КА́РСКІ Сяргей, бел. этнограф і фалькларыст канца 19 ст. Даследаваў побыт некат. рэгіёнаў Беларусі, пераважна Віленшчыны. Аўтар артыкулаў «Эканамічны быт беларусаў Віленскай губерні», «Сямейны быт беларусаў Віленскай губерні», «Дажынкі», «Каляндарныя святы ў беларусаў Віленскай губерні», «Вялікдзень у беларусаў Віленскай губерні» (усе 1891), у якіх падрабязна разглядаў вытв. дзейнасць, промыслы, рамёствы, жыллё, адзенне, сямейна-побытавыя адносіны, каляндарна-агр. святы, абрады і песні, звязаныя з імі.
Тв.:
Народные белорусские свадьбы в Ошмянском уезде Виленской губернии. Вильна, 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВІТА́ННЕ»,
газета Беларускага рабоча-сял. пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася 7—31.1.1930 у Вільні на бел. мове штотыднёва. На той час адзінае легальнае дэмакр. выданне, вакол якога групаваліся прадстаўнікі рэв.-дэмакр. актыву і члены КПЗБ. Асвятляла дзейнасць Таварыства беларускай школы, культ.буд-ва ў БССР. Змяшчала публіцыстычныя артыкулы («Еўрапейскі сялянскі кангрэс», «Танец смерці», «Зноў голад у Заходняй Беларусі» і інш.), у якіх узнімаліся праблемы сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі. Выйшлі 4 нумары, усе канфіскаваны польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКЕ́ЙРА ((Siqueira) Жазе) (24.6.1907, Кансейсан, штат Параіба, Бразілія — 1985),
бразільскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Рыо-дэ-Жанейра, у Сарбоне (Парыж). Праф.Нац.муз. школы. Адзін з заснавальнікаў (1940) і маст. кіраўнік (да 1948) Бразільскага сімф. аркестра. Для яго твораў характэрны яркі нац. каларыт, шырокае выкарыстанне муз. фальклору: балет «Карнавал у Рэсіфі» (1947), опера «Спагадлівая» (1960), араторыя «Кандомбле» (1958), 3 сімфоніі (усе 1951), «4 індзейскія паэмы» (1944), кантаты, інстр. канцэрты і інш. Аўтар муз. дапаможнікаў і падручнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ВЫЗВАЛЕ́ННЯ БЕЛАРУ́СІ»
(«СВБ»),
справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел.нац. інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэв. і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс у БССР. Вясной—летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у т. л. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел.АН В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, праф. А.А.Смоліч, наркомы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі), пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча і інш. Кіраўніком арг-цыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцтва «ўведзены» І.І.Краскоўскі, Я.Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, А.І.Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУСССР ад 18.3.1931, Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.Ф.Адамовіч і П.В.Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. — на 5 гадоў, 1 — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі», у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі», ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)». Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фіз. катаванні і маральна-псіхал. здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Усе, хто праходзіў па справе «СВБ», зноў арыштаваны ў 1937—41 за «ранейшыя злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах. Некат. з удзельнікаў «СВБ» былі арыштаваны ў 1949—52 трэці раз і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што былі асуджаны раней. Усе рэабілітаваны ў 1956—88 за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1-й трэці 17 ст. — 1830 у Брэсце. Засн. ў 1635 (паводле звестак польск. гісторыка Валыняка — у 1628) брэсцкай войскай Соф’яй Магдаленай Бухавецкай, дачкой каралеўскага сакратара Марыяна Лакніцкага. Адрокшыся ад кальвінізму, яна запісала брэсцкім дамініканцам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і в. Чамяры, Дэрло, Дубаў, Велань. Кляштар размяшчаўся на востраве, пры дарозе на Кобрын. Першыя, верагодна, драўляныя будынкі амаль усе знішчаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кляштар нанава адбудаваны на сродкі Соф’і Пражмоўскай. Яна ж падаравала яму і абраз Маці Божай, які праславіўся як цудатворны (зараз у Фарным касцёле Брэста). Мураваны касцёл св. Соф’і асвячоны ў 1696, карпусы кляштара пабудаваны значна пазней (у 1798 яшчэ не закончаны). Пры кляштары існавалі навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна) і школа філасофіі. Аднанефавы касцёл з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі, вызначаўся багатым жывапісна-разьбярскім аздабленнем; пры гал. алтары знаходзілася надмагілле С.Бухавецкай з партрэтам. Кляштар скасаваны ў 1830, аднак касцёл (адзіны ў Брэсце) пакінуты вернікам як парафіяльны.
