НО́РДЭНШЭ́ЛЬД ((Nordenskiöld) Нільс Адольф Эрык) (18.11.1832, Хельсінкі — 12.8.1901),

шведскі географ і геолаг, даследчык Арктыкі. Чл. Стакгольмскай АН (1858). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1879). Скончыў Хельсінкскі ун-т. У 1856 і 1861 удзельнічаў у экспедыцыях на Шпіцберген пад кіраўніцтвам О.​М.​Торэля. У 1864—73 кіраваў экспедыцыяй на гэты архіпелаг, у 1870—83 — у Грэнландыю, дзе даследаваў яе ледавіты шчыт. У 1878—79 на судне «Вега» праплыў Паўн.-Усх. праходам з Атлантычнага ў Ціхі ак. з зімоўкай на Чукоцкім п-ве. Імем Н. наз. архіпелаг у Карскім м., заліў і мыс на Новай Зямлі, мыс і ледавік у Грэнландыі, рака ў Канадзе і інш.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЬЮ-ЙО́РКСКІ ГАРАДСКІ́ БАЛЕ́Т»

(«New York City Ballet»),

амерыканская балетная трупа. Засн. ў 1934 на базе Школы амер. балета. Адзін з заснавальнікаў, кіраўнік і гал. балетмайстар Дж.Баланчын, ў 1983—98 кіраўнік Дж.Робінс. Да 1948 існавала пад рознымі назвамі. З 1964 працуе ў памяшканні Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. У рэпертуары пераважаюць бессюжэтныя балеты, дзе танец — сродак інтэрпрэтацыі класічнай ці сучаснай музыкі, не прызначанай для сцэн. ўвасаблення. Ставяцца і класічныя спектаклі, у т. л. балеты П.​Чайкоўскага, І.​Стравінскага. Сярод балетмайстраў Баланчын (каля 150 балетаў), яго вучні і паслядоўнікі Т.​Болендэр, У.​Долар, Л.​Крыстэнсен, Робінс, Дж.​Тарас.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПСА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Акунёўка, за 16 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,93 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 580 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі 7,8 км. Пл. вадазбору 3,17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу падзяляецца на 2 плёсы. Схілы выш. 15—18 м, у верхняй ч. разараныя. Шмат заліваў. Берагі выш. да 1 м, стромкія, пад хмызняком, на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 1,5—3 пясчанае, да 8—10 м ілістае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2,5 м. Упадае меліярацыйная канава, выцякае ручай у воз. Пагошча.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РШЫНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,12 км², даўж. 580 м, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 21,7 м, даўж. берагавой лініі 1,6 км Пл. вадазбору 0,4 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 15—17 м (на ПдУ да 5 м), сугліністыя і супясчаныя, пад лесам і хмызняком, на ПдУ разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Дно да глыб. 3—3,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Празрыстасць 3,1 м. Эўтрофнае. Зарастае. Паласа прыбярэжнай расліннасці шыр. 10—15 м.

т. 11, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТЭРМАН-ТАЛСТО́Й (да 1796 Талстой) Аляксандр Іванавіч

(1770—26.2.1857),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф Остэрман (1796). Службу пачаў у 1784. Удзельнічаў у войнах Расіі з Турцыяй і Францыяй. У пач. вайны 1812 пры корпусе П.Х.Вітгенштэйна. З 1812 камандуючы 4-м пях. корпусам 1-й Зах. арміі. У баі каля Астроўна 25—26.7.1812 на суткі затрымаў праціўніка, што дало магчымасць гал. сілам арміі адысці на Віцебск. Удзельнік Барадзінскай бітвы 7 вер., асенне-зімовай кампаніі 1812. У 1813 у час замежных паходаў вызначыўся ў бітвах пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Кульмам, у 1815—18 камандуючы Грэнадзёрскім корпусам. З 1818 жыў у Зах. Еўропе.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ВУ́ГАЛЮ,

