УВЯДЗЕ́НСКІ Аляксандр Іванавіч (31.3.1856, г. Тамбоў, Расія —7.3.1925),

расійскі філосаф, псіхолаг, логік, прадстаўнік неакантыянства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881), працаваў у ім у 1881—84, 1887—1922 (з 1890 праф.). У сваёй філас. канцэпцыі — «лагіцызме» — развіваў і паглыбляў асн. палажэнні І.​Канта. На думку У., усялякае душэўнае жыццё падпарадкоўваецца ўздзеянню закону адсутнасці аб’ектыўных адзнак адушаўлення («псіхафізічны закон У.»), таму чужую душу нельга аднесці да пазнавальных з’яў. Прызнанне самога факта духоўнасці ў інш. людзях лічыў выяўленнем маральнага пачуцця чалавека, звязанага з маральным абавязкам, свабодай волі («Пра межы і адзнакі адушаўлення», 1892). Навук. псіхалогію лічыў дысцыплінай, што абмяжоўваецца апісаннем душэўных станаў з дапамогай метаду інтраспекцыі (саманазірання); крытычна ставіўся да эксперым. псіхалогіі і яе эмпірычных магчымасцей («Псіхалогія без усялякай метафізікі», 1914). Логіку разглядаў як частку гнасеалогіі, а яе гал. функцыяй лічыў праверку дакладнасці працэсу пазнання («Логіка як частка тэорыі пазнання», 1909). Выступаў супраць атэізму, які, на яго думку, з’яўляецца вынікам нізкай культуры грамадства, засілля матэрыялізму, пазітывізму і марксізму («Лёс веры ў бога ў барацьбе з атэізмам», 1922).

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСА́ЛІІ ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫЯ,

уласцівасці, з’явы, працэсы, характарыстыкі, што выяўляюцца ва ўсіх натуральных мовах або ў большасці з іх.

Напр., адрозненне імёнаў і дзеясловаў, наяўнасць займеннікаў, катэгорый прамога аб’екта, 1-й асобы, ліку, галосных і зычных гукаў, паратаксісу і інш. Пошук, вызначэнне і сістэматызацыя У.л. — складаны і шматаспектны пазнавальны працэс, у межах якога магчымы выбар розных прынцыпаў і падстаў аналізу. Таму адрозніваюць пэўнае мноства тыпаў У.л.: універсаліі анталагічныя і эпістэмалагічныя, абсалютныя і статыстычныя, простыя і імплікатыўныя, дэдуктыўныя і індуктыўныя, статычныя і дынамічныя, лінгвістычныя і семіятычныя, узроўневыя і міжузроўневыя, уласна моўныя і паралінгвістычныя, унутрымоўныя і сацыялінгвістычныя, а таксама універсаліі мовы і маўлення, маўлення мужчынскага і жаночага, дарослага і дзіцячага, кадыфікаванага і размоўнага, вуснага і пісьмовага і г.д. Лагічнае суаднясенне У.л. розных тыпаў дазваляе выпрацаваць абстрактную мадэль «мова чалавека ўвогуле», або «мова-эталон», якая ўвасабляе навук. гіпотэзу пра агульную частку ў структурах усіх вядомых натуральных моў.

Літ.:

Новое в лингвистике. Вып. 5. Языковые универсалии: Пер. с англ. М., 1970;

Языковые универсалии и лингвистическая типология. М., 1969;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структур. и социал. типология языков. Мн., 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЕ ПА́ЛІВА,

рэчыва, у якім пад дзеяннем нейтронаў адбываецца дзяленне атамных ядзер з вылучэннем энергіі. Выкарыстоўваецца ў ядзерных рэактарах для ажыццяўлення ланцуговай ядзернай рэакцыі.

