ЖЫВЁЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

разнастайнасць жывёльнага свету акрэсленай тэрыторыі або Зямлі ў цэлым, якая складае рэальныя ці патэнцыяльныя крыніцы забеспячэння матэрыяльных. гасп. і іншых патрэб чалавека і грамадства; від прыродных рэсурсаў. Ж.р. — практычна гэта частка рэсурсаў кансументаў, якія непасрэдна выкарыстоўваюцца ў паляўнічай, рыбнай і інш. відах гаспадаркі, што грунтуюцца на промысле. Часам падзяляюць на рэсурсы карысных і рэсурсы жывёл шкодных. Маюць вял. практычнае і экалагічнае значэнне. Важнейшыя віды Ж.р. павінны ахоўвацца ад выдаткавання і выкарыстоўвацца рацыянальна.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

1) здольнасць асобіны і папуляцыі жыць і размнажацца. Вызначаецца плоднасцю, працягласцю перыяду размнажэння і колькасцю асобін, якія дасягнулі палаваспеласці.

2) Здольнасць асобіны выжываць да вызначанага моманту жыццёвага цыкла, напр. да пачатку перыяду размнажэння.

3) Ж. насення, уласцівасць насення захоўваць здольнасць да прарастання. Насенне, якое толькі што сабрана або захоўваецца пры нізкай т-ры, часта не прарастае, хоць і мае здаровы зародак або жыццяздольнае. Гэта выклікаецца перыядам спакою, пасля якога насенне можа даць нармальныя ўсходы.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІЛЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Завілейская Літва,

назва ў бел. летапісах 15—17 ст. тэрыторыі каля р. Вілія ў больш раннія часы. Дакладнае месцазнаходжанне не вызначана. У «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» і Хроніцы Быхаўца гаворыцца, што жамойцкія князі рухаліся па З.з. з ПнЗ на Пд і ПдУ, гэта значыць па тэр. на Пд ад р. Вілія. У некат. месцах летапісаў гэта тэр. названа Завілейскай Літвой. У інш. летапісах пад З.з. разумелі правабярэжжа Віліі (на Пн ад яе).

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ КАНСТРУ́КТАР БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася работнікам канструктарскіх і тэхнал. арг-цый, н.-д. устаноў, вытв. і навук.-вытв. аб’яднанняў і прадпрыемстваў за вял. ўклад у распрацоўку і ўкараненне прынцыпова новай высокаэфектыўнай тэхнікі, што па сваіх тэхн.-эканам. паказчыках адпавядае айч. і сусв. узроўням. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 19.8.1985, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Скасавана 23.11.1988.

Заслужаныя канструктары Беларускай ССР

1986. В.​Т.​Куляшоў, М.​М.​Хромчанка.

т. 6, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА ТРЭ́ННЕМ,

зварка металаў пластычным дэфармаваннем нагрэтых узаемным трэннем паверхняў і наступным сцісканнем дэталей. Робіцца на машынах, у якіх вырабы, што трэба зварыць, замацоўваюць сувосева; вярчальны рух звычайна надаюць аднаму з вырабаў. Выкарыстоўваецца для злучэння валоў, штокаў з поршнямі, частак металарэзных інструментаў, інш. малагабарытных вырабаў з разнародных металаў і сплаваў, якія рэзка адрозніваюцца сваімі цеплафіз. і хім. ўласцівасцямі (напр., сталь з алюмініем і меддзю, тытан з алюмініем). Пашырана ў маш.-буд. і інстр. вытв-сці.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВЯЗДА́ ПРАСВЕ́ТЛАЯ»,

помнік перакладной стараж.-бел. л-ры, зборнік легенд, звязаных з культам дзевы Марыі. Як сведчыць адзін са спісаў, на рус. мову перакладзены з бел. тэксту «прасталюдзінам Мікітам» у Маскве ў 1668. Помнік зах.-еўрап. паходжання, але арыгінал (лац. ці польскі) не знойдзены. У зборніку 15 раздзелаў, прысвечаных апавяданням пра цуды Багародзіцы. 15-ы раздзел, што адсутнічаў у бел. арыгінале, складзены з рус. паданняў пра абразы і выпісак з інш. зб-каў.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМАВА́ЛЬНАЯ Я́МА,

месца масавай зімоўкі рыб у рэках і азёрах. У стаячых вадаёмах З.я. найчасцей размяшчаюцца насупраць або ніжэй вусцяў рэк і ручаёў, што ўпадаюць у вадаёмы, у месцах выхаду падводных крыніц; у праточных — рыбы зімуюць на глыбокіх месцах з павольным цячэннем. На Беларусі ахоўваюцца 215 З.я., збор у якіх найбольш уласцівы рыбам сям. карпавых (лешч, гусцяра, плотка і інш.). У вызначаных З.я. штогод з 1 кастр. да 15 крас. забараняецца рыбная лоўля.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвы прымат (гл. Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.​Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НА ПРАВО́ДНАСЦІ,

часткова запоўненая або пустая (пры абсалютным нулі т-ры) энергетычная зона ў электронным спектры крышт. цвёрдага цела (гл. Зонная тэорыя). Электроны, што знаходзяцца ў З.п., разам з дзіркамі валентнай зоны вызначаюць электраправоднасць і ўдзельнічаюць у інш. працэсах пераносу ў цвёрдых целах. Наяўнасць электронаў у З.п. пры т-ры абс. нуля адрознівае металы ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў. У некат. цвёрдых цел З.п. можа перакрывацца (паўметалы) або судакранацца (бясшчылінныя паўправаднікі) з валентнай зонай.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у супраціўленні матэрыялаў,

від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл. Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)