КАТО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (24.6.1881, г. Ганчэшты, Малдова — 6.8.1925),
савецкі военачальнік. Скончыў с.-г. вучылішча (1900). У 1905 дэзерціраваў з рас. арміі і ўзначальваў узбр.сял. атрады ў Бесарабіі ў 1905—07 і 1915—16, прытрымліваўся тактыкі гайдукоў. Неаднаразова быў арыштаваны рас. ўладамі, у 1916 прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на пажыццёвую катаргу). У маі 1917 вызвалены і накіраваны на Рум. фронт. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Бесарабіі. У студз.—сак. 1918 на чале партыз. атрада ваяваў з рум., аўстр. і герм.акупац. войскамі ў Бесарабіі. У крас. 1918—сак. 1919 кіраваў ваен.-дыверсійнай дзейнасцю сав. падполля ў Адэсе, у крас. 1919 на чале сфарміраванага ім партыз. атрада ўдзельнічаў у заняцці горада Чырв. Арміяй. З ліп. 1919 камандзір стралк. і кав. брыгад, кав. дывізіі, удзельнік баёў за Петраград і на Пд Украіны, сав.-польск. вайны 1920, ліквідацыі Антонава паўстання і руху Н.І.Махно. З 1922 камандзір 2-га кав. корпуса ў Малдове. Чл.ЦВКСССР, Украіны і Малд. АССР. Узнаг. 3 ордэнамі Чырв. Сцяга. Забіты каля Адэсы. У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі імя К. насілі 161-я партыз. брыгада і больш за 20 партыз. атрадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і інш. р-наў Магілёўскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Стваралася з кастр. 1941 у ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага р-на ад акупац. улад. Да сак. 1942 партызаны разграмілі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. На пач. 1944 тэр. зоны склала больш за 3 тыс.км², дзе знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў пад абаронай 18 тыс. партызан. На яе тэрыторыі ў розныя часы базіраваліся Бабруйскі падп. міжрайком КП(б)Б, Магілёўскі падп. абком КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ пры ім, раённыя падп. райкомы КП(Б)Б і ЛКСМБ, выдаваліся газ. «За Радзіму», «Голас партызана» і інш. З ліп. 1942 у Клічаве і в. Галынка Бярэзінскага р-на дзейнічалі партыз. аэрадромы. Стойкая абарона зоны (гл.Клічаўскія баі 1942, 1943, Кучынскі бой 1942) забяспечвала партызанам пастаянную сувязь з Вял. зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрв. 1944 партыз. фарміраванні зоны злучыліся з Чырв. Арміяй. У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік; помнік на месцы прызямлення 1-га самалёта з Вял. зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС ЗАКО́НАЎ АБ ПРАЦЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КЗаП),
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы працоўнага права, што дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь. Рэгулюе адносіны, заснаваныя на працоўным дагаворы і звязаныя з удзелам работнікаў і іх прадстаўнікоў у кіраванні прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі; у арганізацыі працы, у дзейнасці прафсаюзаў і вядзенні калект. перагавораў, у прафес. падрыхтоўцы работнікаў на вытв-сці, забеспячэнні занятасці насельніцтва; кантроль і нагляд за выкананнем прац. заканадаўства. Зацверджаны законам 23.6.1972 і дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі ў рэдакцыі законаў ад 15.12.1992, 16.7.1993, 2.2.1994, 6.9.1995. Складаецца з 19 глаў і 257 артыкулаў. У Кодэксе выкладзены агульныя палажэнні, вызначана сфера дзейнасці заканадаўства аб працы, замацаваны асн. правы работнікаў; рэгламентуюцца пытанні заключэння і дзеяння калект. і прац. дагавораў, адпачынку, рабочага часу, зарплаты, яе форм, сістэм і памераў; вызначаюцца ўмовы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за прычыненую імі матэрыяльную шкоду наймальніку, прац. дысцыпліны, аховы працы; вызначаюцца абавязкі работнікаў і наймальніка, устанаўліваюцца віды ўзнагароджанняў і спагнанняў. Спец. главы прысвечаны працы жанчын і моладзі, працы асобных катэгорый работнікаў, у т. л. на сумесных і замежных прадпрыемствах, працы на кантрактнай аснове, правам прафес. саюзаў, дзярж.сац. страхаванню і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНА (славен. Kranjska, ням. Krain, лац. Carniola),
гістарычная вобл. у зах.ч. Балканскага п-ва (ядро — землі ў басейне р. Сава). Падзяляецца на Верхнюю, Ніжнюю і Унутраную. У старажытнасці была населена плямёнамі кельтаў і ілірыйцаў, з канца 1 ст. да н.э. частка рым. правінцыі Панонія. У 4—6 ст.н.э. тут сапернічалі паміж сабой остготы, вестготы, гуны, лангабарды. У 6—7 ст. заселена альпійскімі славянамі (славенцамі), пазней заваявана баварамі, якія ў 970 стварылі тут маркграфства Карнія. У 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Верхняя К. ўваходзіла ў герцагства Вял. Карантанія, Ніжняя — у Славенскае маркграфства. Пазней пад уладай патрыярха Аквілеі, графаў Ціроля, аўстр. правіцеляў Бабенбергаў, у 1269—76 чэш. караля Пржэмысла II, з 1335 Габсбургаў (з 1364 К. — герцагства, потым адна з каронных зямель Габсбургаў). У 1763—1848 па чарзе ўваходзіла ў Грацкую і Люблянскую губ., у 1809—13 — франц. Ілірыйскія правінцыі. У 19 ст. цэнтр славенскага нац. руху. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) большая ч. К. паводле Рапальскага дагавора 1920 увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), меншая (Унутраная) — Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 з Італіяй уся тэр. К. ўз’яднана ў складзе Славеніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІЧА́НІН»,
