САМАХВА́ЛАЎ (Іван Васілевіч) (11.2.1835, Віцебская губ. — ? 1899),

вучоны ў галіне ўнутр. медыцыны Д-р медыцыны (1872). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1859). З 1875 гал. ўрач Дынабургскага ваен. шпіталя. У 1882 заснаваў Дынабургскае т-ва ўрачоў. Навук. працы па даследаванні фосфарнай к-ты ў ежы і выдзяленнях.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),

украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.​Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.​Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

И.​С.​Паторжинский. М., 1976.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙ (Іван Пятровіч) (н. 11.7.1930, в. Падбулькова Брэсцкага р-на),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959), выкладаў у ім у 1962—65. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, манум.-дэкар. мастацтве. Тэматычныя карціны: «Бацькоўскай славы вартавыя» (1970), «Прызванне», «Дзякуй, мама!» (абедзве 1975), «З вогненнай вёскі» (1978), «Боль вогненных гадоў. Год 41-ы» (1984), «Зямля мая беларуская» (1985); пейзажы: «Івянец» (1973), «Плошча Перамогі» (1981), «Малінавы звон» (1983), «Апошні снег» (1985), «Ранішні прамень» (1988), «Беларуская восень» (1993), «На рацэ Свіслач», «Краявід з бярозкамі» (абодва 1995), «Блакітны ранак» (1997), «Замярзаючы стаў», «Лагодная зімка» (абодва 1999), «Вяча» (2001), серыі «Любімыя мясціны», «Поры года» (абедзве 2000); партрэты, нацюрморты. Шэраг твораў прысвечаны дзеячам бел. л-ры: «На радзіме Я.​Купалы» (1980), «Шлях паэта» (партрэт М.​Багдановіча, 1981), «Якуб Колас» (1982), «Дунін-Марцінкевіч з дочкамі Камілай і Цэзарынай» (1983) і інш. Станковым творам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў, тонкасць перадачы святлопаветранага асяроддзя. Аўтар сграфіта «Спорт» у Бел. акадэміі фізвыхавання і спорту (1963, з С.​Мусінскім), вітражоў «Беларусь» для павільёна на міжнар. кірмашы ў г. Лейпцыг (Германія) і «Айчынная вайна» ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1967, усе ў сааўт. з І.​Эйдэльманам).

Літ.:

Карнач П.А. Шчодрасць сэрца // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;

Салавей Л Ф Іван Рэй: Альбом. Мн., 1990;

Іван Рэй: [Альбом]. Мн., 2001.

Л.​Ф.​Салавей.

І.Рэй. Беларуская восень. 1993.

т. 13, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ГАЎКІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст. акад. т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.І.Пугаўкін.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ТАЎ (Іван Андрэевіч) (1767, б. Маскоўская губ. — 30.6.1841),

рускі майстар муз. інструментаў. Прыгонны графа М.​П.​Шарамецева, у 1822 атрымаў вольную. Вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары, рэстаўрыраваў старадаўнія інструменты. Дасканаласць іх вырабу і выдатныя гукавыя якасці прынеслі яму сусв. вядомасць. На выстаўцы ў Пецярбургу (1829) за скрыпку і віяланчэль Батаву прысуджаны Вялікі сярэбраны медаль.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Іван Епіфанавіч) (14.4.1909, Полацк — 16.1.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую артыл. школу (1933). Служыў у БВА. На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. У студз. 1943 танк. брыгада палкоўніка Аляксеева прарвала абарону праціўніка ў Варонежскай вобл., прайшла 70 км па яго тылах, вызваліла дзесяткі нас. пунктаў, чыг. ст. Росаш. Загінуў у баі.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́СІМАЎ Іван, збройнік 17 ст., майстар шабельнай справы. Родам з Глыбокага (Віцебская вобл.). Разам з інш. бел. майстрамі працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1662—65 па загадзе цара вучыўся ў Астрахані «рабіць чаркаскія шаблі». Вярнуўшыся, разам з 7 «таварышчы» зрабіў «5 ножан шабельных на чаркаскае дзела з меднаю аправаю мінулага».

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЧЫ́НАЎ (Іван Іосіфавіч) (30.10.1909, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 5.10.1988),

бел. геадэзіст. Д-р тэхн. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. і тэхнікі Беларусі (1968). Скончыў БСГА (1931). У 1954—82 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (Гомель). Навук. працы па інж. геадэзіі, ураўнаважванні геад. сетак, праграміраванні ўраўняльных вылічэнняў для ЭВМ.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́РА (Іван Паўлавіч) (7.9.1885, в. Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 26.9.1966),

бел. селекцыянер-аматар, паслядоўнік І.​У.​Мічурына. Займаўся гібрыдызацыяй і адборам пладова-ягадных і дэкар. культур. Вывеў каля 500 сартоў яблыні (найб. вядомы названы яго імем «Памяць Сікоры»), каля 100 — груш, 70 — сліў, сарты ляшчыны, бэзу, руж і інш.

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)