыі Маскоўскай прыватнай рускай оперы. Адкрыты спектаклем «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава на сцэне т-ра «Акварыум». Пазней спектаклі ставіліся на розных сцэнах. Уключаў хор, аркестр, балетную трупу. Пастановачнымі працэсамі кіраваў Зімін, гал. рэж. т-ра (з 1907) П.Аленін. У рэпертуары пераважалі забытыя айч. творы і навінкі рус. і замежнай музыкі.

У розны час у т-ры працавалі: спевакі М.Бачароў, В.Дамаеў, М.Данец, Ю.Кіпарэнка-Даманскі, В.Пятрова-Званцава, М.Спяранскі, А.Цвяткова, Н.Ярмоленка-Южына, рэжысёры А.Іваноўскі, Ф.Камісаржэўскі, А.Пятроўскі, муз. кіраўнікі — М.Іпалітаў-Іванаў, М.Багрыноўскі, Э.Купер, А.Пазоўскі, І.Паліцын, Я.Плотнікаў, Ю.Слівінскі. Спектаклі афармлялі мастакі І.Білібін, А.Васняцоў, А.Галавін, П.Канчалоўскі, С.Малюцін, В.Паленаў, М.Рэрых. В.Сяроў, Ф.Федароўскі і інш. На сцэне т-ра выступалі вакалісты Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, М.Батыстыні, Дж.Ансельмі, М.Гай, Л.Кавальеры, Ціта Руфа, балерына М.Кшасінская і інш. З 1917 дзярж. т-р (у 1919—20 Малая дзярж. опера, у 1921 Т-р муз. драмы, у 1922—24 акц. т-ва «Першая свабодная опера С.І.Зіміна»).

Літ.:

Боровский В. Московская опера С.И.Зимина. М., 1977.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯНАЛО́ГІЯ (ад акіян + ...логія),

акіянаграфія, сукупнасць навуковых дысцыплін аб фізічных, хімічных, геалагічных і біялагічных працэсах у Сусветным акіяне. Гал. задачы акіяналогіі: высвятленне агульных заканамернасцяў прыроды акіяна, вывучэнне трансфармацыі і абмену рэчываў і энергіі ў акіянскіх водах і ахова іх ад забруджвання, выкарыстанне харчовых, хім. і энергет. рэсурсаў акіяна, распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў надвор’я на Зямлі, папярэджанне катастрафічных з’яў, звязаных з акіянамі, забеспячэнне эфектыўнасці і бяспекі надводнага і падводнага мараплавання.

Першымі даследчыкамі акіянаў былі стараж. мараплаўцы. Стараж.-грэч. вучоныя Герадот, Арыстоцель, Гіпарх і інш. выказвалі меркаванні аб адзінстве Атлантычнага і Індыйскага акіянаў, кругавароце вады ў прыродзе, прылівах і інш. з’явах. Перыяд інтэнсіўнага вывучэння звязаны з эпохай Вял. геагр. адкрыццяў (сярэдзіна 15—18 ст.; Х.Калумб, Ф.Магелан, Дж.Кук і інш.). Важныя вынікі атрыманы рус. Антарктычнай экспедыцыяй Ф.Белінсгаўзена і М.Лазарава на суднах «Усход» і «Мірны» (1820) і першай комплекснай акіянаграфічнай экспедыцыяй на карвеце «Чэленджэр» (1872—76; Дж.Мерэй склаў першую карту акіянскіх глеяў). Даследаванні розных ч. Сусветнага ак. праводзілі С.Макараў на «Віцязі» (1886—89) і ледаколе «Ярмак» (1899, 1901), Ф.Нансен на «Фраме» (1891—96), ням. экспедыцыя на «Метэоры» (1925—27), Антарктычная англ. экспедыцыя на «Дысковеры 11» (1929—39) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны акіяналогія становіцца адной з важных навук у сувязі з пачаткам выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна. Даследаванні акваторыі акіяна, складанне схемы рэльефу дна праводзяць н.-д. экспедыцыі розных краін (амер. з 1956 «Віма», з 1957 «Атлантык»; рус. з 1957 «Віцязь», з 1967 «Акадэмік Кніповіч», з 1974 «Дзмітрый Мендзялееў» і інш.). Грунтуецца акіяналогія на фактычных даных вымярэнняў, атрыманых з суднаў надвор’я, дрэйфуючых аўтам. гідраметэаралагічных станцый і акіянаграфічных платформаў, штучных спадарожнікаў Зямлі і падводных лабараторый. У сучаснай акіяналогіі пашыраны матэм мадэліраванне фіз., хім. і біял. працэсаў, даследаванне зменлівасці іх на падставе тэорыі імавернасці і матэм. статыстыкі.

