ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,

комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц. развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.

Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.​Галена, А.​Везалія, У.​Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст. ням. біёлаг К.​Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.​А.​Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.

На Беларусі н.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.​М.​Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэнне прагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраванне сац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.

Літ.:

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЦЫ НДІ Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. філіяла (з 1971) НДІ працы Дзяржкампрацы СССР. Асн. кірункі навук. даследаванняў: народанасельніцтва (дэмаграфічныя працэсы, міграцыя); рынак працы (рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне прац. рэсурсаў, занятасць і беспрацоўе, прафарыентацыя і адукацыя, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў, рэгіянальныя асаблівасці рынку працы); аплата працы (удасканаленне дзярж. механізма рэгулявання заработнай платы, распрацоўка рэкамендацый матэрыяльнага стымулявання для павышэння эфектыўнасці гаспадарання прадпрыемстваў, выканання норм і нарматываў прац. і матэрыяльных выдаткаў); даходы і ўзровень жыцця насельніцтва (фарміраванне даходаў і расходаў насельніцтва, іх структура і дынаміка; распрацоўка мінім. дзярж. сац. стандартаў і іх выкарыстанне пры рэгуляванні даходаў; развіццё сістэм сац. страхавання; беднасць, маштабы і шляхі яе пераадолення); рэгламентацыя і нарміраванне працы (удасканаленне метадалогіі ацэнкі складанасці працы служачых; распрацоўка і вядзенне адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых, кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых; распрацоўка метадычнай і нарматыўна-інфарм. базы для нарміравання працы і інш.); ахова і ўмовы працы (рэфармаванне сістэмы пенсіённага забеспячэння за работу ў асаблівых умовах працы; эканам. стымуляванне стварэння бяспечных умоў працы); сац. праблемы працы (развіццё сістэмы сац. партнёрства, накіраванай на ўзгадненне інтарэсаў работніка, наймальніка і дзяржавы; падрыхтоўка нарматыўных і метадычных матэрыялаў работы з персаналам); маніторынг сац.-працоўнай сферы Беларусі і інш. З 1993 выдае навук., нарматыўную і даведачную л-ру па праблемах даследавання; з 1995 — штомесячнік «Бюллетень Министерства труда Республики Беларусь».

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); мова славенцаў; афіц. мова Славеніі. Пашырана ў Італіі, Аўстрыі, ЗША. Мае 49 дыялектаў, якія аб’ядноўваюцца ў 7 дыялектных груп: панонская, штырыйская, карынтыйская, верхнекраінская («гарэньская»), ніжнекраінская («даленьская»), роўтарская, прыморская; да ліку цікавых і арыгінальных належыць дыялект Рэзіі на тэр. Італіі, на базе якога ёсць спробы стварыць літ. мікрамову. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — складаная сістэма галосных, дзе проціпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі, якія дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад націску; спецыфічны поўнагалосны е, э (транскрыбіруецца як перавернутае е: ә) неўласцівы інш. сучасным мовам, але падобны да праслав. рэдукаванага; у марфалогіі — шмат архаічных рысаў, у т. л. разгорнутая сістэма скланення, дзе захаваліся формы падвойнага ліку; форма супіна ў дзеясловаў, якая перадае намер што-небудзь зрабіць; некат. формы прошлага часу (перфект, плюсквамперфект) і інш. На дыялектным узроўні выяўляюцца шматлікія супадзенні паміж значнымі масівамі і асобнымі групамі славенскіх і бел. гаворак: пераход ненаціскнога o у a, пераход l у u і інш.

Пісьменства з 10—11 ст. (Фрэйзінгенскія ўрыўкі). Пачатак літ. С.м. звязаны з пратэстантызмам, дзейнасцю Прымажа Трубара, які перакладаў богаслужэбныя кнігі на даленьскі дыялект (аснова літ. мовы). Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Мечковская Н.Б. Словенский язык. Мн., 1991;

Цыхун Г. Аб славенска-беларускіх моўных сыходжаннях // III. Nemzetkōzi szlavisztikai napok. Szombathely, 1988;

Яго ж. Да беларуска-славенскіх дачыненняў (гістарычна-моўная праблематыка) // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мн., 2001.

