КІН-КАМІ́НСКІ (Тадэвуш Карлавіч) (7.5.1922, Мінск — 7.2.1968),
бел. акцёр. У 1939—41 вучыўся ў рэсп. Тэатр.
вучылішчы. У Вял.Айч. вайну вязень фаш. канцлагераў у Зах. Еўропе. З 1945 у Мінску, высланы ў Сібір (да 1947). Скончыў студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1948), працаваў у гэтым тэатры. Характарны акцёр. Ролі вызначаліся маст. пераканаўчасцю, лаканізмам сродкаў выразнасці, знешняй стрыманасцю пры напружаным унутр. жыцці персанажа. Сярод роляў: Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Парфірый («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Бем («Прага застаецца маёй» Ю.Буракоўскага), Цырульнік («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета), Кяміль («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Анастасіс («Востраў Афрадыты» А.Парніса), Петушкоў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́Н-САРА́Й (ад караван + перс. серай — палац, дом),
заезны і гандл. двор для караванаў на дарогах і ў гарадах Б. Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя. Вядомы са старажытнасці, найб. пашыраны ў 9—18 ст. у сувязі з ростам гарадоў і ўзмацненнем транзітнага караваннага гандлю.
Бываюць зальныя (Арменія) — прамавугольныя ў плане будынкі, падзеленыя на нефы (сярэдні неф для людзей і тавараў, бакавыя для жывёлы). Найб. пашыраны тып К.с. — з унутр. дваром, абкружаным 1- або 2-яруснымі памяшканнямі (уверсе звычайна гасцініца, унізе — склады і стойла). Умацоўваліся сценамі або далучаліся да культавых будынкаў. З развіццём чыг. і аўтамаб. транспарту страцілі сваё значэнне.
С.А.Сергачоў.
Караван-сарай у г. Арэнбург (Расія). 1836—42. Арх. А.П.Брулоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБЮРА́ТАР (франц. carburateur),
прылада для стварэння гаручай сумесі з лёгкага вадкага паліва ў рухавіках унутр. згарання. Бывае ўсмоктвальны (паплаўковы, мембранны), упырсквальны і камбінаваны.
Мае паветраны тракт, па якім рухаецца ўсмактанае паветра, і паліўную сістэму, па якой паліва падаецца ў паветраны паток, змешваецца з ім і па ўпускным трубаправодзе паступае ў цыліндры рухавіка. Інтэнсіўнасць паступлення гаручай сумесі рэгулюецца дросельнай заслонкай (гл.Акселератар), а яе склад у адпаведнасці з рэжымам работы рухавіка — гал. сістэмай дазіравання, эканамайзерам, паскаральнай помпай, сістэмамі халастога ходу і пуску халоднага рухавіка і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́ТАЎ (Віль Уладзіміравіч) (10.4.1927, г. Чыта, Расія — 2.5.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Томскі пед.ін-т (1952). Друкаваўся з 1956. Аўтар аповесцей «Шасцёра» (1958), «Капітан «Смелага» (1959), «Смерць Ягора Сузуна» (1963), «Вясковы дэтэктыў» (1967, аднайм. фільм 1969), «Ліда Вараксіна» (1968), «Сказанне пра дырэктара Пранчатава» (1969, тэлефільм «Інжынер Пранчатаў», 1972), «Шэрая мыш» (1970), «Яшчэ да вайны» (1971), «Аповесць без назвы, сюжэта і канца...» (1978), раманаў «І гэта ўсё пра яго...» (1974, аднайм. тэлефільм 1978), «Ігар Сававіч» (1977) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, п’есы. Асн. тэмы твораў — гіст. звязанасць лёсаў, сац. праблемы ў вёсцы, унутр. свет чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́МНІ ПАЛА́Цу Санкт-Пецярбургу,
помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.В.Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.П.Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.П.Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.
Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.Растрэлі. 1754—62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТРАМЕ́Р,
прылада, якой вымяраюць унутр. лінейныя памеры адтулін, пазоў і інш. ў дэталях і вырабах. Найпрасцейшыя Н. — цыркулі з загнутымі вонкі канцамі ножак (з’явіліся ў 16—17 ст.), гранічныя калібры (штыхмасы).
Для больш дакладных вымярэнняў існуюць Н. мікраметрычныя (гл.Мікрометр) са зменнымі падаўжальнікамі (межы вымярэнняў ад 50 да 2500 мм, з дадатковымі індыкатарамі гадзіннікавага тыпу — да 10 м), і індыкатарныя з рычажнымі і клінавымі перадачамі (3—1000 мм). Для малых адтулін выкарыстоўваюць Н. з конуснымі перадачамі (межы вымярэнняў ад 0,2 мм да 18 мм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАНЕЎРАЛО́ГІЯ (ад грэч. us, otos вуха + neuron жыла, нерв + ...логія),
отарыналарынганеўралогія, раздзел отарыналарынгалогіі, які вывучае функцыі нюхальнага, смакавага, вестыбулярнага і слыхавога аналізатараў у норме і пры захворваннях ЛОР-органаў і галаўнога мозга. Пачала развівацца з сярэдзіны 20 ст. на базе нейрахірургіі.
На Беларусі аддзяленне О. сфарміравана ў 1954 на базе НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Вывучаюцца пытанні ранняй дыягностыкі пухлін слыхавога нерва, гломусных пухлін сярэдняга вуха і асновы чэрапа, хвароб унутр. вуха (напр., Меньера хвароба, вестыбулярны нейраніт); ствараюцца новыя дыягнастычныя методыкі (І.А.Склют і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.