ПА́ЛУБНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,
марская авіяцыя (самалёты і верталёты), якая базіруецца на караблях, што маюць узлётна-пасадачныя (палётныя) палубы (авіяносец, верталётаносец, процілодачны крэйсер і інш.). Прызначана для знішчэння караблёў, падводных лодак, транспартаў і самалётаў, забеспячэння дзеянняў карабельных злучэнняў, марскіх дэсантаў, парушэння або абароны марскіх камунікацый, а таксама для ППА, процілодачнай абароны сваіх караблёў і інш. Выконвае таксама задачы па высадцы дэсантаў з верталётаў, падтрымцы марской пяхоты, траленні мін, пошуку і выратаванні людзей на моры і інш. Лятальныя апараты П.а. адрозніваюцца канстр. асаблівасцямі, якія забяспечваюць іх шчыльнае размяшчэнне на караблі, скарочаныя ўзлёт і пасадку.
т. 12, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ЕР (ад англ. player),
малагабарытны магнітафон (ці магнітола), прызначаны толькі для узнаўлення фанаграм, звычайна праз навушнікі. Адрозніваецца адсутнасцю ўзмацняльніка запісу, гучнагаварыцеляў і інш. Існуюць таксама пішучыя П. Відэаплеер прызначаны для ўзнаўлення відэафільмаў праз тэлевізар ці на малагабарытным вадкакрышталічным экране. Ад відэамагнітафона адрозніваецца адсутнасцю радыёканала для запісу тэлевіз. праграм. Носьбітамі інфармацыі для П. з’яўляюцца аўдыё- і відэакасеты з магн. стужкай, кампакт-дыскі (у т. л. лазерныя і магнітааптычныя), а таксама цвердацельныя прылады памяці. Існуюць П., якія маюць выхад для падключэння да камп’ютэра.
А.П.Ткачэнка.
т. 12, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́ЗВЫ, перазовы,
у беларусаў звычай у канцы вяселля, паводле якога сваты, інш. вясельныя чыны або суседзі маладога ці маладой запрашалі маладых і найб. паважаных удзельнікаў вяселля да сябе ў госці. Наладжваліся з мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі бацькам маладых у правядзенні вяселля. У час П. выконвалі песні, у якіх усхвалялі сватоў, іх хату, гаспадарку, а таксама жартоўныя песні. П. называлі таксама наведванне маладых родзічамі маладой ці наведванне маладымі і родзічамі маладога бацькоў маладой праз тыдзень пасля вяселля. Характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. раёнаў Беларусі.
М.Ф.Піліпенка.
т. 13, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КТАР-РАЗМНАЖА́ЛЬНІК,
разнавіднасць ядзернага рэактара, у якім «спальванне» ядз. паліва суправаджаецца расшыранай вытв-сцю другаснага ядз. паліва.
У Р.-р. нейтроны, што вызваляюцца ў працэсе дзялення ядраў (напр., урану-235 у рэактарах-канвектарах), узаемадзейнічаюць з ядрамі сыравіннага матэрыялу (напр., урану-238), у выніку чаго атрымліваецца другаснае ядз. паліва (плутоній-239). Узноўленае і спаленае палівы могуць быць таксама ізатопамі аднаго і таго ж хім. элемента (рэактар-брыдэр), напр., спальваецца і ўзнаўляецца плутоній-239. Р.-р. выкарыстоўваюцца для атрымання штучных падзельных матэрыялаў, а таксама «спальвання» урану-238 для атрымання электраэнергіі.
т. 13, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САКСО́НСКАЕ ЗЯРЦА́ЛА»,
зборнік сярэдневяковага германскага права. Складзены ў 1221—25 ням. юрыстам Эйке фон Рэпкаў, запіс феад. звычаяў Усх. Саксоніі. Аднак у ім знайшлі адлюстраванне і агульныя для феад. Германіі саслоўныя парадкі, а таксама пачатак развіцця таварна-грашовых адносін. «С.з.» складалася з 2 частак. Першая частка — земскае права (Landrecht), змяшчала асобныя палажэнні аб дзярж. пабудове Германіі (выбары імператара, падзел свецкай і духоўнай улады і г.д.), а таксама нормы цывільнага і крымін. права, суда і працэсу. Другая частка — леннае права (Lehnrecht), прысвечана васальным адносінам паміж феадаламі.
т. 14, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́ЛЬНАЕ ЦЕ́ЛА,
паводле акультных уяўленняў, тонкая энергетычная абалонка чалавечага цела, у якой матэрыялізуюцца пачуцці, жаданні і захапленні чалавека. Гл. таксама Астралогія, Астральныя культы.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТРЭ́НІНГ (ад аўта... + англ. training трэніроўка),
псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).
т. 2, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,
астравы, якія ўзніклі ў межах ложа акіяна або сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў у выніку тэктанічных, вулканічных або арганагенных працэсаў. Гл. таксама Востраў.
т. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́Р,
1) уласнік, уладальнік чаго-небудзь.
2) У ВКЛ у 15—17 ст. тытул вялікага князя, а таксама іншаземных манархаў, вышэйшых духоўных асоб.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ДА,
старажытная колючая зброя; род лёгкага кап’я або пікі з металічным наканечнікам, насаджаным на доўгае цаўё. Падобную паляўнічую прыладу наз. таксама дзідка, рагаціна.
т. 6, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)