РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз. ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз. рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́СНА,

вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДЗЕНСК,

гарадскі пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Асіповічы; вузел аўтадарог на Вузляны, Дукору, Праўдзінскі. За 22 км ад Мар’інай Горкі (цэнтр раёна), 41 км ад Мінска. 3 тыс. ж. (2000).

У 19 ст. вёска ў Цітвянскай вол. Ігуменскага пав. З пабудовай у 1873 Лібава-Роменскай чыгункі — станцыя з пасёлкам. У 1888—14 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Смілавіцкага, з 8.7.1931 — Пухавіцкага, з 12.2.1935 — Рудзенскага, з 6.7.1935 — Смілавіцкага, з 11.2 да 27.9.1938 — Рудзенскага р-наў. З 12.2.1935 да 20.1.1960 цэнтр Рудзенскага раёна (з 6.7.1935 да 11.2.1938 раён быў перайменаваны ў Смілавіцкі). З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 30.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 4750 чал., дзейнічала Рудзенскае патрыятычнае падполле. З 20.1.1960 у Пухавіцкім р-не.

Працуюць з-д пластмасавых вырабаў, лясніцтва, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Радзіма пісьменніка М.Чарота.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),

навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.

Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.​Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.​Пеці, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Спенсер), ням. (І.​П.​Зюсмільх, В.​Лексіс, Г.​Ф.​Кнап, Р.​Р.​Кучынскі), франц. (А.​Дэпарсьё, Ж.​Бертыльён), амер. (Р.​Пірл, А.​Дж.​Лотка), галанд. (В.​Керсебом), швед. (П.​В.​Варгенцін), бельг. (А.​Кетле), рас. (Д.​Бернулі, М.​В.​Ламаносаў, Л.​Эйлер, І.​Ф.​Герман, К.​Ф.​Герман, В.​І.​Грабеншчыкоў, В.​Я.​Бунякоўскі, Г.​В.​Пляханаў, М.​В.​Птуха, С.​А.​Навасельскі) вучоныя.

На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.​І.​Галынец, А.​А.​Бекарэвіч, В.​В.​Кошалеў, С.​М.​Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.​Слупскі, Д.​М.​Паслаўскі, С.​Я.​Вальфсон, Б.​Я.​Смулевіч). У 1960—70-я г. гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац. АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.​І.​Спіжанкоў, Б.​А.​Манак, М.​Р.​Юркевіч, А.​Н.​Пешкава, Г.​Ц.​Максімаў, І.​В.​Насонава і інш.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,

спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.

Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).

Я.​Ф.​Шунейка.

Узоры беларускіх набіванак.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),

працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.

Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.

Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.

На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш. прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,

цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.​І.​Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л. ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял. Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.

Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНК Зах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі БССР (ВСНГ БССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНК БССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр. дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял. Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл. табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.

Літ.:

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;

Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг. Мн., 1956;

Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.

В.​Ф.​Кушнер.

Народныя камісарыяты БССР
Назва наркамата Калі існаваў
Замежных спраў снеж. 1920 — да канца 1922, з сак. 1944
Ваен. спраў снеж. 1920 — да канца 1922
Па справах нацыянальнасцей снеж. 1920 — да канца 1922
Унутр. спраў снеж. 1920 — снеж. 1930, з ліп. 1934
Юстыцыі са снеж. 1920
Працы снеж 1920 — вер. 1933
Сац. забеспячэння са снеж. 1920
Асветы са снеж. 1920
Фінансаў са снеж. 1920
Земляробства са снеж. 1920
Пошт і тэлеграфаў снеж. 1920—1922
Аховы здароўя са снеж. 1920
Рабоча-сялянскай інспекцыі снеж. 1920 — сак. 1934
Харчавання снеж. 1920 — крас. 1924
Вышэйшы савет нар. гасп. (да 1924 СНГ) снеж. 1920 — крас. 1932
Надзвычайная камісія (ЧК) снеж. 1920 — сак. 1922
Дзярж. паліт. ўпраўленне (ДПУ) сак. 1922 — ліп. 1934
Дзяржаўная планавая камісія з крас. 1923
Унутр. гандлю ліп. 1924 — май 1926
Знешняга і ўнутранага гандлю май 1926 — люты 1931
Гандлю з крас. 1938
Забеспячэння люты 1931 — вер. 1934
Камунальнай гасп. з ліп. 1931
Лёгкай прамысловасці крас. 1932 — вер. 1934, са снеж. 1936
Лясной прамысловасці са снеж. 1936
Збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў са снеж. 1936
Харч. прамысловасці са снеж. 1936
Мясной і малочнай прамысловасці з ліп. 1939
Тэкст. прамысловасці з вер. 1939
Мясц. паліўнай прамысловасці са жн. 1939
Мясц. прамысловасці з вер. 1934
Прамысловасці буд. матэрыялаў з ліп. 1939
Дзярж. кантролю з ліст. 1940
Меліярацыі з сак. 1941
Аўтамаб. транспарту з ліп. 1939
Дзярж бяспекі сак.жн. 1941, са снеж. 1943
Жыллёва-грамадзянскага буд-ва з кастр. 1944
Тэхн. культур са студз. 1946

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́ННЕ,

вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).

Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук. тэорыі.

Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.

Літ.:

Слемнев М.А. Лабиринты познания. Мн., 1988;

Теория познания: В 4 т. Т. 1—2. М., 1991;

Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;

Героименко В.А., Лазаревич А.А., Титаренко Л.Г. Знание. Компьютер. Общество Мн., 1992;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;

Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.

Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.

У сярэдзіне снеж 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.​Радзівіла і В.​Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.​Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.​Н.​Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач. кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛА́ХІЯ (Valahia),

гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст.слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст. самаст. феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)