Г.​А.​Цыхун.

т. 14, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР РАБО́ЧАЙ МО́ЛАДЗІ, трам,

савецкі паўпрафесійны або аматарскі т-р у 1920—30-я г. Меў на мэце сродкамі т-ра весці агітацыю і прапаганду сярод моладзі (статут прыняты ў 1929 на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі трамаў). Грамадзянская накіраванасць, публіцыстычнасць, кантакт з гледачамі вызначалі мастацтва трама. Вытокі трама ў агітац. аматарскім мастацтве 1920-х г. — «жывой газеце» і «сіняй блузе». Пачынальнік трамаўскага руху — Ленінградскі трам (засн. ў 1925), які стаў узорам для інш. т-раў гэтага тыпу. Існавалі ў Маскве, Варонежы, Харкаве, Баку і інш. Пастаноўкі пераважалі на тэмы жыцця і побыту рабочай моладзі, прац. энтузіязму і сацыяліст. спаборніцтва, у іх выкрываліся адмоўныя з’явы і недахопы. Трамы распрацавалі ўласную эстэтыку, стваралі публіцыст. муз.-танц. сінтэтычныя паказы з гал. дзейнай асобай — камсамольскім калектывам Тыповы трамаўскі спектакль — з песнямі і калектыўнай дэкламацыяй, спарт. практыкаваннямі, кінакадрамі; звычайна пачынаўся маршам, заканчваўся паказам панарамы новабудоўляў, камсамольскім мітынгам, масавай песняй. У 1930-я г. эстэт. праграма трамаў страціла вастрыню і зжыла сябе. У выніку яны былі рэарганізаваны (лепшыя ператвораны ў т-ры Ленінскага камсамола). На Беларусі трамы развіваліся ў рэчышчы ўсесаюзнага трамаўскага руху. У 1929—35 існавалі Беларускі трам у Мінску, Бабруйскі, Барысаўскі, Віцебскі, Гомельскі, Мазырскі, Полацкі трамы. Потым рэарганізаваны пераважна ў калгасна-саўгасныя тэатры.

Літ.:

Стэльмах У. Шляхі і перспектывы трамаўскага руху БССР // Узвышша. 1931. № 6—7;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́РТУ,

старажытная дзяржава 9—6 ст. да н.э. на тэр. Армянскага нагор’я паміж азёрамі Ван, Урмія і Севан. У клінапісных дакументах вядома пад назвай Біайні, у Бібліі — «царства Арарат». Аб’ядноўвала групу плямён на чале з племем наіры, захапіла ў Асірыі паўн. раёны Сірыі і воз. Урмія; кантралявала шляхі, што звязвалі Пярэднюю Азію з Міжземнамор’ем і М. Азіяй. Сталіца — г. Тушпа. Найб. магутнасці і росквіту дасягнула ў 8 ст. да н.э. пры царах Менуа [810—778 да н.э.], Аргішці I [778—750 да н.э.], Сардуры II [750—730 да н.э.]. На У. двойчы нападала Асірыя (735 і 714 да н.э.). Каля 590 да н.э. заваявана Мідыяй (верагодна, з удзелам скіфаў). Насельніцтва У. займалася арашальным земляробствам (вырошчвала пшаніцу, ячмень, проса), паўкачавой жывёлагадоўляй. Асн. вытворцамі былі вольныя і напаўвольныя абшчыннікі. Рабы пракладвалі арашальныя каналы, будавалі вадасховішчы, палацы, крэпасці, гарады, найб. з іх Эрэбуні (гл. Арын-Берд), Тэйшэбаіні, Тушпа. Высокага развіцця ва У. дасягнула рамяство, асабліва апрацоўка жалеза, бронзы, каляровых металаў, каштоўных камянёў, дрэва. Пры раскопках гарадоў выяўлены гліняныя і бронз. пасудзіны з імёнамі цароў, жал. і бронз. прылады працы, зброя, упрыгожанні, цыліндрычныя пячаткі, асірыйскія пацеркі, рэчы скіфскага паходжання. Насельніцтва У. мела сваю пісьменнасць (клінапіс), метрычную і лічбавую сістэмы, узнікла матэматыка. Культура У. зрабіла ўплыў на развіццё народаў Закаўказзя (перш за ўсё Арменіі).

