АФАНА́СЬЕЎ Ларывон, ювелір 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў ў Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1676 разам з бел. ювелірамі Іванам Андрэевым, Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым зрабіў сярэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі для рус. царэвічаў Івана і Пятра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІК (Уладзімір Пятровіч) (н. 12.9.1959, г. Смалявічы),
бел. спартсмен (скачкі ў ваду з вышкі). Сярэбраны (1980, Масква) і бронзавы (1976, Манрэаль) прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы (1977), СССР (1976, 1980). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙРЭ́Н,
монастрафічны верш у армянскай сярэдневяковай паэзіі. Складаецца з чатырох 15-складовых радкоў, звязаных адной рыфмай. У сучаснай паэзіі айрэнам напісаны многія лір. мініяцюры (дарчыя надпісы і інш.). У бел. паэзіі сустракаецца ў М.Танка («Айрэн»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУЗЯ́НКА,
бел. традыцыйная страва. Наз. таксама гарбузовай кашай. Ачышчаны гарбуз крышаць, дабаўляюць крупы (часцей прасяныя) і вараць. Згатаваную гарбузянку таўкуць, часам ставяць у лёгкі дух, заліваюць параным малаком, дадаюць соль, цукар, масла. Пашырана на ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕАГРА́ФІЯ: ПРАБЛЕ́МЫ ВЫКЛАДА́ННЯ»,
навукова-метадычны часопіс. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. і рас. мовах 4 разы ў год. Засн. рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуе нарматыўныя матэрыялы, метадычныя парады, айч. і замежны вопыт выкладання геаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЯ,
у славянскай міфалогіі ўвасабленне шчасця, удачы, якія дорыць людзям Бог. Побач з добрай Д. існуюць злая, няшчасная, ліхая Д. і злыдні, спадарожнікі дрэннай Д. ці нядолі. Вобраз Д. вельмі пашыраны ў бел.нар.паэт. творчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАНО́СЦЫ, крыжакі (ад польск. Krzyżacy),
пашыраная ў бел.гіст. л-ры назва ўдзельнікаў крыжовых паходаў і членаў сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнаў (у т. л. Тэўтонскага, або Нямецкага, і Інфлянцкага), якія звычайна насілі выяву крыжа на верхняй вопратцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ Мацюшка, бел. дойлід 2-й пал. 17 ст. Кіраваў адной з арцелей будаўнікоў, якая аднаўляла крапасныя збудаванні Полацка, разбураныя ў 1579 войскамі Стафана Баторыя. Паставіў (да 1655) у Верхнім замку васьмігранную двух’ярусную шатровую вежу Мошна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАР’Я́НЦ (Армен Багратавіч) (28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),
бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі, з 1962 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1953), «Салавей» З.Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966, з Б.Герлаванам), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976) у т-ры імя Я.Купалы; «Багема» Дж.Пучыні і «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (1962, Рус.т-р) і «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1968, Бел.рэсп.т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.Белавусавым) і інш.
П.А.Карнач.
А.Грыгар’янц. Эскізы касцюмаў да спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта.А.Грыгар’янц. Эскіз дэкарацый да спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,
навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.
Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Дз.І.Жураўскага, У.Р.Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.А.Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.В.Венядзіктавым, І.Р.Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.М.Рудзіцыным, вядуцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІбуд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.І.Коршун, П.У.Аляўдзін, Р.І.Фурунжыеў, І.С.Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.М.Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.Ф.Анішчанка, С.С.Макарэвіч, Л.С.Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.А.Краўцоў, А.А.Кручкоў, Л.Ф.Беразоўскі, Г.А.Герашчанка, А.А.Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.М.Ягалкоўскі, С.В.Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.М.Аўсянка).