метад ператварэння каменных і бурых вуглёў у гаручыя газы непасрэдна ў зямных нетрах. Ажыццяўляюць пад уздзеяннем высокай т-ры (1000—2000 °C) і акісляльніку (паветра, кісларод, вадзяная пара) у свідравінах для падвядзення акісляльніку (выдзімання) і адвядзення газу, што ўтвараецца. Свідравіны, размешчаныя ў пэўным парадку, утвараюць т.зв. падземны газагенератар, у якім адбываюцца тыя ж хім. рэакцыі, што і ў звычайных газагенератарах (гл. Газіфікацыя паліва). Ідэю П.г.в. выказаў у 1888 Дз.​І.​Мендзялееў. Распрацоўка і ўкараненне тэхн. рашэнняў П.г.в. пачаты ў СССР у 1930-я г. Работы па П.г.в. праводзяцца ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. краінах.

Літ.:

Подземная газификация угольных пластов. М., 1982.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш. Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я КАНСТЫТУ́ЦЫЯ,

сукупнасць функцыянальных і марфал. палавых асаблівасцей арганізма чалавека, якія сфарміраваліся пад уплывам спадчынных і знешнеасяродзевых фактараў; адзін з аспектаў агульнай канстытуцыі чалавека. Характарызуе індывід. палавыя асаблівасці і іх устойлівасць да шкодных уздзеянняў. У мужчын і жанчын адрозніваюць слабы, сярэдні і моцны тып П.к. з 3 групамі-падтыпамі ў кожным тыпе (усяго 9). Вызначаюць тып П.к. па вектарнай шкале, удакладняюць па развіцці палавых прыкмет (першасных і другасных). П.к. абмяжоўвае сексуальныя магчымасці чалавека і ад яе залежыць індывід. ўстойлівасць да фактараў, якія шкодна ўплываюць на сексуальную сферу. Вызначэнне П.к. неабходна для ацэнкі сексуальных праяў канкрэтнага чалавека, размежавання іх паталогіі і нормы.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГРАФІ́Я (ад палі... + ...графія),

сукупнасць тэхн. сродкаў, спосабаў і метадаў друкарскага размнажэння тэкставай і відарыснай інфармацыі; галіна тэхнікі. Друкарскае размнажэнне (друкаванне) вызначаецца фарміраваннем на задрукаванай паверхні (напр., на паперы) графічнай інфармацыі фарбавым слоем, які найчасцей перадаецца з друкарскай формы ў адпаведнасці з выдавецкім арыгіналам. Пад П. разумеюць таксама паліграфічную прамысловасць, якая вырабляе друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы і інш.). Яна з’яўляецца матэрыяльна-тэхн. базай друку, выдавецкай справы. Паліграф. прадпрыемствы — друкарні, маюць наборныя машыны і друкарскія машыны. Асн. вытв. працэсы ў П.: наборныя працэсы, друкарскія (атрыманне адбіткаў), брашуровачна-пераплётныя і аддзелачныя. Тэхн. асновай П. стала кнігадрукаванне, якое ў Еўропе ўзнікла ў 1440-я г.

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУПА́НАЎ (Андрэй Васілевіч) (14.9.1888, ст. Ханжонкава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.12.1956),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Прамысл. акадэмію. З 1909 на Чарнаморскім флоце. Са студз. 1918 камандзір атрада маракоў, накіраванага ў Кіеў для барацьбы з Цэнтр. радай, камендант Кіева; потым на Усх. фронце, камандзір браняпоезда «Свабода або смерць!». У сак.вер. 1919 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (базіравалася і ў Гомелі). Удзельнічаў у баях з польск. войскамі пад Туравам, у абароне Гомельскага ўмацаванага раёна. З ліп. 1920 камандзір брыгады, начальнік бронечасцей 6-й арміі. Пасля грамадз. вайны на парт., сав. і гасп. рабоце. Аўтар кнігі «Свабода або смерць!» (1966).

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)