ЛАНДША́ФТНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі сушы на адносна аднародныя рэгіёны (раёны, правінцыі, падзоны, зоны) паводле асаблівасцей ландшафтнай структуры; адзін з відаў прыроднага раянавання. Праводзіцца на падставе вынікаў ландшафтнага карціравання і складання ландшафтнай карты. Асн. прынцыпы Л.р.: адносная аднароднасць, комплекснасць, генет. і тэр. супольнасці. Тэр. Беларусі падзяляецца на 2 падзоны, якія вылучаюцца з улікам біякліматычных фактараў: падтаежных (мяшана-лясных) і палескіх (шыракаліста-лясных) ландшафтаў; 5 правінцый, якія аб’ядноўваюць раёны, блізкія па структуры ландшафтаў; 55 ландшафтных раёнаў — тэрыторый, дзе спалучаюцца аднародныя ландшафты, што сфарміраваліся ў аднатыпных умовах.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУРЫ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава ў Італіі ў 1797—1805. Створана на тэр. Генуэзскай рэспублікі пасля акупацыі яе франц. войскамі. Мела канстытуцыю (1797), складзеную на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Тэр. Л.р. была арэнай барацьбы паміж Аўстрыяй і Францыяй. Пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 Аўстрыя заняла Паўн. Італію, у т. л. на кароткі час у 1800 і Л.р. Пасля разгрому аўстр. войск у бітве каля Марэнга Л.р. фактычна кіраваў (да ліп. 1802) напалеонаўскі ген. Дзежан. У 1805 далучана да франц. імперыі, паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 — да Сардзінскага каралеўства.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ СКА́РБЫ,

1) манетна-рэчавы скарб, знойдзены ў 1910 у Полацку на тэр. Верхняга замка. Ухаваны паміж 1060 і 1070. Рэчавая частка складалася з сярэбраных 4 цэлых і 39 абрубкаў палачкападобных зліткаў, 3 фрагментаў буйных аладкападобных зліткаў, некалькіх загатовак з волава. Манетная частка складалася з некалькіх фрагментаў куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата, 128 цэлых і 13 фрагментаў дэнарыяў дзяржаў Зах. Еўропы, 7 перайманняў і манетападобных пласцінак.

2) Скарб з 6 залатых рэчаў знойдзены ў 1984 на тэр. Ніжняга замка. Ухаваны ў 2-й пал. 10 ст. Складаўся з фрагмента грыўні і бранзалетаў.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКО́СТЫ (Anticosti),

востраў у заліве Св. Лаўрэнція, тэр. Канады. Пл. 7,9 тыс. км². Раўнінны (выш. да 192 м), укрыты цемнахвойнай тайгой, балотамі. Порт — Пор-Менье.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУГО́ЛЬНІК (лац. Norma),

невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Не мае зорак, ярчэйшых за 4,0 візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТАЧЫ́,

рамеснікі на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 16—18 ст., якія не ўваходзілі ў цэхі. Пазней П. сталі называць рамеснікаў нізкай прафесійнай кваліфікацыі.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЬБАРСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія з сярэдзіны 1 ст. насялялі тэр. паўн.-ўсх. Польшчы. Назва ад могільніка каля мяст. Мальбарк-Вельбарк у Ніжнім Павісленні. Мае 2 стадыі развіцця: вельбарска-любавідскую (1—2 ст.) і вельбарска-цэцэльскую (2—4 ст.), у час якой пачалося прасоўванне плямён Вельбарскай культуры на ПдУ, таму ў 2 ст. яны займалі тэр. ад правабярэжжа Зах. Буга да р. Гарынь. Насельніцтва жыло на адкрытых селішчах па берагах рэк, у 2-камерных жытлах глінабітна-каркаснай канструкцыі. Выраблялі ляпныя прысадзістыя шыракагорлыя гаршкі, арнаментаваныя рэльефнымі геам. ўзорамі, нешматлікую ганчарную кераміку. Пахавальныя абрады — трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках; пахавальны інвентар найчасцей складаўся з глінянага гаршка, бронзавай фібулы і касцянога грэбеня. На фарміраванне Вельбарскай культуры, на думку многіх даследчыкаў, паўплывалі ўсх.-герм. плямёны готаў і гепідаў. На тэр. Беларусі вядомы толькі могільнікі Вельбарскай культуры з абрадам трупаспалення: Брэсцкі бескурганны могільнік, Дружба (Брэсцкі р-н), Вялічкавічы (Камянецкі р-н) і інш.

В.​С.​Вяргей.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКА-НАЛІБО́ЦКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну.

Утворана на тэр. Івянецкага і частках сумежных з ім раёнаў, якія кантралявалі партызаны. Цэнтр зоны — Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага (гл. Налібоцкія баі 1942, 1943). Да восені 1943 тэр. зоны складала 2,5 тыс. км². Яе ўтрымлівалі 5 брыгад (9 тыс. партызан), 3 асобныя атрады Івянецкага і Стаўбцоўскага партыз. злучэнняў. У зоне была адноўлена сав. ўлада, ліквідаваны ням. маёнткі, сялянам вернута нарабаваная маёмасць. На тэр. зоны базіраваліся падп. Баранавіцкі абком КП(б)Б, Івянецкія міжрайцэнтры КП(б)Б і ЛКСМБ, Валожынскі, Івянецкі, Мінскі, Стаўбцоўскі райкомы, Баранавіцкае партыз. злучэнне, выдаваліся падп. газ. «Чырвоная звязда», «Молодой мститель», «Народный мститель», «Искра». З канца 1942 пачаліся баі па абароне зоны і насельніцтва ад гітлераўцаў, асабліва цяжкія адбыліся ўлетку 1943 у час карнай аперацыі «Герман». Выкарыстоўваючы розныя тактычныя прыёмы, партызаны ні разу не пакінулі раёны сваёй дыслакацыі і ўтрымлівалі зону да вызвалення Беларусі ў ліп. 1944.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з мангольскіх моў. Афіц. мова Манголіі (з 1921; на аснове халхаскага дыялекту). Пашырана таксама ў аўт. раёне Кітая Унутр. Манголіі і шэрагу інш. правінцый. Сфарміравалася ў 14—16 ст. на аснове аднаго з дыялектаў стараж.-манг. мовы. Мае 2 групы дыялектаў: свісцяча-шыпячыя, у гукавым складзе якіх ёсць свісцячыя і шыпячыя зычныя (халхаскі на тэр. Манголіі, шылінгольскі, кукунорскі на тэр. Кітая), і шыпячыя дыялекты, у якіх адсутнічаюць афрыкаты дз, ц (чахарскі, харачынскі, ардоскі на тэр. Кітая). У фанетыцы — сінгарманізм, доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі; у марфалогіі — аглюцінацыя, адсутнасць катэгорыі роду, асабова-прэдыкатыўных часціц, развітая сістэма станаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — пастаноўка дзейніка перад выказнікам, паясняльнага слова перад паяснёным. Пісьмовая літ. мова манголаў — старапісьмовая М.м. (гл. Мангольскае пісьмо); ёй карыстаюцца ва Унутр. Манголіі. З 1945 у Манголіі ўведзена новае пісьменства на аснове рус. графікі.

Літ.:

Санжеев Г.Д. Современный монгольский язык. 2 изд. М., 1960.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)