РУ́МНІЕЦЭ ((Rūmniece) Берта Фрыцаўна) (21.10.1865, г. Айзкраўкле, Латвія — 8.3.1953),
латышская актрыса; адна з заснавальнікаў нац. сцэнічнага мастацтва. Нар. арт. Латвіі (1945). З 1883 выступала ў Рыжскім лат. т-ры, з 1919 у Латв. т-ры драмы. Выконвала пераважна ролі простых жанчын. Яе майстэрства вылучалася прастатой, праўдзівасцю, шчырасцю. Сярод роляў: Ажа, Індраніха, маці Яна («Блудны сын», «Індраны», «Злы дух» Р.Блаўмана), Ведзьма, Тушэ («Агонь і ноч», «Ветрык, вей!» Я.Райніса), маці Крусы («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса), Глумава («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.Талстога) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА» Песцеля, «Руская праўда, ці Запаветная дзяржаўная грамата вялікага народа расійскага, якая з’яўляецца запаветам для ўдасканалення Расіі і змяшчае верны наказ як для народа, так і для часовага вярхоўнага праўлення»,
праграмны дакумент Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Распрацавана П.І.Песцелем да 1824. Прадугледжвала ліквідацыю прыгону, надзяленне сялян зямлёй пры частковым захаванні памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, роўнасць усіх грамадзян перад законам, ліквідацыю саслоўяў, гарантыю грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Р.п.», уся паўната заканадаўчай улады ў краіне павінна належаць аднапалатнаму народнаму вечу, выканаўчая ўлада — Дзярж. думе. Упершыню надрукавана ў 1906 П.Е.Шчогалевым.
т. 13, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХУЛА́ (Сідгі) (сапр. Рухула Фатула аглы Ахундаў; 9.4.1886, Баку — 5.5.1959),
азербайджанскі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). На сцэне з 1906. З 1924 вядучы акцёр Азерб. т-ра імя Азізбекава ў Баку. Лепшыя ролі: Гаджы Кара («Гаджы Кара» А.Ахвердава), Надзір («Надзір-Шах» Н.Нарыманава), Каджар («Вагіф» С.Вургуна), Агалараў («Раніца Усходу» Э.Мамедханлы), Атакішы («Севіль» Дж.Джабарлы), Рустам («Сіявуш» Г.Джавіда), Лір, Атэла («Кароль Лір», «Атэла» У.Шэкспіра) і інш. Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на развіццё нац. драм. т-ра. Выступаў у операх, аперэтах, здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Літ.:
Джафаров М.Д. Сидги Рухулла. Баку, 1956.
т. 13, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЎКІН (Міхаіл Іонавіч) (7.1.1907, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 13.10.1993),
бел. і расійскі скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. дз. культ. Расіі (1992). Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1928, кл. А.Л.Бяссмертнага). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1937—41, кл. І.Мусіна). З 1929 працаваў у сімф. аркестрах радыёкамітэта, Белдзяржфілармоніі, адначасова выкладаў у муз. школах у Мінску. З 1946 дырыжор Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1953 — сімф. аркестра Томскай абл. філармоніі, выкладчык муз. вучылішчаў у Томску, з 1963 у Пскове. Адзін з першых прафес. дырыжораў Беларусі. Дзейнасць Р. садзейнічала станаўленню аркестра бел. нар. інструментаў у пасляваенны перыяд.
В.У.Мазанік.
т. 13, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІЯНА́ЛЬНЫ МАНІТО́РЫНГ, занальны маніторынг,
сістэма сачэння за працэсамі і з’явамі ў прыродным асяроддзі розных прыродна-геагр. рэгіёнаў (кліматычных зон, басейнаў, фіз.-геагр. раёнаў і інш.). Бывае нац. Р.м. (назіранні ў адм. межах краіны) і міжнародны маніторынг. Матэрыялы Р.м. выкарыстоўваюцца ў сістэме глабальнага маніторынгу для прагназавання кірункаў развіцця глабальных прыродных працэсаў, выяўлення небяспечных ачагоў забруджвання і разбурэння навакольнага асяроддзя, для эфектыўнага дзярж. кіравання і кантролю якасці прыроднага асяроддзя. На Беларусі існуе Праграма нац. сістэмы маніторынгу, якае ўключае маніторынгі мед., біял., навакольнага асяроддзя, імпактны (сачэнне за антрапагеннымі ўздзеяннямі пры пагрозе ўзнікнення аварый, катастроф, стыхійных бедстваў, эпідэмій).
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭНТУ́РА,
заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова або арг-цыя краіны знаходжання).
В.А.Окунеў, А.А.Мініч.
т. 13, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.
У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.
т. 14, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІН (Анатоль Іванавіч) (н. 6.4.1920, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія),
расійскі вучоны ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання. Акад. Рас. АН (1984, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.Э.Баўмана (1946). З 1946 на інж.-тэхн., канструктарскіх і кіраўнічых пасадах у спец. КБ і НВА. Навук. працы па касм. радыётэхніцы, радыёфізіцы і радыёэлектроніцы, па даследаванні аўтаматызаваных інфарм. сістэм, стварэнні радыётэхн. сродкаў кіравання рухомымі аб’ектамі, канструяванні радыёінтэрферометраў з вял. базай і распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання спец. прызначэння. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1949, 1951, 1981.
т. 14, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНЫ ((Savigny) Фрыдрых Карл фон) (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),
нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.
т. 14, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗАНДАРА́Н (Татэвік Тыгранаўна) (н. 2.9.1916, с. Хндзорэск Гарыскага р-на, Арменія),
армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Скончыла вак.-драм. студыю пры Доме культуры Арм. ССР у Маскве (1937). Да 1971 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1961 выкладала ў кансерваторыі (з 1970 праф.) і адначасова з 1972 у Маст.-тэатр. ін-це ў Ерэване. У яе выкананні арганічна спалучаліся класічная і нац. манера выканання. Першая выканаўца партый у класічных і сучасных операх, у т. л. Алмаст («Алмаст» А.Спендыярава), Назелі («Гераіня» А.Сцепаняна). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 14, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)