дробныя формы рэльефу (выш. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў), якія ўзнікаюць у выніку экзагенных (суфазійна-карставых, тэрмакарставых, эразійных, эолавых і інш.) і глебаўтваральных працэсаў, а таксама ў выніку дзейнасці жывёл-землярыяў і антрапагенных уздзеянняў на рэльеф (буд-ва, узорванне зямель і інш.). Характэрны кароткачасовасць такіх форм рэльефу (сезон, радзей некалькі гадоў), іх перабудова. Гл. таксама Мікрарэльеф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕДЭСТА́Л (франц. piédestal ад італьян. piedistallo ад piede нага + stallo месца),
пастамент, па-мастацку аформленая аснова, на якой устанаўліваецца твор скульптуры (статуя, група, бюст) або ваза, калона, абеліск і г.д. П. могуць мець розныя формы — геаметрычна правільныя (звычайна з выкарыстаннем арх. ордэрных элементаў, нярэдка ўпрыгожаных скульпт. рэльефам) або адвольныя (напр., П. у выглядзе натуральнага, неапрацаванага каменя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́МБА ЗУБНА́Я,
штучны пламбіравальны матэрыял, якім запаўняюць каранёвы канал зуба. Прадухіляе прагрэсіраванне карыесу зубоў, аднаўляе іх функцыі і формы. Адрозніваюць П.з. часовыя і пастаянныя. Часовая служыць для ізалявання лек. рэчыва ў карыёзнай поласці ці ў пульпарнай камеры ад поласці рота. Для пастаяннай П.з. выкарыстоўваюцца цэменты (цынк-фасфат, сіліцын), пластмасы, амальгамы, кампазіцыйныя матэрыялы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
частка норм прававой сістэмы, якая рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры расследаванні злачынстваў, разглядзе і вырашэнні крымін. і цывільных спраў. П.п. непарыўна звязана з матэрыяльным правам, паколькі замацоўвае працэсуальныя формы, неабходныя для яго ажыццяўлення і абароны. На Беларусі пры захаванні норм П.п. разглядаюцца справы аб адм. правапарушэннях, арбітражных і гасп. спрэчках, а таксама ў парадку канстытуцыйнага судаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. ad да + perceptio успрыманне),
залежнасць успрымання ад мінулага вопыту, псіхічнага стану і індывідуальных асаблівасцяў чалавека. Тэрмін уведзены ням. філосафам Г.Лейбніцам, які трактаваў аперцэпцыю як выразнае (усвядомленае) успрыманне душой пэўнага зместу. І.Кант разам з «эмпірычнай» аперцэпцыяй увёў паняцце «трансцэндэнтальнай» аперцэпцыі, якая дазваляе сінтэзаваць шматлікія ўспрыманні на аснове спрадвечнага, нязменнага «адзінства свядомасці» як умовы ўсялякага вопыту і пазнання. У заснаванай В.Вунтам псіхалогіі аперцэпцыя (канец 19 — пач. 20 ст.) — успрыманне, якое патрабуе напружання волі і ад якога залежаць усе формы псіхічнай дзейнасці чалавека. Сучасная псіхалогія трактуе аперцэпцыю як вынік жыццёвага вопыту індывіда, які адлюстроўваецца ў кожным псіхічным працэсе (ад прасцейшага ўспрымання да найскладанейшых відаў дзейнасці). Адрозніваюць устойлівую аперцэпцыю — залежнасць успрымання ад асаблівасцяў асобы (светапогляду, перакананняў, адукаванасці і інш.) і часовую аперцэпцыю, у якой звязваюцца сітуацыйна розныя формы псіхічнага стану (эмоцыі, устаноўкі і г.д.).
Літ.:
Лейбниц Г.В. Новые опыты о человеческом разуме. М.; Л., 1936;
Вундт В. Очерки психологии. М., 1912;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБУЛАТО́РНА-ПАЛІКЛІНІ́ЧНАЯ ДАПАМО́ГА пазабальнічная медыцынская дапамога, якая аказваецца ў амбулаторыях, паліклініках, кансультацыях, дыспансерах, медыка-санітарных частках, фельчарска-акушэрскіх пунктах, дыягнастычных цэнтрах і інш.мед. установах (самастойных ці ў складзе бальніц). Найб. масавы, даступны і набліжаны да месца жыхарства або працы від мед. абслугоўвання і аказання першаснай медыка-сан. дапамогі насельніцтву. Асн.формы амбулаторна-паліклінічнай дапамогі: экстранная, лячэбна-дыягнастычная, лячэбна-кансультацыйная, прафілакт., рэабілітацыйная.
На Беларусі з пач. 1990-х г. пачалося фарміраванне тэр.мед. аб’яднанняў, у склад якіх уваходзяць паліклінікі (для дарослых, дзяцей, стаматалагічная), жаночыя кансультацыі, дыспансеры, мед.-сан. часткі, станцыі і аддзяленні хуткай мед. дапамогі і інш. Уводзяцца новыя арганізац. структуры — аддзяленні прафілактыкі, мед. рэабілітацыі, адзіныя акушэрска-тэрапеўтычныя і педыятрычныя комплексы, дыягнастычныя цэнтры, гасп.-разліковыя паліклінікі, касметалагічныя лячэбніцы, фізіятэрапеўт. паліклінікі, перасоўныя амбулаторыі, флюараграфічныя, стаматалагічныя і зубапратэзныя кабінеты і інш. Пашыраюцца формы прыватнага аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Больш як 1,5 тыс. ўстаноў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі (1994) абслугоўваюць каля 10% хворых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,
1) вылучэнне адзінкавага і індывід. са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.А.Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.Лок, А.Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.Г.Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
форма арганізацыі працы, пры якой многія работнікі прымаюць удзел у адным або ў розных, але звязаных паміж сабой працэсах працы. Абумоўліваецца падзелам працы і неабходнасцю злучэння асобных аперацый у адзіны вытв паток. Існуюць простыя К.п., калі ўсе работнікі выконваюць аднародную работу, і складаныя, заснаваныя на падзеле працы і выкарыстанні машын. Простая К.п. выкарыстоўваецца там, дзе работа можа быць падзелена на якасна аднародныя часткі, выкананне якіх даручаецца асобным работнікам, або там, дзе выкананне работы патрабуе злучэння аднародных сіл (напр., падыманне цяжараў). Складаная К.п. выкарыстоўваецца, калі ўвесь прац. працэс падзяляецца на разнастайныя аперацыі, якія выконваюцца работнікамі розных спецыяльнасцей. К.п. спрыяе павышэнню яе эфектыўнасці, бо пры складанні сіл яе ўдзельнікаў узнікае новая вытв. сіла, забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу і нараджаецца дух саперніцтва. Разнавіднасцю К.п. з’яўляюцца калект.формы арганізацыі працы, якія маюць на мэце выкананне прац. працэсу калектывам работнікаў, звязаных агульнасцю рабочай зоны, прадметамі і сродкамі працы. Калект.формы арганізацыі працы грунтуюцца на стварэнні брыгад.