адзін з асн. законаў электрастатыкі, які вызначае сілу ўзаемадзеяння паміж двума кропкавымі зарадамі (гл.Зарад электрычны). Устаноўлены ў 1785 Ш.А.Кулонам і незалежна Г.Кавендышам (яго працы апублікаваны ў 1879) і з’яўляецца эксперым. абгрунтаваннем класічнай электрадынамікі.
Паводле К.з. 2 кропкавыя задачы q1 і q2 узаемадзейнічаюць у вакууме з сілай , модуль якой прама прапарцыянальны здабытку гэтых зарадаў і адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці г паміж імі: F = kq1q2/r2, дзе k = 1/4πε0, ε0 — электрычная пастаянная. Сіла накіравана ўздоўж прамой, што злучае зарады, і адпавядае прыцягненню рознаіменных зарадаў і адштурхоўванню аднайменных. Калі ўзаемадзейныя зарады знаходзяцца ў аднародным дыэлектрыку з дыэлектрычнай пранікальнасцю ε, сіла іх узаемадзеяння змяншаецца ў ε разоў. Абагульненне К.з. прыводзіць да Гаўса тэарэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА,
1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.
2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.
3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗАРАЎ (Міхаіл Пятровіч) (14.11.1788, г. Уладзімір, Расія — 23.4.1851),
рускі мараплавец, даследчык Антарктыкі. Адмірал (1843). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1803). Ажыццявіў тры кругасветныя плаванні: у 1813—16 на судне «Сувораў» (адкрыў атол Сувораў); у 1819—21 камандзірам шлюпа «Мірны» і памочнікам нач. экспедыцыі Ф.Ф.Белінсгаўзена (удзельнічаў у адкрыцці Антарктыды і шматлікіх астравоў); у 1822—25 камандзірам фрэгата «Крэйсер». Камандзір лінкора «Азоў», які вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827. У 1833—50 гал. камандзір Чарнаморскага флоту і партоў Чорнага мора. Імем Л. названы: атол у групе а-воў Расіян у Ціхім ак., мысы ў Амурскім лімане і ў паўн. частцы в-ва Унімак, востраў у Аральскім м., мора каля берагоў Усх. Антарктыды і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ГАЛЬСКІ БОЙ 1943,
бой паміж 2-м батальёнам Смаленскага партыз. палка і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. 25 крас. ў Вял.Айч. вайну. Партыз. полк пасля жорсткіх баёў з намнога большымі сіламі карнікаў перамяшчаўся на новую базу; на шляху перадыслакацыі, у в. Латыгаль, знаходзіўся варожы гарнізон, знішчыць які было даручана 2-му батальёну. Партызаны ноччу асн. сіламі атакавалі гарнізон, гранатамі падавілі яго дзоты, і пасля 3-гадзіннага бою разграмілі ворага. Падмацаванне ворагу з г. Сянно было спынена партыз. засадай. У выніку бою ў сістэме ням.-фаш. гарнізонаў утварыўся разрыў, што дало магчымасць партыз. дыверсійным групам больш кароткім шляхам выходзіць да чыг. Орша—Віцебск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭ́НТНЫ ПЕРЫ́ЯД, скрыты перыяд,
1)у фізіялогіі — час ад моманту ўздзеяння на арганізм, орган, клетку раздражняльніка да праяўлення рэакцыі ў адказ. Працягласць Л.п. залежыць ад філагенет. і індывід. развіцця арганізма, яго функцыян. стану, складанасці рэакцыі і хуткасці працэсаў у цэнтр. і перыферычных звеннях нерв. сістэмы. Устанаўленне Л.п. мае значэнне ў медыцыне (вызначэнне функцыі здаровага і хворага арганізма), псіхалогіі.
2) Л.п. цяжарнасці — часовая затрымка ў развіцці аплодненага яйца некат. млекакормячых. Напр., апладненне ў барсука адбываецца ў летне-асенні перыяд, а паскоранае развіццё яйцаклеткі — у канцы зімы, таму цяжарнасць працягваецца 9 і болей месяцаў.
3) У медыцыне — першапачатковы скрыты перыяд хваробы, які знешне не праяўляецца; тое, што інкубацыйны перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙШМАНІ́І (Leishmania),
род жгуцікавых сям. трыпанасамід атр. кінетапластыд. Унутрыклетачныя паразіты паўзуноў, некаторых млекакормячых (пясчанка, суслік і інш. грызуны, сабака) і чалавека. У чалавека паразітуюць 3 віды Л.: трапічная (L. tropica), бразільская (L. brasiliensis) і Донавана (L. donovani) — узбуджальнікі адпаведна скурнага, слізіста-скурнага і вісцэральнага лейшманіёзаў. Перадаюцца праз укусы маскітаў (з роду Флебатомус і інш.).