Літ.:
Квитницкая Е.Д. Монастыри Бреста XVII—XVIII вв. // Архитектурное наследство. М., 1979. Вып. 27;
Wołyniak. Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Cz. 1. Kraków, 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАНІ́Т»,
кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял.Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач.Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 кмчыг. пуці, 619 кмтэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усепартыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДААСІ́ЗМ,
1) адна з асн. плыней кіт. філасофіі. Заснавальнікам лічыцца стараж.-кіт. філосаф Лао-цзы (6—5 ст. да н.э.), асн. ідэі якога выкладзены ў кн. «Дао дэ цзін». Даасізм — разнавіднасць наіўнага матэрыялізму стараж. кітайцаў з элементамі прымітыўнай дыялектыкі. Пастуліруецца існаванне аб’ектыўнага, незалежнага ад волі нябеснага ўладыкі, прыроднага і адначасова сац.-маральнага пачатку — дао, які ўвасабляе законы неба, прыроды, грамадства і азначае вышэйшую дабрачыннасць і справядлівасць. Усе рэчы ўзнікаюць і развіваюцца па ўласным прыродным шляху. Чалавек павінен прытрымлівацца дао і не ствараць штучных перашкод. Усе грамадскія ўстановы, у т. л. дзяржава, недахопы грамадства (несправядлівасць, няроўнасць і інш.) лічацца адхіленнямі ад сапраўднага дао. Сац. ідэал даасізму — адмова ад цывілізацыі і культуры, вяртанне да першабытнай натуральнасці. Рэзка крытыкуюцца насілле і войны. Прыхільнікі даасізму і яго папулярызатары Чжуанцзы, Ян Чжу, Інь Вэнь (4—3 ст. да н.э.).
2) Адна з кіт. рэлігій. Узнікла ў 2 ст. да н.э. У пач. 5 ст. распрацавана тэалогія і рытуал, у эпоху дынастыі Тан (да 10 ст.) даасізм карыстаўся асаблівай апекай дзярж. улады. Захаваўся да сярэдзіны 20 ст. як сінкрэтычная нар. рэлігія, што спалучала элементы канфуцыянства і будызму. Асн. мэта паслядоўнікаў даасізму — дасягненне даўгалецця. Даоскія магі, лекары, якія шукалі эліксіры бяссмерця, садзейнічалі развіццю кіт. алхіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Аляксей Анатолевіч) (н. 2.2.1957, Мінск),
бел. рэжысёр т-ра лялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл.т-ра лялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел.АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ра лялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.Слепаковай паводле Ш.Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1987), «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.Барышава (1993), «Ганэле» Г.Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДАГАСКА́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ Займае востраў Мадагаскар і шэраг архіпелагаў і астравоў Індыйскага акіяна: Каморскія, Маскарэнскія, Сейшэльскія і інш. Уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя).
У флоры больш за 8,5 тыс. відаў раслін. Найб. пашыраны архідныя (больш за 900 відаў), бамбукі, пальмы. Шмат эндэмікаў з кветкавых раслін (эндэмічных 6—9 сямействаў). Тыповыя віды-эндэмікі — «дрэва падарожнікаў», сейшэльская пальма. Фауна з ранняга неагену развівалася самастойна ад інш. біягеаграфічных абласцей, найб. звязана з фаунай Афрыкі, але некат. віды сведчаць пра стараж. сувязі з Паўд. Азіяй і Амерыкай. 4 атрады нелятаючых млекакормячых, усе віды якіх эндэмічныя: віверавыя, прыматы (лемуравыя, індры, ай-ай), тэнрэкі, хамякі мадагаскарскія. Астатнія млекакормячыя — перасяленцы з Афрыкі (кажаны, кісцявухія свінні, пацукі, мышы). З птушак 50% відаў — эндэмікі (вангавыя, курапаткі пастушковыя, філяпітавыя). З паўзуноў геконы, кракадзілы (нільскі), хамелеоны, чарапахі (сухапутныя і бакашыйныя). Усе земнаводныя адносяцца да жаб (каля 150 відаў, большасць эндэмічныя). З рыб трапляецца некалькі солетрывалых відаў (хромісы, карпазубыя і інш.). З беспазваночных большасць відаў паходзіць з Афрыкі, эндэмікаў мала (некат. скарпіёны і інш).
Да арт.Мадагаскарская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — лемур мышыны; 2 — лемур вары; 3 — ай-ай; 4 — голуб маўрыкійскі; 5 — пустальга маўрыкійская; 6 — пастушок мадагаскарскі; 7 — ілжэнектарніца драбнадзюбая; 8 — удаў драўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ВІ́Ч (Яўген Сцяпанавіч) (21.1.1905, Мінск — 25.2.1979),
бел. драматург, празаік, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў БДУ (1922—24). У 1922—48 акцёр, рэжысёр, заг.літ. часткі Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1949—63 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Кантракт, альбо Усё добра будзе» («Усё добра будзе», паст. 1924), «Вір» (паст. 1926), «Крывая аблона», «Мост» (абедзве паст. 1929), «Камяні на дарозе» (паст. 1931), «Палешукі», «Таварыш Андрэй» (абедзве паст. 1944; усе ў т-ры імя Я.Купалы). Творы вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам. Аўтар оперных і балетных лібрэта «У пушчах Палесся» (паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва», паст. 1939), «Алеся» (з П.Броўкам, паст. 1944), «Дзяўчына з Палесся» (паст. 1953), «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Мара» (паст. 1961; усе ў Бел. т-ры оперы і балета). Даследаваў гісторыю бел.т-ра: кн. «Першы тэатр» (1946), «Народны артыст СССР Б.В.Платонаў» (1954), «Рэкі цякуць з ручаёў» (1969), «Людзі і маскі» (1977). Выдаў зб-кіапавяд. і аповесцей «Галіна Званцова» (1958), «Знаёмыя сілуэты» (успаміны пра бел. пісьменнікаў, 1974). Перакладаў на бел. мову п’есы Л.Талстога, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага і інш.
Тв.:
Па пройдзеных сцежках // Вытокі песні. Мн., 1973.
Літ.:
Уладамірская Г. Мастацтва — яго стыхія, тэатр — ягоны дом // Полымя. 1975. № 1.