Літ.:

Пиотровский Б.Б. Ванское царство (Урарту). М., 1959;

Арутюнян Н.В. Новые урартские надписи Кармир-Блура. Ереван, 1966.

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭРАПНАМАЗГАВЫ́Я НЕ́РВЫ, чарапныя нервы,

парныя нервы, якія адыходзяць ад пярэдняй паверхні ствала галаўнога мозга паслядоўна спераду назад праз асобыя адтуліны чэрапа. Інервуюць пераважна органы і тканкі галавы і шыі, а таксама грудной і брушной поласцей. У міксін — 7 пар Ч.н., у міног, рыб і земнаводных — 10, у паўзуноў — 11, у птушак, млекакормячых і чалавека — 12.

I і II пары — нюхальны і зрокавы нервы — праводзячыя шляхі нюхальнай і зрокавай сістэм; III, IV і VI пары — вокарухальны, блокавы і адводны нервы — у млекакормячых інервуюць мышцы вока, раснічнага цела і радужнай абалонкі, у паўзуноў і птушак — мышцы мігальнай перапонкі; V пара — трайчасты нерв — інервуе скуру галавы (акрамя патылічнай вобласці), цвёрдую мазгавую абалонку, зубы, слізістую абалонку рота, жавальныя мышцы, вял. слінныя залозы; VII пара — нерв твару — у наземных пазваночных інервуе паверхневую мускулатуру шыі, мышцу, якая апускае ніжнюю сківіцу, у прыматаў — мімічную мускулатуру; VIII пара — слыхавы нерв — звязвае органы слыху, раўнавагі і гравітацыі з галаўным мозгам; IX пара — языкаглотачны нерв — інервуе ў наземных пазваночных глотку, калявушную залозу, смакавыя почкі языка; X пара — блукальны нерв — падзяляецца на рад галін, якія інервуюць мышцы жаберных дуг, плавальны пузыр, органы бакавой лініі, лёгкія, сэрца, кішэчнік; XI пара — дадатковы нерв — інервуе мышцы плечавога пояса; XII пара — пад’язычны нерв — інервуе мышцы языка і пад’язычны апарат. У адрозненне ад спіннамазгавых нерваў, Ч.н. не сегментаваныя і строга спецыялізаваныя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслін — гл. Вірусныя хваробы раслін.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІДО́ВІЧ Генрых Вацлававіч (н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам. гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.​Ф.​Купера «Апошні з магікан».

Тв.:

Цяпло на першацвет. Мн., 1976;

Маладыя гады. Мн., 1979;

Міланькі. Мн., 1980;

На новы парог. Мн., 1983;

Станаўленне. Мн., 1985;

Міг маладосці. Мн., 1987;

Жывы покліч. Мн., 1995;

Жар кахання. Мн., 1996;

Кліч роднага звона. Мн., 1997.

Літ.:

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.

А.​У.​Рагуля.

Г.В.Далідовіч.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛЫМЯ»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Грамыка, А.​Гурло, У.​Галубок, Я.​Нёманскі, М.​Піятуховіч, А.​Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.​Чарот, М.​Зарэцкі, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, В.​Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Чарот; кандыдаты; М.​Зарэцкі, Я.​Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел. маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш. літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.

Літ.:

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг. Мн., 1960;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)