Як Я.п. выкарыстоўваюць уран (U) і плутоній (Pu). Толькі ядры ізатопаў ​233U, ​235U, ​239Pu, ​241Pu могуць дзяліцца нейтронамі любых энергій. У прыродзе сустракаецца ​235U (першаснае Я.п.): астатнія (другаснае Я.п.) атрымліваюць у атамных рэактарах у выніку рэакцыі радыяцыйнага захопу нейтронаў т.зв. сыравіннымі ядрамі ​238U і ​232Th (торыю) і наступных двух β-распадаў прамежкавых ядраў. У выніку гэтых рэакцый ​238U ператвараюцца ў ​239Pu, а ​232Th — у ​233U. У некаторых тыпах рэактараў (рэактарах-размнажальніках і рэактарах-канвертарах) магчыма пашыранае ўзнаўленне Я.п. (колькасць утворанага другаснага Я.п. большае за колькасць выгаралага першаснага). Паводле хім. складу можа быць метал., аксідным, нітрыдным, карбідным і інш. У ядз. рэактарах размяшчаецца ў цеплавыдзяляльных элементах. якія складаюцца са стрыжня з Я.п., што знаходзіцца ў герметычнай (у асн. метал.) абалонцы. Выгарае не цалкам, таму адпрацаванае Я.п. накіроўваюць на перапрацоўку для здабывання рэшткаў першаснага, утворанага другаснага і ачысткі ад прадуктаў дзялення.

А.​І.​Ярашэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫ МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЯМР),

выбіральнае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення магн. ядрамі атамаў у знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. ЯМР у атамных пучках адкрыў у 1938 І.А.Рабі. у кандэнсаваных сістэмах — у 1946 Э.М.Пёрсел і Ф.Блох.

ЯМР абумоўлены зменай арыентацыі магн. момантаў ядраў адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля пад дзеяннем эл.-магн. выпрамянення. Звычайна на рэчыва адначасова дзейнічаюць 2 магн. палі з узаемна перпендыкулярнымі індукцыямі: моцнае пастаяннае і слабае пераменнае (радыёчастотнага дыяпазону). Адны і тыя ж ядры ў розным хім. акружэнні паглынаюць эл.-магн. выпрамяненне пры розных значэннях індукцыі знешняга магн. поля (хім. зрух рэзанансу), што дае магчымасць выкарыстоўваць ЯМР для даследавання структуры малекул і крышталёў. Найб. велічыню магн. моманту ў параўнанні з інш. магн. ядрамі мае ядро атама вадароду, таму на аснове пратоннага ЯМР распрацаваны спосабы вымярэння індукцыі і аднароднасці магн. поля, метады даследавання хім. рэакцый; ЯМР — фіз. аснова магнітарэзананснай тамаграфіі.

Літ.:

Дероум Э. Современные методы ЯМР для химических исследований: Пер. с англ. М., 1992;

Физические основы квантовой радиофизики. Л., 1985;

Абрагам А. Ядерный магнетизм: Пер. с англ. М., 1963.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НА,

руская нар. эпічная песня пра подзвігі герояў (волатаў-асілкаў), манум. вобразы якіх увасабляюць лепшыя рысы народа, яго сілу, працавітасць, вернасць роднай зямлі. Акрамя «багатырскіх» былін значную ч. быліннага эпасу складаюць творы сац.-бытавога зместу, казачныя, навелістычныя, быліны-скамарошыны. Частка іх на мяжы паміж уласна былінай і баладай.

