1) І. дзяржаўны — прынцып міжнар. права, паводле якога дзяржава не падлягае замежнай юрысдыкцыі: ні дзяржаве, ні яе органам не можа быць прад’яўлены іск у судзе замежнай дзяржавы.
2) І. консульскі — сукупнасць ільгот і прывілеяў, якія даюцца консульскай установе і яе супрацоўнікам. Аб’ём І. ўстанаўліваецца ўнур. заканадаўствам дзяржаў, а таксама міжнар. дагаворамі шматбаковымі (Венская канвенцыя 1963аб консульскіх зносінах) або двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і міжнар. звычаямі.
3) І. дыпламатычны — сукупнасць правоў і прывілеяў, якія даюцца дыпламат. прадстаўніцтвам замежных дзяржаў і іх супрацоўнікам: недатыкальнасць асобы, службовых памяшканняў, жылля і ўласнасці і інш. Аб’ём І. ўстаноўлены Венскай канвенцыяй 1961, інш.міжнар. дагаворамі і звычаямі і ўнутр. заканадаўствам дзяржаў.
4) І. службовых асоб дзяржавы заключаецца ў недатыкальнасці некат. іх катэгорый. Адрозніваюць І. парламенцкі, прэзідэнцкі і судзейскі. Недатыкальнасць гэтых асоб азначае забарону іх арышту і прыцягнення да суд. адказнасці пры пэўных абставінах без згоды на тое адпаведных кампетэнтных органаў. Дэпутат можа быць пазбаўлены недатыкальнасці палатай парламента, членам якой ён з’яўляецца; недатыкальнасць з прэзідэнта. як правіла, здымаецца толькі разам з адхіленнем яго ад пасады ў парадку асобай працэдуры, прадугледжанай канстытуцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац. сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.Дзюркгейм, М.Вебер, В.Парэта інтэграцыю сац. сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.Маліноўскі, А.Р.Радкліф-Браўн і інш.). Т.Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.Бендыкс, А.Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕЎ Ягор (Георгій) Аляксандравіч (н. 2.5.1926, в. Коршава Баброўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар лірычных вершаў, балад, паэмы «Над хвалямі Дуная» (1953). Лірыка-філас., антыфаш. дылогія «Суд памяці» (1962) і «Даль памяці» (1977, за абедзве паэмы Ленінская прэмія 1980) аб прычынах узнікнення фашызму ў Германіі, эмацыянальнае сведчанне сучасніка пра час, мір, працу і нар. спадзяванні, роздум пра лёс пасляваен. Еўропы. Творы вызначаюцца маштабнай вобразнасцю, сімвалічнасцю, абагульненасцю, вострадрам. успрыняццем жыцця, трагічным гратэскам, філас.-публіцыстычнай глыбінёй. Тэмы лірычнай сац.-філас. трылогіі з паэм «Мае асеннія палі», «Дваццаць пятая гадзіна», «Паляўнічы забіў жураўля» (1980-я г.) — вайна і мір, лёс чалавека і чалавецтва. Аўтар празаічных твораў, кніг пра псіхалогію творчасці, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Жизнь прожить М., 1979;
Колокол света. М., 1984, Чувство глагола. М., 1985;
Миг вечности: Поэмы. М., 1986.
Літ.:
Числов М.М. Егор Исаев. Очерк творчества. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЭЛНІЧА́НУ (Kogálniceanu) Міхаіл (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),
румынскі і малд.паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ШЫН Кірыла Пятровіч (6.3.1914, Масква — 7.3.1981),
дырыжор. Нар.арт.СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936, клас Б.Хайкіна), у 1950—53 і 1972—78 выкладаў у ёй (праф. з 1976). У 1937—41 у Ленінградскім Малым оперным т-ры, у 1943—56 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1960—75 гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1978 у Нідэрландах. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Дзяўчына з Захаду» (1938) і «Чыо-Чыо-сан» (1939) Дж.Пучыні, «Пампадуры» А.Пашчанкі (1940). Удзельнічаў у пастаноўках опер «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава (1943, 1953), «Бэла» А.Аляксандрава (1945), «Варожая сіла» А.Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948), «Галька» С.Манюшкі (1949). Як сімф. дырыжор выканаў многія творы рус. і зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. Шастаковіча, А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш. Аўтар кн. «Аб дырыжорскім мастацтве» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1969. З 1984 у Амстэрдаме праводзіцца Міжнар. конкурс маладых дырыжораў імя К.
Літ.:
Ражников В. Кирилл Кондрашин рассказывает о музыке и жизни. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́ЛЬ (франц. cartel ад італьян. cartello ад carta папера, дакумент),
форма аб’яднання вытворцаў і спажыўцоў на аснове пагаднення аб кватаванні аб’ёмаў вытв-сці, умовах збыту прадукцыі, размежаванні рынкаў, найме рабочай сілы, узроўні аплаты працы, выкарыстанні патэнтаў і інш. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у К., юрыдычна самастойныя. Збыт прадукцыі ажыццяўляюць на аснове дагавораў паміж прадпрыемствамі. Часцей К. ўтвараюцца ў рамках адной галіны (нафтавы, с.-г. К.). Адрозніваюць К. ўнутраныя (у межах адной краіны), экспартныя (складаюцца з нац. прадпрыемстваў-экспарцёраў, часам з уключэннем філіялаў замежных фірм), міжнародныя (інтэгрыруюць фірмы-экспарцёры і фірмы-імпарцёры некалькіх краін).
