КО́САРАЎ Аляксандр Васілевіч (14.11. 1903, Масква — 23.2.1939),
дзеяч камуніст. маладзёжнага руху ў СССР. ВаУсесаюзным Ленінскім Камуністычным Саюзе Моладзі (ВЛКСМ) з 1918, адначасова чл.ВКЛ(б) з 1919 і яе ЦК з 1934. Удзельнік грамадз. вайны 1918—22, пазней на кіруючых пасадах у апараце камсамола ў Маскве і інш. гарадах. З 1927 сакратар, з сак. 1929 да ліст. 1938 ген. сакратар ЦКВЛКСМ. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Літ.:
Грехов В.Н. Расправа с руководством комсомола в 1937—1938 гг. // Вопр. истории. 1990. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІНЕ́Ц (Polygala),
род кветкавых раслін сям. крапінцовых. Каля 500 відаў. Пашыраны ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. звычайны (P. vulgaris, нар. назвы зязюльчыны ручнікі, надсаднік), гаркаваты (P. amarella), чубаты (P. comosa, нар. назвы вераднік, малыя козлікі, шчэпа) на лугах, сярод хмызнякоў, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травяністыя расліны, кусты 1 паўкусты выш. 5—30 см. Сцёблы голыя, слаба галінастыя. Лісце дробнае, чаргаванае. Кветкі ў разнастайных суквеццях (гронка, колас, мяцёлка). Плод — каробачка. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАШАНІ́ННІКАЎ Сцяпан Пятровіч (11.11.1711, Масква — 8.3.1755),
рускі вучоны, даследчык Камчаткі. Акад. Пецярбургскай АН (1750). З 1724 вучыўся ў маск. Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, з 1732 ва ун-це ў Пецярбургу. Удзельнік 2-й Камчацкай экспедыцыі (1733—43). У 1733—36 падарожнічаў па Сібіры. У 1737—41 даследаваў п-аў Камчатка. На аснове сабраных матэрыялаў напісаў навук. працу па геаграфіі, гісторыі, мовах і быце народаў Камчаткі («Апісанне зямлі Камчаткі»). Яго імем названы востраў каля Камчаткі, мыс (на в-ве Карагінскім) і гара на Камчатцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПКА (Draba),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і халоднай зонах Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі найб. вядомая К. пералескавая (D. nemorosa), зрэдку трапляюцца К. сібірская (D. sibirica) і сценная (D. muralis). Растуць на адкрытых узгорках, узлесках хваёвых і мяшаных лясоў, шашэйных насыпах.
Адна-, двух- і шматгадовыя нізкарослыя травяністыя расліны, зрэдку паўкусцікі, з цэласным, пераважна ў прыкаранёвай разетцы, лісцем. Кветкі дробныя, белыя ці бледна-жоўтыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі. Плод — стручочак. Некат. віды — дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАСМО́К (Sanguisorba),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. лекавы (S. officinalis) і 2 інтрадукаваныя: К. альпійскі (S. alpina) і К. танкалісты (S. tenuifolia). Трапляецца на лугах, высечках, у хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі дробныя ў шчыльных галоўчатых ці коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Як лек. сродак (вяжучы, кроваспыняльны. супрацьзапаленчы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Карм. і лек., некат. віды — дэкаратыўныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭБС (Krebs) Ханс Адольф (25.8.1900, г. Гільлэйсгайм, Германія — 22.11.1981),
англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947), Нац.АН ЗША (1964) і інш. Скончыў Гамбургскі ун-т (1925). У 1926—30 у Берлінскім ун-це, працаваў у О.Г.Варбурга, з 1932 у Фрайбургскім ун-це. У 1933 эмігрыраваў, працаваў у Кембрыджскім, з 1935 у Шэфілдскім, у 1954—67 у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па абмене вугляводаў. Апісаў цыклы: арніцінавы і трыкарбонавых кіслот (К. цыкл). Нобелеўская прэмія 1953 (разам з Ф.А.Ліпманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў Віктар Іванавіч (27.4.1913, Масква — 1991),
расійскі вучоны ў галіне прыкладной механікі і аўтам. кіравання. Акад.АНСССР (1968, чл.-кар. 1958). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1938). З 1940 у НДІМін-ва станкабуд. прам-сці, з 1956 у НДІ прыкладной механікі. Навук. працы па сістэмах інерцыяльнай навігацыі і аўтаномнага кіравання. Распрацаваў тэорыю і стварыў шэраг унікальных сістэм гіраскапічных прылад кіравання і стабілізацыі. Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1967, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКО́ЛЬ (Agrostemma),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі — К. звычайны (A. githago), нар. назвы зязюльчын лён, тугаль. Трапляецца рэдка. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых культур, на папарах і чыг. насыпах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 40—70 см. Сцябло апушанае, прамастойнае ці слабагалінастае. Лісце лінейнае, супраціўнае. Кветкі буйныя, цёмна-ружовыя, часам белыя. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне ядавітае, дамешак яго ў муцэ і кармах небяспечны для чалавека і жывёлы. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХА́ЛЬСКІ Андрэй (1767?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
бел. танцоўшчык. Прыгонны падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У жн. 1778 удзельнічаў у якасці саліста ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. У 1785—90 у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступаў на каралеўскіх сцэнах, у т. л. ў замку ў балеце «Лукас і Калінета» (1785) і ў Нац. т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́МБЕРТА ЗАКО́Н,
закон, паводле якога яркасць дыфузнай паверхні, што рассейвае святло, аднолькавая ва ўсіх напрамках. Сфармуляваны І.Г.Ламбертам (1760). З Л.з. вынікае, што сіла святла Ιφ, адбітага ці рассеянага ў напрамку, які ўтварае вугал φ з нармаллю да паверхні, звязана з сілай святла I0, адбітага ўздоўж нармалі, формулай Iφ=I0cosφ. Для паверхняў, якія падпарадкоўваюцца Л.з., паміж свяцільнасцю M і яркасцю L існуе сувязь: M = πL. Л.з. строга выконваецца толькі для абсалютна чорнага цела і прыблізна — для мутных асяроддзяў і моцна маціраваных паверхняў.