Як жанр аформілася ў 10—13 ст., што супадае з часам росквіту Кіеўскай дзяржавы і пачаткам феад. раздробленасці Стараж. Русі. Назва «быліна» выкарыстоўвалася побач з нар. назвамі «старына», «старынка» і ў навук. ўжытак уведзена І.​П.​Сахаравым у 1840-я г. Па месцах дзеяння герояў падзяляюцца на кіеўскія і наўгародскія (быліна пра Ілью Мурамца звязаны з Кіевам, пра Садко — з Ноўгарадам). Кіеўскі цыкл найб. багаты. Ён звязаны з падзеямі пры двары кн. Уладзіміра Краснага Сонейка: быліна пра Дабрыню Мікітавіча, Ілью Мурамца, Алёшу Паповіча, Вальгу і Мікулу і інш. Гістарызм гэтых былін, як і фалькл. твораў наогул, пазбаўлены канкрэтызацыі, дакладнага датавання. Быліны ўзаемадзейнічалі з інш. фалькл. жанрамі — казкамі, баладамі, легендамі. Тэксты былін запісаны ад нар. выканаўцаў у 18—20 ст. Цяпер былінная традыцыя нават у асн. раёнах яе бытавання (на еўрап. Поўначы Расіі) амаль знікла.

Былінныя вобразы і матывы сустракаюцца таксама ў бел. чарадзейных казках (Ілья Мурамец, Салавей-разбойнік), у баладах (сястра Алёшы Паповіча) і інш. Таму некаторыя даследчыкі лічаць, што быліны былі пашыраны і на Беларусі. Аднак адсутнасць іх у нар. рэпертуары беларусаў і ўкраінцаў можа абазначаць, што быліны бытавалі ў вузкім коле княжацкіх дружыннікаў, а ў нар. асяроддзі з’явіліся пазней.

Публ.:

Былины. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Астахова А.М. Былины: Итоги и проблемы изучения. М.; Л., 1966.

Л.​М.​Салавей.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці эл.-магн. хваль у дыяпазоне ад 300 МГц да 3000 ГГц. У залежнасці ад тыпу вырашальных задач сістэмы і прылады З.т. падзяляюць на інфармацыйныя (радыёсувязь, тэлебачанне, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і інш.) і энергетычныя (прамысл. тэхналогіі, быт. прылады, мед., біял. і хім. абсталяванне, перадача энергіі і інш.). Прылады і сістэмы З.т. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях па радыёспектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, радыёастраноміі, у апаратуры і абсталяванні ваен. прызначэння і інш.

ЗВЧ хвалі па сваіх уласцівасцях набліжаюцца да светлавых, што дазваляе выкарыстоўваць іх для накіраванай перадачы сігналаў. У дыяпазоне ЗВЧ да 10 ГГц страты ў атмасферы Зямлі нязначныя, а хвалі з частатой больш за 30 МГц праходзяць праз іанасферу без адбіцця. Таму ЗВЧ дыяпазон выкарыстоўваецца для далёкай і блізкай (спадарожнікавай) касм. сувязі, даследаванняў радыёвыпрамянення Сонца і інш. касм. аб’ектаў. Перыяд ЗВЧ ваганняў сувымерны з часам пралёту электронаў у міжэлектроднай прасторы звычайных электравакуумных прылад, што вымагае выкарыстанне ў апаратуры ЗВЧ іх спец. тыпаў (клістронаў, магнетронаў, лямпаў бягучай хвалі, мазераў на цыклатронным рэзанансе, гіраконаў і інш.), а таксама паўправадніковых прылад (тунэльных, лавінапралётных, Гана дыёдаў, ЗВЧ транзістараў і інш.). Пашыраны спец. лініі перадачы (напр., дыэл. і поўныя хваляводы прамавугольнага, круглага ці інш. сячэння, палоскавыя, шчылінныя ці кампланарныя лініі), а таксама фільтры ЗВЧ, накіраваныя адгалінавальнікі, цыркулятары, рэзанатары (як вагальныя сістэмы). У ЗВЧ дыяпазоне можна размясціць значна большую колькасць каналаў сувязі, чым на больш нізкіх частотах, што дазваляе ажыццяўляць многаканальную тэлеф., радыё- і тэлевізійную сувязь.

Літ.:

Лебедев И.В. Техника и приборы СВЧ. Т. 2. 2 изд. М., 1972;

Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.