К. ўзніклі ў выніку канцэнтрацыі вытв-сці і цэнтралізацыі капіталу ў 19 ст. як адна з форм манапалістычных аб’яднанняў. Найб. пашыраны былі ў Германіі (у 1940-я г. больш за 2 тыс.). Цяпер існуюць у выглядае саюза канцэрнаў і трэстаў, патэнтных пулаў, кансорцыумаў па правядзенні навук. даследаванняў, сумесным буд-ве або фінансаванні буйных праектаў, канвенцый, корнераў, рынгаў, джэнтльменскіх пагадненняў. На Беларусі К. дзейнічаюць у выглядзе кансорцыумаў (часовых аб’яднанняў), створаных на паявой аснове для сумеснай рэалізацыі праектаў, дзярж. заказаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІНА Б.А. ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае выдавецтва ў Вільні ў 1913—37. Засн. Б.А.Клецкіным. Выдавала л-ру на бел., польск. і яўр. мовах. У 1921—31 існаваў бел. аддзел, які меў сваю эмблему з выявай сейбіта; выдадзена 30 арыгінальных і перакладных кніг. Упершыню выдадзена аповесць Я.Коласа «У палескай глушы» (1923), перавыдадзены яго кнігі «У глыбі Палесся», «Казкі жыцця» і інш., паэт.зб-кі «Шляхам жыцця» Я.Купалы, «Вянок» М.Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Для дзяцей» (выбранае) Л.Талстога, «Алеся» А.Купрына, «Сляпы музыка» У.Караленкі, «Прынц і жабрак» М.Твена, «Ірландскія народныя казкі» С.Макмануса. Сярод выданняў — кнігі зах.-бел. літаратараў Я.Нарцызава (Я.Драздовіча), Б.Друцкага-Падбярэскага, Я.Пачопкі, бел. падручнікі па гісторыі л-ры М.Гарэцкага, геаграфіі А.Смоліча, матэматыцы С.Рака-Міхайлоўскага, Р.Астроўскага, А.Гурскага, чытанкі Л.Гарэцкай, А.Смоліч, «Падручны беларуска-польскі слоўнік» Друцкага-Падбярэскага, «Расказы аб вялікіх падзеях розных часоў і народаў» М.Рубакіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТЫЯ СЛО́ВЫ,
устойлівыя, афарыстычныя, звычайна вобразныя словы, цытаты, выразы, якія атрымалі вял. пашырэнне ў жывой мове. Кніжнае паходжанне К.с. — іх істотнае адрозненне ад прыказак і прымавак. Крыніцы К.с. — ант. і біблейскія міфы («Дамоклаў меч»), маст. і навуковая л-ра («Мне сняцца сны аб Беларусі» — Я.Купала, «А ўсё-такі яна круціцца» — Г.Галілей), выказванні грамадскіх і паліт. дзеячаў («Прыйшоў, убачыў, перамог» — Ю.Цэзар). Пераасэнсаваныя К.с. становяцца фразеалагізмамі і даследуюцца фразеалогіяй. У бел. мове, акрамя ўласных К.с., ёсць запазычанні з інш. моў: «Дражніць гусей» (І.Крылоў), «Быць ці не быць» (У.Шэкспір) і інш. Крылатымі сталі і асобныя словы, якія набылі метафарычнае значэнне (пераважна імёны міфал. і літ. персанажаў): Геркулес, Гамлет, Гарлахвацкі.
Тэрмін «К.с.» ў лінгвістыцы замацаваўся пасля выхаду з друку аднайменнай кнігі ням. філолага Г.Бюхмана (1864), у якой сабраны гэтыя моўныя адзінкі з ням. мовы. Уласна бел. К.с. ўпершыню пададзены ў слоўніку Ф.Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (1960).
Літ.:
Бабкин А.М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970;
Малажай Г.М. Беларуская перыфраза. Мн., 1974;
Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ-КЛУКС-КЛА́Н (Ku-Klux-Klan),
тэрарыстычная арг-цыя ў ЗША. Узнік у 1866 у г. П’юласкі (штат Тэнесі) пасля паражэння рабаўладальніцкіх паўд. штатаў у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 для барацьбы метадамі падпалаў, паліт. забойстваў, «Лінча суда» і інш. супраць Рэканструкцыі Поўдня 1865—77, руху за грамадз. правы неграў, паліт. апанентаў з ліку радыкальных членаў Рэсп. партыі. Створаны на ўзор тайнага ордэна (арганізац. структура, адзенне, рытуалы). У 1869 каля 500 тыс. членаў. У 1869—71 забаронены федэральнымі ўладамі, у 1882 абвешчаны супярэчным канстытуцыі ЗША. Пэўны час вёў нелегальную дзейнасць. Адноўлены ў 1915 каля г. Атланта, пашырыўся ў Індыяне і інш. штатах Сярэдняга Захаду. Праследаваў рэліг., расавыя і этн. меншасці (католікаў, яўрэяў, неграў, ірландцаў), інтэлігенцыю, праціўнікаў сухога закону і рабочыя арг-цыі. Найб. размаху дзейнасць К.-к.-к. дасягнула ў 1920-я г. (у 1923 каля 4—5 млн. членаў). У 1960-я г. намагаўся перашкодзіць увядзенню ў дзеянне заканадаўства абграмадз. правах неграў на Пд ЗША. У 1989 налічваў 6,5 тыс. членаў.