ГОМАЛАГІ́ЧНЫЯ ХРАМАСО́МЫ,

парныя, адпаведныя храмасомы, якія маюць аднолькавы набор генаў, падабенства марфалагічных прыкмет і нармальна кан’югіруюць у меёзе. У дыплоідным наборы храмасомы прадстаўлены парамі гомалагічных храмасом, пры гэтым адна з іх прыўнесена мужчынскай гаметай, другая — жаночай. Гомалагічныя храмасомы могуць адрознівацца алелямі генаў і абменьвацца ўчасткамі ў працэсе кросінговеру.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС ФАРЭНГЕ́ЙТА,

адзінка тэмпературы. Абазначаецца °F. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: т-ра плаўлення лёду (32 °F) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (212 °F). Традыцыйна выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр. у ЗША. Прапанаваны ням. фізікам Д.​Г.​Фарэнгейтам у 1724. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНА́Т (ад лац. dominatus панаванне),

неабмежаваная манархія, устаноўленая ў Стараж. Рыме замест прынцыпату ў часы імператара Дыяклетыяна [284—305]. Д. характарызаваўся ўзмацненнем абсалютнай улады імператара, якому надаваліся рысы бажаства. Сенат страціў самаст. паліт. значэнне. Пры двары быў уведзены цырыманіял на ўсх. ўзор (напр., знакі пашаны імператару аказваліся стоячы на каленях).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛАТА,

1) ручны або станочны дрэваапрацоўчы інструмент (разец) для выдзёўбвання адтулін, гнёздаў, пазоў і інш. Станочныя Д. бываюць полыя, з свердлам унутры (для свідравальна-даўбёжных станкоў), ланцугова-даўбёжныя і інш. 2) Інструмент, які выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным свідраванні адтулін (гл. ў арт. Буравы інструмент).

Долата буравое шарошкавае.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МНЫЯ ЧЫНЫ́,

службовыя асобы ў Рускай дзяржаве ў канцы 15—17 ст. — баяры, акольнічыя, думныя дваране і думныя дзякі, якія мелі права ўдзельнічаць у пасяджэннях Баярскай думы і ў рабоце думскіх камісій. Д. ч. займалі вышэйшыя пасады пры двары, удзельнічалі ў дыпламат. перагаворах, разбіралі месніцкія спрэчкі і інш.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. deletio знішчэнне),

тып храмасомнай перабудовы, у выніку якой выпадае ўнутр. ўчастак генет. матэрыялу. Плячо храмасомы з вял. Д. становіцца карацейшым, а сегмент, што выпаў, можа ўтварыць ацэнтрычнае кальцо, якое пры дзяленні клеткі знішчаецца (элімінуецца). Памеры Д. ад некалькіх нуклеатыдных пар да фрагментаў, што маюць некалькі генаў.

т. 6, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ЦІН (Яфім Ізраілевіч) (2.9.1913, г. Магілёў — 23.8.1965),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскае ваен.-паліт. вучылішча імя Энгельса (1944). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1942 на Варонежскім, Сцяпным франтах. Мінамётны ўзвод на чале з сяржантам З. вызначыўся 24—25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг (Украіна).

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЖА́,

від ападкаў атмасферных у выглядзе вельмі дробных (дыяметр менш за 0,5 мм) кропель дажджу. Выпадае з слаістых, слаіста-кучавых воблакаў і туману. Пры адмоўных т-рах І. можа выпадаць у пераахалоджаным стане, замярзаць на паверхні зямлі і ўтвараць галалёдзіцу. На тэр. Беларусі бывае 20—40 сут за год.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМХАТЭ́П старажытнаегіпецкі архітэктар, вучоны, вярхоўны саноўнік (каля 28 ст. да н.э.). Жыў у г. Мемфіс. Кіраўнік усіх буд. работ пры фараоне Джосеры. Стварыў новы тып велічнай царскай грабніцы — ступеньчатую піраміду (выш. 60 м) і памінальны храм Джосера ў Сакары. Першы дэкарыраваў пабудовы паўкалонамі развітых маст. форм.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДРАВАЯ СІСТЭ́МА, кадравая пабудова,

сістэма арганізацыі ўзбр. сіл, заснаваная на ўтрыманні ў іх у мірны час мінімальнай колькасці кадравых злучэнняў і часцей, якія папаўняюцца пры мабілізацыі да штатаў ваен. часу шляхам прызыву абучаных кантынгентаў з запасу. Упершыню ўведзена ў Прусіі ў 1814, потым паступова і ў інш. краінах.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)