А.​А.​Кураеў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДАВІ́ТЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія выпрацоўваюць ядавітыя рэчывы (фітатаксіны), што выклікаюць смерць ці паражэнне арганізма чалавека і жывёл. Адрозніваюць безумоўна Я.р. (з падгрупай асабліва ядавітых) і ўмоўна ядавітыя, таксічныя ў пэўных месцазнаходжаннях або пры няправільным захоўванні сыравіны, ферментатыўным уздзеянні грыбоў, мікраарганізмаў. Напр., многія кураваі становяцца ядавітымі, калі растуць на глебах з павышаным змяшчэннем селену; таксічнасць жыціку п’янючага ўзнікае пад уздзеяннем грыбка, які паразітуе на яго зярнятах; ядавіты глікаалкалоід саланін назапашваецца ў клубнях бульбы на святле.

Таксічная ахова з’яўляецца гал. сярод ахоўных стратэгій раслін Расліны, не здольныя схавацца ад нападаючага ворага. прадуцыруюць ахоўныя злучэнні — антыбіётыкі, фітанцыды, алкалоіды і інш. Горкі смак, рэзкі непрыемны пах, павышанае ўтрыманне эфірнага алею. гліказідаў, сапанінаў, смол, кіслот, танінаў. аксалатаў і інш. ядавітых. едкіх або вяжучых рэчываў — асн. сродкі барацьбы за самаахову ў раслін. Напр., прывабнае для спажывання лісце прадстаўнікоў родаў шчаўе, кісліца і рэвень мае значную колькасць аксалатаў, якія выклікаюць нефрыты і ўрэмію, моцнае ўзбуджэнне ц. н. с. (да сутаргаў), памяншаюць згусальнасць крыві. таму не паядаецца жывёлай. Таксічныя ўласцівасці адных і тых жа раслін адрозніваюцца паводле ўздзеяння на чалавека і розныя групы жывёл. Таксічныя для чалавека беладонна (красаўка) і дурнап’ян. няшкодныя для псовых. грызуноў, курэй. Ядавітыя ягады ландышу не выклікаюць атручэння лісоў, і многія псовыя выкарыстоўваюць іх для пазбаўлення ад гельмінтаў. Атручэнні раслінамі ўзнікаюць пераважна пры спажыванні, лек. атручэнні — пры няправільным выкарыстанні і перадазіроўцы прэпаратаў ландышу, наперстаўкі, адонісу, валяр’яну, чамярыцы, лімонніку, жэньшэню і інш. Радзей таксічнае ўздзеянне выклікаецца ўдыханнем ядавітых выдзяленняў (напр., багун, рададэндран), адбываюцца кантактныя пашкоджанні скуры і слізістых (напр., крапіва, малачаі, шалёны агурок), вытв. атручэнні рэспіраторна-кантактнага характару, спажыванне забруджаных расл. ядамі прадуктаў. У атручаных жывёл зніжаецца лактацыя, прадукцыйнасць і інш.

Разам з тым Я.р. з’яўляюцца крыніцамі незаменных рэчываў (лек., інсектыцыдных), многія — карысныя кампаненты прыродных экасістэм (нектараносы, мікарызаўтваральнікі, лек. сродкі для дзікіх жывёл і інш.). У выніку антрапагеннага ўплыву скарачаюцца генафонд і пашырэнне сыравінных раслін, таму ствараюцца спецыялізаваныя плантацыі па вырошчванні Я.р. (напр., спарынні, блёкату, чамярыцы, наперстаўкі).

