ПЛА́ЎНА,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на У ад г. Докшыцы. У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 4 км², даўж. 3,45 км, найб. шыр. 1,75 км, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км. Пл. вадазбору 186 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя, забалочаныя, пад лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае. Востраў пл. 0,07 км², ёсць сплавінныя астравы. Мінералізацыя вады каля 120 мг/л, празрыстасць да дна. Дыстрофнае. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Рака Сергуч злучае П. з азёрамі Манец і Вольшыца.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.

Плешчаніцкае вадасховішча.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1920,

падпісаны 7 кастр. ў Сувалках (Польшча). Прадугледжваў частковае перамір’е паміж Польшчай і Літвой. Вызначыў дэмаркацыйную лінію паміж польскімі і літ. войскамі, згодна з якой Віленскі край заставаўся пад кантролем Літвы. Сарваны польскім бокам пасля таго, як войскі польскага ген. Л.​Жалігоўскага ўзнялі «бунт» і захапілі 9.10.1920 Вільню, дзе быў створаны ўрад Сярэдняй Літвы. У выніку ўзнік Віленскі канфлікт 1920—39.

Літ.:

Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партый і арганізацый (1920—1923 гг.) // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3;

Łossowski P. Konflikt polsko-litewski, 1918—1920. Warszawa, 1996.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЎСВІЖ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Эса, за 4 км на ПдУ ад г. Лепель. Пл. 0,41 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на ПнУ 15—20 м), разараныя, месцамі пад лугам. Берагі выш. да 0,5 м, на З нізкія, парослыя азёрна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Уздоўж зах. берага забалочаная пойма шыр. 70 м. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Упадаюць 2 меліярац. канавы.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАМАІ́НЫ (ад грэч. ptōma труп),

група рэчываў з т.зв. трупных ядаў. Да іх адносяцца кадаверын, путрэсцін, агмацін і інш. Утвараюцца з некат. амінакіслот (напр. арніцін, лізін) у выніку расшчаплення бялкоў пад уплывам мікробных ферментаў у працэсе разлажэння трупаў, гніення мяса, рыбы. Сінтэзуюцца таксама ў тоўстым страўніку жывёл і чалавека, прысутнічаюць у некат. грыбах, раслінах. Таксічнасць большасці П. невялікая. У жывых арганізмах абясшкоджваюцца ў страўніку і печані або выводзяцца ў нязменным выглядзе; выкарыстоўваюцца таксама ў працэсах жыццядзейнасці (напр., агмацін прыгнечвае болевую адчувальнасць). Пры многіх захворваннях працэсы гніення ў страўніку ўзмацняюцца, што выклікае павелічэнне ўтварэння П., якія ўсмоктваюцца і садзейнічаюць развіццю інтаксікацыі.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІЧ, Вароніцкае балота, Варонічы, Крывая града,

балота нізіннага (60%), вярховага (30%), пераходнага (10%) тыпаў у Слуцкім (6,5 тыс. га), Пухавіцкім (7 тыс. га) і Уздзенскім (2,1 тыс. га) р-нах Мінскай вобл., у вадазборах рэк Пціч і Случ. Асобныя ўчасткі вядомы пад назвамі Рагі, Поўхава, Скрыдлёва. Пл. 15,6 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7, сярэдняя 2 м. Запасы торфу каля 42 млн. т. Есць мергель, сапрапель магутнасцю да 1,2 м. Асушана адкрытай асушальнай сеткай 1,2 тыс. га у Слуцкім і 2,9 тыс. га у Пухавіцкім р-нах, дрэнажом — 610 га у Уздзенскім р-не. На асушаных землях вырошчваюць пераважна сеяныя травы, збожжавыя культуры.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Збунінскае возера. У Брэсцкім р-не, у бас. р. Серадовая Рэчка, за 30 км на Пд ад г. Брэст. Уваходзіць у Брэсцкую групу азёр. Пл. 0,43 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 3 км². Катлавіна суфазійна-карставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 3—4 м, пад лесам, на Пн і У акаймаваны дзюнамі. Берагі высокія, на З сплавінныя. Дно плоскае, пясчанае, сапрапелістае. Шырыня мелкаводнай зоны да 100 м. Зарастае ўздоўж берагоў. Злучана канавай з воз. Белае, выцякае ручай у р. Серадовая Рэчка. На беразе возера санаторый «Бярэсце».

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДА ПЯЦЁХ,

другі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў маі 1918. Сфарміраваны пасля выхаду з 1-га складу Народнага сакратарыята Беларусі ў пач. мая 1918 бел. сацыялістаў-рэвалюцыянераў П.​Бадуновай, Т.​Грыба, Л.​Зайца і сацыял-дэмакрата А.​Смоліча. У склад Р.п. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў Я.​Варонка (старшыня), Я.​Бялевіч, К.​Езавітаў, В.​Захарка, П.​Крачэўскі. Правыя ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі з мэтай адхіліць Р.п. стварылі Нар. сакратарыят пад кіраўніцтвам Р.Скірмунта. У выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, у чэрв. 1918 быў сфарміраваны 4-ы склад Нар. сакратарыята.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗБУРЭ́ННЕ матэрыялаў, кінетычны працэс дэградацыі (пашкоджання) матэрыялаў, які працякае пад уздзеяннем нагрузкі і завяршаецца раздзяленнем аб’екта на часткі. Бывае Р. крохкае і вязкае (пры статычным нагружанні), стомленаснае (пры паўторна-пераменным — цыклічным нагружанні).

Крохкае Р. пры статычным расцяжэнні звычайна суправаджаецца вельмі малымі (раўнамернымі) пластычнымі дэфармацыямі, узнікае раптоўна і развіваецца практычна імгненна (звычайна шляхам адрыву). Вязкаму Р. пры статычным расцяжэнні папярэднічае вял. пластычная дэфармацыя, напр., у мяккай сталі на ўзоры ўтвараецца шыйка. Стомленаснае Р. метал. матэрыялаў пры паўторна-пераменным (цыклічным, выпадковым) нагружанні працяглы час развіваецца без прыкметнай макрапластычнай дэфармацыі і звычайна заканчваецца імгненным даломліваннем узору. Працякае шляхам развіцця стомленаснай шчыліны ў яго небяспечным сячэнні.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЛЬКО́ (Уладзімір Антонавіч) (н. 30.7.1922, в. Падарэссе Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гаспадарчы і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1976). У 1950—92 старшыня калгаса «Аснежыцкі» Пінскага р-на. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—63, дэп., нам. Старшыні Вярх. Савета БССР у 1985—90. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1966—70 і 1974—89. Пад яго кіраўніцтвам у калгасе «Аснежыцкі» дасягнуты высокія паказчыкі ў развіцці земляробства і жывёлагадоўлі, шырока выкарыстоўваліся інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.

Тв.:

Всего достигнешь, если любишь труд. Мн., 1966;

Оснежицкий поиск. Мн., 1979.

Літ.:

Владимир Ралько / Авт. текста С.​В.​Бородовский. Мн., 1982.

У.А.Ралько.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)