ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),

падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.

Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.

Літ.:

Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;

Пикулик М.М., Бахарев В.А., Косов С.В. Пресмыкающиеся Белоруссии. Мн., 1988;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

М.​М.​Пікулік.

Змеі: 1 — каралеўская; 2 — вострагаловая дрэўная; 3 — вадзяны вуж; 4 — пама; 5 — тыгровы вуж; 6 — двухколерная пеламіда.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),

форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.

Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́Н,

зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб. стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс. н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам. або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл. Мотальскія кажухі).

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),

назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь і г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],

філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.​Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.​Джэмс, Дж.​Дзьюі, Дж.​Мід, С.​Хук, К.​І.​Льюіс, Ф.​К.​Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст. эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.

В.​І.​Галаўнёў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВА́ННЕ,

пошук і праследаванне дзікіх звяроў і птушак дзеля здабычы; таксама адлоў іх для рассялення, для заапаркаў, цыркаў і інш. Асн. спосабы сфарміраваліся ў каменным веку. Яны падзяляюцца на актыўныя (з непасрэдным удзелам чалавека) і неактыўныя (з дапамогай самалоўных прылад і прыстасаванняў — лоўчых ям, пастак, петляў, самастрэлаў, сетак, сілаў і інш.); найб. пашыраны трапленне (пошук і выяўленне звера па слядах), падыход (падкрадванне да звера або птушкі на адлегласць стрэлу), пад’езд (набліжэнне на санях або лодцы на адлегласць стрэлу), подпуск (П. з засады; часта з выкарыстаннем прынады), аблава з нагонкай (загоншчыкі гоняць звяроў у яму або на лінію расстаўленых стралкоў), аблога (аблава з флажкамі, калі з чырв. стужкамі на шнуры абкружаюць дзялянку лесу з загадзя высачаным зверам) і інш. Для высочвання або цкавання звера часта выкарыстоўваюць паляўнічых сабак. Сучаснае П. мае спарт.-аматарскі характар. Палююць на капытных і пушных звяроў, баравую, балотную і вадаплаўную дзічыну (гл. Паляўнічыя жывёлы). Дазваляецца ў паляўнічы сезон, па пуцёўках або разавых дазволах у вылучаных для П. ўгоддзях (гл. Паляўнічая гаспадарка).

У розных народаў П. вызначаецца сукупнасцю традыц. прыёмаў і спосабаў высочвання і здабывання дзічыны, мае свае асаблівасці і залежыць ад сродкаў П. і развіцця паляўнічай зброі. На Крайняй Поўначы з глыбокай старажытнасці для П. на марскіх звяроў ужывалі гарпуны. У тундры і тайзе палявалі з сабакамі і самаловамі. У конным П. качэўнікі Азіі выкарыстоўвалі лоўчых птушак і хартовых сабак. У стэпах Еўропы, Азіі і Амерыкі палявалі з арканамі (ласо) і кідальнымі прыладамі, у некат. раёнах Інданезіі і Паўд. Амерыкі — з духавымі ружжамі, у зоне трапічных лясоў — пераважна з лукамі і дзідамі. Абарыгены Аўстраліі палявалі з кідальнымі дзідамі і бумерангамі. З канца 15 ст. пашырылася П. з агнястрэльнай зброяй.

На тэр. Беларусі ў культурных пластах стаянак позняга палеаліту трапляюцца рэшткі больш як 20 відаў звяроў (паўн. аленя, ваўка, пясца, пазней — зайца-беляка, дзікага каня і інш.). Плямёны неаліту выкарыстоўвалі для П.

лук. У малалесных раёнах палявалі на куланаў, тарпанаў, аленяў, баброў, у лясах — на дзікоў, ласёў, мядзведзяў, зайцоў; для футра здабывалі куніц, вавёрак і інш. Значную ролю адыгрывала П. на птушак, асабліва на вадаплаўных. У 10—14 ст. гал. аб’екты П. — зубр, дзік, бабёр, казуля. Для іх здабычы выкарыстоўвалі лукі, кушы, коп’і, дзіды, дроцікі, вілы, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы; пашыраным было П. пасткамі, сеткамі, петлямі, сіламі. У сярэднявеччы папулярным было П. з сабакамі і сокаламі. У 19 — пач. 20 ст. П. з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёл, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан, расамаха, собаль і інш.). Гл. таксама Паляўніцтва.

Літ.:

Терехин С.Ф. Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Никифоров М.Е., Козулин А.В., Сидорович В.Е. Охотничьи звери и птицы Белоруссии. Мн., 1991.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ГА,

бел. традыцыйная страва; малочная поліўка (паранае малако, разведзенае вадой), з якой елі густы кісель. У пост або калі не было малака валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога — «бы малако». Валогу рабілі найчасцей у Цэнтр. Палессі. У некаторых раёнах Беларусі валога — закраса з масла (кашу «заваложвалі»).

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНТРАБЯ́НКА,

традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНАСЕ́КЦЫЯ,

раскрыццё прасвету вены разрэзам для ўвядзення ў яе канюлі, іголкі ці катэтэра. Робяць венасекцыю пры неабходнасці працяглай інфузійнай тэрапіі і дрэнна выяўленых венах для ўнутрывеннага ўвядзення лек. прэпаратаў, крыві, кровазаменнікаў або для дыягнастычных даследаванняў. Выкарыстоўваюць вены локцевай ямкі, ступні, радзей падскурную вену бядра. Пры венасекцыі магчымы ўскладненні (трамбіраванне канюлі, флебіт, інфіцыраванне раны, тромбафлебіт, поўнае перасячэнне вены і інш.).

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)