т. 18, кн. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАРЭ́НСКІ Павел Аляксандравіч (21.1.1882, г. Еўлах, Азербайджан — 8.12.1937),

расійскі філосаф, багаслоў, мастацтва- і літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1904), Маскоўскую духоўную акадэмію (1908) і выкладаў у ёй да 1919 (з 1914 праф.). З 1911 святар. У 1912—17 рэдактар час. «Богословский вестник». З 1918 вучоны сакратар Камісіі па ахове помнікаў мастацтва і старажытнасцей Троіца-Сергіевай лаўры. У 1921—24 праф. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў, вёў н.-д. дзейнасць у сістэме Галоўэлектра ВСНГ РСФСР. З 1927 нам. гал. рэдактара «Тэхнічнай энцыклапедыі». У 1928 высланы ў Ніжні Ноўгарад, у 1933 асуджаны на 10 гадоў; расстраляны ў Салавецкім лагеры. Рэабілітаваны ў 1958 і 1959. Гал. сваёй задачай лічыў пракладанне шляхоў да цэласнага светапогляду, які б сінтэзаваў веру і розум, багаслоўе і філасофію, мастацтва і навуку. Адметныя рысы яго філасофіі («канкрэтная метафізіка») — імкненне да платанізму, збліжэнне элінскай і правасл. духоўных традыцый. Важнай праблемай анталогіі і тэорыі пазнання лічыў выяўленне мовы сімвалаў. Быццё, паводле Ф., скіравана ўнутр, засяроджана ў сваёй глыбіні і разам з тым энергетычна выяўляе сябе звонку; носьбітамі энергіі быцця з’яўляюцца імёны і словы, таму яны — сімвалы быцця; пазнанне ўспрымаў як узаемадзеянне энергій быцця, якое пазнае, і быцця, якое пазнаецца. На яго думку, паколькі мова выяўляе пазнавальныя адносіны да свету, яна з’яўляецца дваістай: і ўстойлівай сістэмай, і жывой дзейнасцю духа. Гэтае двухадзінства лічыў умовай быцця мовы. Паводле Ф., адна з асн. характарыстык быцця ў яго цяперашнім заняпалым стане — антынамічнасць, таму антынамічнае і любое дзеянне розуму. На яго думку, антынамічнасць можна пераадолець праз подзвіг веры і любві. У цэнтры яго культ.-гіст. поглядаў адмаўленне культуры як адзінага ў часе і прасторы працэсу, эвалюцыі і прагрэсу культуры. На яго думку, сярэдневяковая культура, якая карэніцца ў кульце, з уласцівымі ёй цэласнасцю і арганічнасцю, саборнасцю і дыялектнасцю, дынамікай і актыўнасцю супрацьстаіць чалавекабожніцкай культуры Адраджэння; яна характарызуецца раздробленасцю, індывідуалізмам, статычнасцю і інтэлектуалізмам, таму нясе ў сабе пачатак хаосу. Лічыў, што рэнесансавая еўрап. культура да пач. 20 ст. спыніла сваё існаванне, пасля чаго сталі назірацца парасткі культуры новага тыпу. Выступаў супраць уяўлення пра культуру як першасную і самадастатковую каштоўнасць і сцвярджаў неабходнасць пошуку каштоўнасцей, вышэйшых за яе. Такой каштоўнасцю лічыў рэліг. культ. Асн. законам сусвету лічыў закон нарастання энтрапіі (хаосу ва ўсіх яго галінах); хаосу проціпастаўляў Логас. Распрацоўваў паняцці прамой і адваротнай перспектыў як канкрэтна-гіст. тыпаў маст. выяўлення, што адпавядаюць рэнесансаваму і сярэдневяковаму светаразуменню. Абразы разглядаў як найвышэйшыя маст. сімвалы духоўнай рэальнасці. У багаслоўі распрацоўваў сістэмы тэадыцэі (апраўданне Бога ва ўмовах зла) і антрападыцэі (апраўданне чалавека, створанага паводле вобраза і падабенства божага, але недасканалага і грахоўнага). Значнае месца ў яго поглядах займае сафіялогія; разглядаў Сафію як «пачатак і цэнтр збаўленага тварэння», як царкву ў зямным і нябесным аспектах, а Дзеву Марыю як «ідэальнай асобы чалавека». Аўтар прац «Агульначалавечыя карані ідэалізму» (1909), «Ля водападзелаў думкі» (1910—29, не скончана), «Стоўп і сцвярджэнне ісціны: Вопыт праваслаўнай тэадыцэі» (1914), «Уяўнасці ў геаметрыі» (1922) і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—4 М., 1994—99;

У водоразделов мысли. М., 1990;

Воспоминания. М., 1992;

Имена. М.;

Харьков, 2001;

Переписка священника П.​А.​Флоренского со священником С.​Н.​Булгаковым. Томск, 2001.