Памеры 2—7 мкм. У арганізме жывёл (на лейшманіяльнай стадыі) трапляюцца толькі бязжгуцікавыя, круглаватыя або авальныя формы Л. Яны маюць ядро (трофануклеус) і падобнае на кароткую палачку ўключэнне (блефарапласт). У арганізме маскіта Л. набываюць (на лептаманаднай стадыі) верацёнападобную форму і жгуцік, які адыходзіць ад блефарапласта.
Да арт.Лейшманіі: 1 — клетка з паразітамі — узбуджальнікамі скурнага лейшманіёзу; 2 — жгуцікавыя формы лейшманій у культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКАЯ ШКО́ЛАў паліт-эканоміі,
адзін з кірункаў эканам. тэорыі, які склаўся ў канцы 19 ст. ў Лонданскім ун-це. Заснавальнік У.С.Джэванс, яго паслядоўнікі Э.Кенан, Ф.Хаек, Л.Робінс. Тэарэт. канцэпцыі Л.ш. грунтуюцца на індывід.-псіхал. тлумачэнні эканам. з’яў і адмаўленні класічнай школы бурж.паліт. эканоміі. Грамадства яна разглядае як сукупнасць гасп. індывідаў, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца псіхал. разуменнем выгады. Развіццё грамадскай вытв-сці, паводле іх меркавання, падначалена не эканам. законам, а рыначным. Прыватны рынак і механізм свабоднага дзеяння рыначных сіл выступаюць як вечныя катэгорыі. Прадстаўнікі Л.ш. выключаюць магчымасць кантролю грамадства над эканам. развіццём, сферу эканам. навукі абмяжоўваюць вывучэннем праблем прапановы і попыту, якія з’яўляюцца асн.эканам. катэгорыямі, што рэгулююць грамадскае развіццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНАФО́РЫ (ад лац. lumen святло + грэч. phoros які нясе),
рэчывы, здольныя свяціцца (люмінесцыраваць) пры паглынанні энергіі ўзбуджэння. Выкарыстоўваюць для пераўтварэння розных відаў энергіі ў светлавую (гл.Люмінесцэнцыя).
Паводле хім. прыроды падзяляюць на Л. неарган. (фасфоры) і арган. (арганафасфоры, люміноры). Большасць неарган. Л. мае крышт. структуру і адносіцца да крышталефасфораў. Свячэнне арган. Л. абумоўлена хім. будовай іх малекул. Л. з’яўляюцца поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды (напр., антрацэн), многія гетэрацыклічныя злучэнні і іх вытворныя, а таксама комплексы металаў з арган. лігандамі. Арган. Л. выкарыстоўваюць у якасці актыўнага асяроддзя вадкасных лазераў, для аптычнага адбельвання і атрымання флуарэсцэнтных фарбаў, у люмінесцэнтнай дэфектаскапіі і аналіт. хіміі (гл.Люмінесцэнтны аналіз), а таксама ў малекулярнай біялогіі і медыцыне ў якасці метак ці зондаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБУ́ТУ СЕ́СЕ СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; поўнае Мабуту Сесе Сека Куку Нгбенду Ва За Банга; да 1972 Мабуту Жазеф Дэзірэ; 14.10.1930, г. Лісала, Дэмакр. Рэспубліка Конга —7.9.1997),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга (ДРК). Маршал (1982). Скончыў ваен. школу ў г. Лулуабург. З 1949 у бельг.калан. войсках, з 1956 рэдактар газет «L’Avenir» («Будучыня») і «Actualité africaine» («Афрыканская рэчаіснасць»); дзярж. сакратар ва ўрадзе П.Лумумбы, з ліп. 1960 нач. Генштаба. У вер. 1960 скінуў Лумумбу. З 1961 галоўнакамандуючы Кангалезскай нац. арміяй. Пасля перавароту ў ліст. 1965 прэзідэнт ДРК. Адзінай дзярж. ідэалогіяй абвясціў канцэпцыю «сапраўднага заірскага нацыяналізму»; усталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым, які арыентаваўся на зах. краіны. У маі 1997 пад націскам узбр. паўстання пакінуў краіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ АБЛАСНЫ́ АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА Існаваў у 1945—62 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Створаны на базе агітатрада імя М.Горкага, які пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў працягваў дзейнасць пад назвай Партыз. ансамбль Вілейскай вобл. З 1946 прафес. калектыў, у 1947 папоўнены артыстамі расфарміраванага Мазырскага (Палескага) ансамбля песні і танца. Кіраўнікі: А.С.Нікалаеў і Ф.Р.Ягадзінскі, з 1952 А.І.Білібін. Манера выканання акадэмічная. Выступаў у суправаджэнні баяністаў. У рэпертуары апрацоўкі бел. («Ой, ляцелі гусі з броду»), рус. і ўкр.нар. песень, творы муз. класікі, арыгінальныя вак.-харэаграфічныя кампазіцыі «Партызанскія танцы», «Ураджайная». Расфарміраваны.
Літ.:
Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди Нарочанского края. Мн., 1975.