традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам.або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл.Мотальскія кажухі).
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),
назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусьі г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.Джэмс, Дж.Дзьюі, Дж.Мід, С.Хук, К.І.Льюіс, Ф.К.Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст.эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),
сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям абоінш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.
На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],
індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.
Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял. вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХНАІДЫ́Т (ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),
запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц. хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНА́Л (франц. arsenal),
установа для захоўвання ваеннай зброі і боепрыпасаў. Узніклі ў 16 ст. Да канца 19 ст. займаліся таксама вырабам, рамонтам і зборкай узбраення і боепрыпасаў. У Расіі гал. арсеналы былі ў Маскве, Пецярбургу, у Англіі — у Вуліджы, у Францыі — у Ліёне, у Германіі — у Мюнхене, у Італіі — у Турыне, у ЗША — у Спрынгфілдзе. У 20 ст., калі вытв-сць зброі была вылучана ў самастойную галіну прам-сці, арсеналы сталі выконваць функцыі базаў і складоў рознага прызначэння. У Францыі і ЗША арсеналамі наз. некаторыя суднабуд. заводы.
На Беларусі арсеналы (цэйхгаузы) будавалі ў вял. замках, абарончых вузлах гарадоў, сядзібна-палацавых комплексах. У мураваных або драўляных 1- або 2-павярховых будынках вылучаліся памяшканні, дзе захоўваліся гарматы, ручныя стрэльбы, халодная зброя, запасы пораху, ядраў, куль і інш. У 17—18 ст. арсеналы існавалі ў Слуцку, Крычаве, Бабруйску і інш. гарадах, у 19 ст. — у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),
крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).
Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Н (Musa),
род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр.бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.
Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш.харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).