бел. палітычна-літ. часопіс. Выдадзены ў кастр. 1918 у Вільні на бел. мове (лацініцай). Выйшаў 1 нумар. Рэдактар-выдавец В.Ластоўскі. Меў на мэце тэарэт. распрацоўку бел.нац. пытання і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканам. аспекце пазнання Беларусі і духоўнай сферы, у т. л. прыгожага пісьменства і мастацтва. Апублікаваў арт. «Нацыянальнае пытанне», гіст. нарыс «Тураўскае княства», стат. агляд тэр. і насельніцтва Беларусі ў яе этнагр. межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, маст. творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энеіда навыварат», апавяданне «Русалкі» З.Бядулі, «Санет» М.Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік»), Змясціў аналіт. разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаванне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданне ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасінні Полацкай. Апублікаваў інфарм. матэрыял пра заснаванне ў Вільні арг-цыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народу», пра з’езд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканата. На вокладцы час. змешчаны графічны і тэкставы план эвакуацыі з У ад Бярэзіны герм.акупац. войск паводле Брэсцкага міру 1918. «К.» — правобраз час.«Крывіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,
шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл.Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія Палінезія*, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б.ч.тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІЧЫ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля Асіповіцкага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Асіповічы, 186 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Лапічы. 1012 ж., 406 двароў (1998).
Вядома з 16 ст. У 1560 упамінаецца як сяло дзярж. Свіслацкай вобласці ў ВКЛ, 38 двароў. Паводле адм.-тэр. падзелу 1565—66 уваходзіла ў Мінскі пав. Належала Радзівілам, Незабытоўскім. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1795 мястэчка, 50 двароў, царква, млын, карчма. У 1831 за ўдзел Незабытоўскіх у паўстанні 1830—31 маёнтак Л. канфіскаваны, перададзены ў дзярж. ўласнасць. Пасля 1861 у Пагарэльскай вол. Ігуменскага пав. У 1909 Л. складаліся з 2 частак: у сяле 138, у мястэчку 90 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не У Вял.Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана. У 1972—625 ж., 216 двароў.
Лясніцтва. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. На паўд. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАПАДО́БНЫХ КУ́БКАЎ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.Паўн. і Цэнтр. Еўропы, сучаснай Польшчы, паўн.-зах. Украіны і (на познім этапе) паўд.-зах. Беларусі. Назва ад наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, знаходзілася на стадыі патрыярхату; вырабляла касцяныя і крамянёвыя прылады (сякеры, матыкі, праколкі, наканечнікі дзідаў, нажы, разцы і інш.), зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд арнаментаваны зігзагамі, касымі насечкамі, пальцавымі ўцісканнямі, адбіткамі зубчастага штампа ці шнура. Паселішчы размяшчаліся на мысах берагоў рэк ці азёр, некаторыя былі ахаваны равамі і валамі. Жытлы — невял. прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя слупавой канструкцыі памерам 5 χ 4 м; будаваліся і вял. жытлы даўж. да 80 м. Унутры іх размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на бескурганных могільніках, сустракаюцца мегалітычныя збудаванні памерамі да 130 × 15 × 3 м, з некалькімі пахаваннямі пад кожным. Ва ўсх. частцы арэала (Валынь, Брэстчына) помнікі Л.к.к. з’явіліся 3,5—2,5 тыс.г. да н.э. На думку некаторых вучоных, плямёны Л.к.к. маюць дачыненне да этнагенезу стараж. германцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕХ, ЧЭХ, РУС,
паводле польскіх і чэшскіх летапісных легенд, стараж.слав. князі, браты. Паходзілі з Харватыі або з Паноніі (цяпер тэр. Венгрыі), сыны яе правіцеля Пана. Паводле польскіх і чэш. хронік (найб. раннія — 14 ст.), Лех — стваральнік польскай дзяржавы. Ён заснаваў яе першую сталіцу — г. Гнезна (значыць «гняздо») у Вял. Польшчы на месцы, дзе знайшоў гняздо белага арла (выява гэтай птушкі стала гербам Польшчы). Ад Леха вяла радаслоўную першая (легендарная) польская дынастыя. У імені Лех увасобілася стараж. назва палякаў — ляхі. Чэх упершыню згадваецца ў хроніцы Космача (пач. 12 ст.), пазней у хроніках 14 ст. Даліміла і Пулкавы. Паводле польскіх крыніц (Велікапольскай хронікі, Хронікі Длугаша), ён — самы малодшы брат Леха. Чэшская паэма «Суд Любушы» паведамляе, што Чэх з дружынай пасяліўся на берагах трох рэк на 3, Пд і У ад сучаснай Прагі. Лічыцца заснавальнікам Чэшскай дзяржавы. Рус упершыню згадваецца ў Велікапольскай хроніцы як сярэдні брат Леха і Чэха, паводле Длугаша, ён унук Леха. Лічыцца заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы. У міфе пра Л., Ч., Р. адлюстравалася адзінства паходжання слав. народаў.
Літ.:
«Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв.: Пер. с лат.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),
перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.
2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.Дз.Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.