Фізіка акіяна даследуе фіз. працэсы ў акіянскіх і марскіх водах, заканамернасці ўзаемадзеяння акіяна і атмасферы; хімія акіяна вывучае хім. ўласцівасці, састаў, фіз. і хім. працэсы водаў; геалогія акіяна — паходжанне ложа акіяна, яго эвалюцыю і будову, рэльеф дна, заканамернасці ўтварэння карысных выкапняў; біялогія акіяна — жывёльны і раслінны свет акіянаў і мораў, фарміраванне біял. прадукцыйнасці акіянскіх і марскіх водаў. Вылучаюць акіяналогію рэгіянальную, якая займаецца фізіка-геагр. і эканоміка-геагр. даследаваннем акіянаў і мораў; прамысловую, звязаную з акіяналагічным забеспячэннем марскіх промыслаў; спадарожнікавую (касмічную), якая атрымлівае вымярэнні разнастайных параметраў акіяна са штучных спадарожнікаў. Акіянскія даследаванні каардынуюцца Навук. к-там па акіянскіх даследаваннях, Міждзярж. акіянаграфічнай камісіяй пры ЮНЕСКА, нац. гідраметэацэнтрамі і н.-д. ін-тамі.

А.М.Вітчанка.

т. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),

навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.

У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.П.Пратасаў), будовы нырак (А.М.Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.І.Пірагоў), рус. анат. тэрміналогіі (М.І.Шэін). У 19 ст. засн. першая рус. анат. школа (П.А.Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.М.Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.С.Лесгафта, Дз.М.Зёрнава, У.А.Беца, В.П.Вараб’ёва, У.М.Танкова, Дз.А.Жданава, Б.М.Долга-Сабурава і інш.

На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.І.Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.М.Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.С.Леанцюк, А.П.Амвросьеў, П.І.Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.І.Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.І.Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.М.Габузаў). Існуе навук. т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.

Літ.:

Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;

Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.

П.І.Лабко.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),

славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж. бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав. нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.

Тв.:

O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;

Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;

Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.

Літ.:

Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;

Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.

Л.А.Малаш-Аксамітава.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВЯЗДА́»,

штодзённая грамадска-паліт. газета. Заснавальнікі — Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нац. сходу і СМ Рэспублікі Беларусь. Першы нумар выйшаў 27.7(9.8).1917 у Мінску на рус. мове, з 1925 матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах, са жн. 1927 — на бел. мове. Спачатку выдавалася як орган Мінскага, з кастр. 1917 — Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б). Арганізатары і першыя рэдактары В.Г.Кнорын, К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, В.В.Фамін, М.В.Фрунзе. Двойчы забаранялася Часовым урадам, але выходзіла пад назвамі: з 15(28).9.1917 «Молот», з 8(21).10.1917 «Буревестник», з 1(14).11.1917 пад назвай «Звезда». Рэзка крытыкавала пазіцыі Часоваіа ўрада, прапагандавала праграму РСДРП(б), змяшчала матэрыялы з’ездаў і канферэнцый бальшавікоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 асн. ідэалаг. і прапагандысцкі орган бальшавіцкай партыі. У сувязі з акупацыяй Беларусі германскімі войскамі з лют. 1918 выдавалася ў Смаленску як газета Паўн.-Зах. абл. і Смаленскага губ. к-таў РКП(б). Са снеж. 1918 зноў пачала выходзіць у Мінску. 3 сак. 1919 орган ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, 1—19.4.1919 выходзіла ў Вільні, з 1.5 да 8.8.1919 — зноў у Мінску. У час польскай акупацыі Беларусі з восені 1919 выдавалася ў Смаленску, штотыднёвік, з 8.8.1920 — у Мінску. У 1920—30-я г. асн. ўвагу аддавала дзейнасці камуніст. партыі, асвятляла пытанні калектывізацыі, індустрыялізацыі, культ. буд-ва. У пач. Вял. Айч. вайны ў выніку акупацыі Мінска выдавалася ў Магілёве, Гомелі (да ІЗ.8.1941). У маі—вер. 1942 выдавалася нелегальна як орган Мінскага падп. к-та КП(б)Б (выйшлі 4 нумары); з 27.1.1943 да 1.7.1944 выдавалася ў зоне дыслакацыі партыз. злучэнняў на Міншчыне як орган ЦК КП(б)Б і Мінскага абкома КП(б)Б (выйшлі 93 нумары). З 10.7.1944 выдаецца ў Мінску, да жніўня 1991 орган ЦК КПБ, Вярх. Савета і СМ БССР. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Змяшчае заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па праблемах маралі, права, навукі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, навіны спорту. У 1993—94 выдавала дадатак «Чарнобыль», з 1995 — дадатак «Экалогія — чалавек».

