ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,

верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.​Баршчэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Багдановіча, Я.​Купалы і інш.

Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.​Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)

У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.​Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАК (Leacock) Стывен Батлер (30.12. 1869, Суонмур, Вялікабрытанія — 28.3.1944),

канадскі пісьменнік-гумарыст. Д-р філасофіі (1903). Скончыў ун-ты ў Таронта (1891) і Чыкага (1903). У 1903 праф. ун-та ў Манрэалі. Пісаў на англ. мове. Дэбютаваў зб. гумарыстычных апавяд. «Літаратурныя ляпсусы» (1910). У зб-ках «Абсурдныя навелы» (1911), «Вясёлыя гісторыі пра маленькі гарадок» (1912), «Вар’яцкія выдумкі» (1918), «Гогенцолерны ў Амерыцы» (1919), «Парад смеху» (1940) высмейванне ўласцівых чалавеку заган з элементамі сац. крытыкі. Аўтар літ.знаўчых прац «Ч.​Дзікенс, яго жыццё і творчасць» (1933), «Гумар і чалавецтва» (1937) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Юмористические рассказы. М.; Л., 1967;

Как стать миллионером. М., 1991.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ПАЛ Іван Капітонавіч (13.1.1896—26.5.1943),

расійскі філосаф, літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Маск. ун-т (1919), Ін-т Чырв. прафесуры (1924), працаваў у Маск. ун-це і Ін-це Чырв. прафесуры, у 1935—40 дырэктар Ін-та сусв. л-ры імя М.​Горкага. Даследаваў творчасць франц. матэрыялістаў (Д.​Дзідро, Ж.​Ламетры), раскрыў эвалюцыю іх поглядаў, вучэнне аб этыцы і эстэтыцы, прыродзе і пазнанні, філас. погляды У.​Акосты, А.​М.​Радзішчава, І.​Дз.​Якушкіна і інш. Аўтар артыкулаў пра А.​С.​Пушкіна, Л.​М.​Талстога, А.​М.​Горкага, У.​У.​Маякоўскага, Ш.​Руставелі, І.​В.​Гёте, Г.​Гейнэ, П.​Беранжэ, А.​Франса. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАЎ Канстанцін Іракліевіч (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус. нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Літ.:

Емельянова Н.Н. Композитор К.​И.​Массалитинов. М., 1976.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЧУ́РЫНА-САМО́ЙЛАВА Вера Аркадзеўна (17.5.1866, С.-Пецярбург — 2.11.1948),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1939). З акцёрскай сям’і Самойлавых. З 1886 у Александрынскім т-ры (пазней Ленінградскі акад. т-р драмы імя А.​С.​Пушкіна). Набыла вядомасць выкананнем роляў свецкіх жанчын — халодных, разважных, какетлівых. Творчасць адметная псіхалагізмам, вытанчанай іроніяй: Ранёва («Свеціць, ды не грэе» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва), Гурмыжская («Лес» Астроўскага), Наталля Пятроўна («Месяц на вёсцы» І.​Тургенева), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Хлёстава («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Паліна Бардзіна («Ворагі» М.​Горкага), Ксенія Міхайлаўна, Лянчыцкая («Вогненны мост», «Байцы» Б.​Рамашова), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ІСІ (Moissi) Аляксандр (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),

нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бургтэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.​Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (Берлін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Мефістофель («Фауст» І.​В.​Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Іванаў («Іванаў» А.​Чэхава) і інш.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІНА-КАСІ́ЦКАЯ Любоў Паўлаўна (28.8.1827, с. Жданаўка Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 17.9.1868),

руская актрыса. На сцэне з 1843. Іграла ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і інш. у меладрамах, вадэвілях і операх. З 1847 у трупе Малога т-ра. Яе творчасць вызначалася яркім сцэн. тэмпераментам, шчырасцю перажыванняў. Найб. поўна самабытны талент актрысы раскрыўся ў п’есах А.​Астроўскага; Кацярына («Навальніца», першая выканаўца гэтай ролі), Дуня («Не ў свае сані не садзіся»), Груша («Не так жыві, як хочацца»). Сярод інш. роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Марыя («Матчына блаславенне», пераробка франц. меладрамы) і інш.

Літ.:

Куликова К.Ф. Л.​П.​Никулина-Косицкая. Л., 1970.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРЭ́НКА Яўген Парфір’евіч (9.3.1909, г. Херсон, Украіна — 3.8.1994),

укр. акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў драм. студыю пры Адэскай дзярж. драме (1928), дзе працаваў з 1926. З 1936 ва Укр. т-ры ім. І.​Франко. Творчасць П. вылучалася маст. прастатой, тонкім лірызмам, арганічным спалучэннем паэтычнасці і драматызму. Сярод лепшых роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Іван («Марнасць» І.​К.​Карпенкі-Карага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Швандзя («Любоў Яравая» К.​Транёва), Іскра і Антоніо («Старонка дзённіка» і «Памяць сэрца» А.​Карнейчука), Т.​Р.​Шаўчэнка («Пецярбургская восень» А.​Ільчанкі) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПОЛЕ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага памяркоўна-апазіц. кірунку. Выдавалася з 17(30).Ю. 1909 да 27.12.1911 (9.1.1912) [з 11(24).1 да 27.6(10.7).1910 не выходзіла] у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала праграму газ. «Полесская мысль». Змяшчала інфармацыю пра дзейнасць урада і Дзярж. думы, асвятляла побыт гар. «дна», надзвычайныя падзеі ў краі. Публікавала артыкулы пра жыццё і творчасць М.​Чарнышэўскага, М.​Скабічэўскага, П.​Якубовіча, мастака А.​Куінджы, знаёміла з творамі Л.​Андрэева, Шолам-Алейхема, прапагандавала этычную філасофію Л.​Талстога. Друкавала нарысы сакратара рэдакцыі М.​Л.​Бахціна (псеўд. Міхаіл Хмуры), вершы і апавяданні-замалёўкі мясц. аўтараў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць Гомельскага музычна-драматычнага таварыства.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СЛІ (Presley) Элвіс (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)