Літ.:

Половинкин С.М. П.​А.​Флоренский: Логос против хаоса. М., 1989;

Кравец С.Л. О красоте духовной: (П.​А.​Флоренский;

религиозно-нравственные воззрения). М., 1990;

Андроник (Трубачев А.С.). Теодицея и антроподицея в творчестве священника Павла Флоренского. Томск, 1998;

Хоружий С.С. Миросозерцание Флоренского. Томск, 1999;

П.​А.​Флоренский: pro et contra: Личность и творчество Павла Флоренского в оценке рус. мыслителей и исследователей: Антология. 2 изд. СПб. 2001.

Н.​К.​Мазоўка.

П.А.Фларэнскі.

т. 16, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎ у мовазнаўстве,

гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.

Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш. слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989;

Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

мікрагетэрагенныя сістэмы з 2 (ці больш) фаз з вельмі развітай паверхняй падзелу паміж імі. Маюць лішак свабоднай энергіі, павышаную хім., часам біял. актыўнасць, і, як правіла, тэрмадынамічна няўстойлівыя. Уласцівасці Д.с. вывучае калоідная хімія. Д.с. вельмі пашыраны ў прыродзе (горныя пароды, глебы, грунты, туманы, воблакі, атм. ападкі, раслінныя і жывёльныя тканкі).

У Д.с. адна з фаз утварае неперарыўнае дысперсійнае асяроддзе (ДА), у яго аб’ёме размеркавана дысперсная фаза (ДФ) у выглядзе дробных крышталікаў, кропель ці бурбалачак. Паводле дысперснасці (памеру часцінак ДФ) адрозніваюць грубадысперсныя (1 мкм і больш) і тонкадысперсныя ці калоідныя сістэмы (ад 1 нм да 1 мкм); паводле агрэгатнага стану ДА — аэрадысперсныя сістэмы (аэразолі), вадкадысперсныя (золі, суспензіі, пены, эмульсіі), цвёрдадысперсныя (шклопадобныя ці крышт. целы, напр., рубінавае шкло, мінералы тыпу апалу, пенаматэрыялы). Па інтэнсіўнасці малекулярнага ўзаемадзеяння паміж фазамі адрозніваюць ліяфільныя і ліяфобныя Д.с. (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя Д.с. тэрмадынамічна ўстойлівыя, утвараюцца самаадвольна ў выглядзе высокадысперсных сістэм (калоідных раствораў). Ліяфобныя сістэмы маюць тэндэнцыю да самаадвольнага ўзбуйнення часцінак ДФ (гл. Каагуляцыя, Каалесцэнцыя), таму яны існуюць толькі са стабілізатарамі — рэчывамі, якія адсарбіруюцца на паверхні падзелу фаз і ўтвараюць ахоўныя слаі, што перашкаджае збліжэнню часцінак. Д.с. бываюць бесструктурныя і структураваныя (напр., гелі). Утвараюцца ў выніку кандэнсацыі, калі зародкі, што ўзніклі ў гамагенным асяроддзі (перанасычаны раствор, пара, расплаў), не могуць расці неабмежавана, ці пры дыспергаванні.

Літ.:

Урьев Н.Б. Высококонцентрированные дисперсные системы. М., 1980;

Коагуляционные контакты в дисперсных системах. М., 1982.

У.​С.​Камароў.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)