узаемадзеянне сістэм зараджаных часціц, абумоўленае квадрупольным момантам гэтых сістэм (гл.Квадруполь). Істотнае для сістэм, кожная з якіх мае поўны эл. зарад і дыпольны момант, роўныя нулю, напр. для двухатамных малекул, што складаюцца з аднолькавых атамаў. Квадрупольны момант (вылічваецца метадамі квантавай механікі) маюць таксама многія атамныя ядры, у эл. зарадзе якіх адсутнічае сферычная сіметрыя. У ядз. фізіцы К.ў. ўлічваецца пры ўзбуджэнні ядраў (з нулявым дыпольным момантам) кулонаўскім полем часціц, якія налятаюць на іх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНА́ЗЫ, фосфатрансферазы,
ферменты класа трансфераз, што каталізуюць рэакцыі пераносу фасфарыльнага астатку ад адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ), радзей ад інш. нуклеазідтрыфасфатаў, на субстраты. Удзельнічаюць у фасфарыліраванні нізкамалекулярных злучэнняў (глюкоза, вітаміны) і бялкоў. Рэакцыі пераносу К.
ажыццяўляюць з затратай энергіі АТФ (неабарачальныя рэакцыі) і без затраты (абарачальныя рэакцыі). Прысутнічаюць ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў рэгуляцыі абмену рэчываў. Вядома каля 200 К. Вызначэнне актыўнасці крэацінкіназы ў сываратцы крыві выкарыстоўваюць у дыягностыцы інфаркту міякарда і міяпатый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯГІ́НІН, Княгініна,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 100 км ад Мінска. 1056 ж., 456 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла рас. салдат, што загінулі ў час Нарачанскай аперацыі 1916. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КАН (франц. cocon),
ахоўнае ўтварэнне кукалак многіх насякомых. Звычайна К. сплецены з шаўковай ніткі, што выдзяляецца лічынкай перад акукліваннем (у многіх коканапрадаў, молей і шаўкапрадаў, а таксама ў некат. відаў мурашак, К. якіх няправільна называюць «мурашынымі яйцамі»), або з слізі, якую выдзяляюць лічынкі некат. жукоў. Несапраўдныя К. (або пупарыі) многіх мух — скуркі лічынак, якія засталіся пасля лінькі. Дажджавыя чэрві, п’яўкі, павукі і некат. малюскі ўтвараюць т.зв. яйцавыя К., унутры якіх развіваюцца яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛА»,
«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),
статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ТНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,
адзін з законаў стэхіяметрыі. калі 2 хім. элементы ўтвараюць паміж сабою некалькі злучэнняў, то масы аднаго элемента, што прыпадаюць на адзінку масы другога, адносяцца як цэлыя (звычайна невялікія) лікі. Напр., у аксідах азоту NO і NO2 на 1 масавую частку (мас. ч.) азоту прыпадае адпаведна 1,14 і 2,28 мас. ч. кіслароду; адносіны паказаных мас. ч. кіслароду роўныя 1:2. К.а.з. строга выконваецца для стабільных газападобных злучэнняў. Адкрыты Дж.Дальтанам у 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́ВАЯ ПО́МСТА,
звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦВЕ́Т (Lycopsis),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй Еўропе, Міжземнамор’і і Сярэдняй Азіі. На Беларусі — К. палявы (L. arvensis, нар. назвы калючнік, пакравец, страснік, сушанік).
Трапляецца на палях, засмечаных мясцінах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 30—50 см. Сцябло прамое, укрытае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, па краі хвалістае, з рэдкімі шчацінкамі. Кветкі блакітныя, правільныя, сабраныя ў моцнааблісцелыя завіткі. Плод — чатырохарэшак. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ГА,
бел.традыц. прылада для лоўлі рыбы ў неглыбокіх зарослых месцах. Складалася з двух палазоў і шаста (дзеда), да якіх прымацоўвалася сетка з тоўстых нітак або рэдка сатканае палатно.
Канцамі палазы злучаліся так, што маглі ўтварыць любы вугал. Рыбу лавілі ўтрох: двое трымалі К. за сагнутыя канцы палазоў і цягнулі яе, трэці пры дапамозе шаста прыціскаў палазы да дна. Каб праверыць улоў, палазы зводзілі і прыўзнімалі К. над вадой.