Літ.:

Булацкий Г.В. Печать Белоруссии в период завершения социалистической реконструкции народного хозяйства республики (1933—1937). Мн., 1960;

Дастанка М.Е. Газета «Звязда» ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 — май 1945 гг.). Мн., 1970;

Наша «Звязда» 1917—1967 гг. Мн., 1968;

На ніве працы і змагання. Мн., 1977.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́НА (Янка) (сапр. Неслухоўскі Іван Люцыянавіч; 6.7.1851, Мінск — 16.7.1897),

бел. паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це на матэм. ф-це (1870—71), скончыў Пецярбургскі тэхналаг. ін-т (1877). У 1877—79 працаваў у чыг. майстэрнях Тыфліса, потым — у тэхн. бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Упершыню выступіў у друку ў 1886. Пісаў на бел., польск., рус. мовах. Друкаваўся ў газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» пад рэд. А.Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках «Głos Polski» («Польскі голас»), «Kłosy» («Калоссе»), «Kraj» («Край»), «Prawda» («Праўда»), «Życie» («Жыццё») і інш. Творчасць Л. выяўляла розныя ўзроўні маст. асэнсавання бел. рэчаіснасці 1880—90-х г., але была мэтанакіраванай у дэмакр. сцвярджэнні ідэалу свайго часу. Прадаўжаючы эстэт. традыцыі л-ры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён заставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэаліст. і рамант. пачаткі. Тэматычна яго паэзія звязана пераважна з жыццём бел. вёскі; гал. яе герой — селянін як найб. варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Не прымаў бурж. стасункаў у грамадстве, разам з тым верыў у асветніцкі, тэхн. прагрэс, народжаны часам. Супярэчнасць у поглядах абумовіла яго ўвагу да ўнутр. перажыванняў асобы. Паэзіі Л. ўласцівы мяккі лірызм, роздумнае паглыбленне ў псіхал. стан чалавека. Яна спрыяла развіццю бел. філас. лірыкі. Польскамоўная паэма «Паляўнічыя акварэлькі» і бел. аўтапераклад яе раздзела «Стары паляўнічы» адкрылі перад бел. паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нац. эпічных твораў («Новая зямля» Я.Коласа і інш.). У нарысе «З крывавых дзён» (1889) Л. ўзнаўляе карціны паўстання 1863—64 на Міншчыне. Пяру Л. належыць драматургічны абразок без назвы. Збіраў бел. фальклор і дасылаў яго П.Шэйну. Перакладаў з польск. мовы на бел. (У.Сыракомлю) і рускую (У.Сыракомлю, А.Асныка), з рус. на польскую (І.Крылова, М.Някрасава, В.Чуміну-Міхайлаву і інш.), з ням. (Г.Гейнэ), стараж.-грэч. (Гамера). Польскія творы Л. на бел. мову пераклалі М.Арочка, Р.Барадулін, М.Клімковіч, У.Мархель, М.Машара, П.Пестрак, Г.Тумаш, К.Цітоў, І.Чыгрын і інш.

Тв.:

Poezye. Warszawa, 1898;

Выбр. творы. Мн., 1953;

Вязанка. Пб., 1903 (факс. выд. Мн., 1992);

Творы. Мн., 1988.

Літ.:

Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;

Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;

Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Там жа. 1976. № 8;

Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990. С. 143—176;

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993.

У.І.Мархель.

Я.Лучына.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.М.Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)