ПАЖА́РНАЕ ДЭПО́,

будынак, у якім размяшчаецца дзяжурная змена, пажарная і аварыйна-выратавальная тэхніка для ліквідацыі пажараў і інш. надзвычайных сітуацый. У склад П.д. ўваходзяць: гараж, пункт сувязі, пасты газадымаахоўнай службы і тэхн. абслугоўвання, башня для мыцця і сушкі пажарных рукавоў, складскія памяшканні для пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнага абсталявання, памяшканні для правядзення заняткаў, прыёму ежы, адпачынку і інш.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ВЫЯ ГРО́ШЫ,

грашовыя знакі, якім дзяржава надае ролю і сілу афіцыйных грошай. Па сутнасці з’яўляюцца дэкрэтнымі (умоўнымі) грашамі, бо іх сапраўдны кошт, які вымяраецца затратамі на выраб папяровых знакаў ці банкнот, значна ніжэйшы за паказаны на знаках наміналаў. Выкарыстоўваюцца з-за іх таннасці і зручнасці карыстання. Друкуюцца на спец. паперы, маюць некалькі ступеней аховы ад падробкі.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАМАРФО́З [ад грэч. pais (paidos) дзіця + морфа],

эвалюцыйная змена арганізмаў, што прыводзіць да поўнай страты дарослай стадыі з адпаведным скарачэннем антагенезу, пры якім апошняй стадыяй становіцца былая раней лічынкавай. Бываюць у арганізмаў, лічынкі якіх здольныя да размнажэння, у прыватнасці, на аснове неатэніі і педагенезу. Шляхам П. ўзніклі некат. групы хвастатых паўзуноў, насякомых, павукападобных.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́МБА ЗУБНА́Я,

штучны пламбіравальны матэрыял, якім запаўняюць каранёвы канал зуба. Прадухіляе прагрэсіраванне карыесу зубоў, аднаўляе іх функцыі і формы. Адрозніваюць П.з. часовыя і пастаянныя. Часовая служыць для ізалявання лек. рэчыва ў карыёзнай поласці ці ў пульпарнай камеры ад поласці рота. Для пастаяннай П.з. выкарыстоўваюцца цэменты (цынк-фасфат, сіліцын), пластмасы, амальгамы, кампазіцыйныя матэрыялы і інш.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 12, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫ́Я (ад грэч. polymereia шматскладовасць, наяўнасць многіх частак),

адзін з тыпаў узаемадзеяння генаў, пры якім ступень развіцця адной і той жа прыкметы абумоўлена ўплывам шэрагу т.зв. палімерных генаў (праяўляюцца падобным чынам). П. пашырана ў прыродзе. Паводле тыпу П. наследуюцца важныя гаспадарча карысныя прыкметы: вышыня раслін, колькасць бялку ў зерні, вітамінаў у пладах, хуткасць росту, маса жывёл і інш.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́РАЙ», «Ружа»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бярнацкія, Ваўжэцкія, Гедройцы, Малдрыкі, Міцкевічы, Немаеўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай 5-пялёсткавай ружы з зялёнымі лістамі. Клейнод — над прылбіцай з каронай такая самая ружа. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Порай».

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,

распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЯШЧЭ́ННЕ ў матэматыцы,

спалучэнне m элементаў, выбраных з n элементаў некаторага мноства, якое адрозніваецца ад інш. спалучэнняў якім-н. элементам ці парадкам чаргавання элементаў. Агульны лік такіх Р. A​mn = n(n—1)...(n—m+1). Калі дазволіць у Р. паўтор аднаго і таго ж элемента некалькі разоў, то агульны лік Р. будзе роўны n​m.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́С, квазістатычны працэс,

працэс пераходу тэрмадынамічнай сістэмы з аднаго стану ў другі, пры якім сістэма праходзіць праз неперарыўны шэраг раўнаважных станаў (гл. Раўнавага тэрмадынамічная); адно з асн. паняццяў тэрмадынамікі раўнаважных працэсаў. Тэарэтычна Р.п. адбываецца бясконца павольна. Рэальны працэс набліжана лічыцца Р.п., калі адметныя змены параметраў сістэмы адбываюцца за прамежкі часу, якія значна перавышаюць час рэлаксацыі.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)