ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),

адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст. Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).

Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.​Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.​Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.​Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.​Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.​А.​Моцарта («Музычны жарт»), М.​Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).

У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.​Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.​Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.​Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.​Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.​Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.​Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.​Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.

Літ.:

Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫШЧЭ́ПАЎ (Дзмітрый Філімонавіч) (21.11.1896, в. Калодніца Крупскага р-на Мінскай вобл. —31.1.1940),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1916 у арміі, прапаршчык. У 1919—20 у Чырв. Арміі, потым нам. старшыні Сенненскага пав. выканкома, старшыня Веліжскага пав. рэўкома. У 1922—23 старшыня Аршанскага пав. выканкома. З пач. 1924 нам. старшыні Віцебскага губвыканкома, чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б). У сак. 1924 разам з Я.А.Адамовічам падпісаў акт пра далучэнне Віцебскай губ. да БССР. У 1924—29 нам. наркома, нарком земляробства БССР, старшыня с.-г. секцыі Інбелкульта. З мая да 14.9.1929 нам. старшыні Дзярж. планавай камісіі, чл. Эканам. нарады БССР. Чл. ЦК КП(б)Б (1926—29), ЦВК БССР і яго прэзідыума (1924—29), ЦВК СССР (1922—29). Абвінавачаны ў правым ухіле, у вер. 1929 выключаны з КП(б)Б і зняты з пасады наркома. Яго пазіцыя ў агр. палітыцы атрымала назву «прышчэпаўшчына». Паводле ацэнкі Бюро ЦК КП(б)Б, асн. ідэі яе тэорыі і практыкі заключаліся ў стаўцы на развіццё хутарской сістэмы і абарону інтарэсаў кулацкіх гаспадарак, падпарадкаванне кааперацыі, сельгаскрэдыту, падатковай палітыкі патрэбам заможных пластоў вёскі, згортванне калгаснага і саўгаснага будаўніцтва, вырашэнне праблемы агр. перанасялення шляхам дэпартацыі беднаты на Урал, Д.​Усход і ў Сібір. 19.7.1930 арыштаваны па справе так зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў пакаранне на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, потым у Поўнач-усходлагу. У чэрв. 1937 вызвалены. 13.8.1937 зноў арыштаваны ў Магадане, у студз. 1939 этапіраваны ў Мінск. 20.11.1939 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Памёр у турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1988.

Э.​А.​Карніловіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),

мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.​Тцара, Г.​Баля, Р.​Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.​Брэтона і Ф.​Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.​Элюара, «Феерверк» Л.​Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.​Дзюшан, М.​Эрнст, Ф.​Пікабія, швейцарац Г.​Арп, немец К.​Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.​Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.​Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.

Літ.:

Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.

К.​М.​Міхееў (дадаізм у літаратуры).

Да арт. Дадаізм. Г.​Арп. Дошка з яйкамі 1922.
Да арт. Дадаізм. М.​Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],

форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.​Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.

Літ.:

Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.

Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар. злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕНДА́РНЫЯ КА́ЗКІ,

пераходны жанр ад рэліг. легенды да казкі, у якіх фантастыка звязана з вобразамі Бога, Хрыста, святых, анёлаў, чарцей і падпарадкавана пераважна асэнсаванню сац.быт. адносін ці супярэчнасцей; від казачнага эпасу. Частка ўзыходзіць да некананічных твораў хрысціянскай л-ры на тэмы Старога і Новага запаветаў, напр., казкі «Цар Саламон (салдат, каваль) ратуецца з пекла», «Чорт у Ноевым каўчэгу» і інш. У бел. рэпертуары каля 500 сюжэтаў Л.к., ва ўкраінскім — 196, у рускім — 56. Найб. папулярныя бел. сюжэты «Хто з’еў просвірку» (11 бел., 22 укр., 10 рус. апубл. тэкстаў), «Несцерка, або залатое стрэмечка» (12 бел. і рус., 9 укр. апубл. тэкстаў), «Праведнік у царкве» (12 бел., 10 укр., 5 рус. апубл. тэкстаў) і інш. Грані паміж Л.к. і казкамі інш. жанраў часта ледзь улоўныя. Бел. Л.к. цесна звязаны з чарадзейнымі казкамі і бытавымі. Большасць з іх накіравана супраць рэліг. міфаў і догмаў. Бог у іх падаецца як несправядлівы і жорсткі, святыя — амбітныя, зайздросныя, ілжывыя, помслівыя; ім проціпастаўляюцца справядлівыя людзі.

Нярэдка ў адпаведнасці з нар. светапоглядам святыя гаспадарлівыя, праніклівыя, дзейнічаюць на карысць працаўніка-селяніна. Так, у казцы са зб. У.​Дабравольскага «Суддзя праведны» герой выкрывае несправядлівасць Бога і святых, якія абараняюць багатых. Сумненні героя ў праведнасці Бога і бескарыслівасці святых пераходзяць у іронію над царк. вучэннем і пратэст супраць грамадскай несправядлівасці. Напр., у казцы «П’яніца» просты п’яніца высмейвае ашуканства святых Пятра, Паўла, Іаана-евангеліста і г.д. У сатырычных Л.к. высмейваюцца біблейскія міфы аб стварэнні Богам зямлі, чалавека, жывёл, нярэдка ў іх сатырычна абмаляваны і святары. Л.к. адлюстравалі супярэчнасці ў светапоглядзе сялян, у іх разуменні Бога і святых, свяшчэннага пісання.

Публ.:

Чарадаейныя казкі. Ч. 2. Мн., 1978;

Легенды і паданні. Мн., 1983.

Літ.:

Малорусские народные предания и рассказы: Свод М.​Драгоманова. Киев, 1876;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979. С. 185—217.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАЗНА́ЎСТВА,

навука пра састаў, будову і ўласцівасці металаў і сплаваў, пра іх залежнасць (заканамернасці змен) ад вонкавых уздзеянняў (цеплавых, мех., хім. і інш.). Асн. практычная задача М. — пошук аптымальных саставаў і метадаў апрацоўкі сплаваў для атрымання патрэбных (зададзеных) уласцівасцей. М. ўмоўна падзяляюць на тэарэтычнае, якое разглядае агульныя заканамернасці будовы і працэсаў, што адбываюцца ў металах і сплавах пры розных уздзеяннях, і прыкладное, якое вывучае тэхнал. працэсы апрацоўкі (тэрмічная апрацоўка, ліццё, апрацоўка металаў ціскам), а таксама канкрэтныя класы метал. матэрыялаў. Састаўной ч. М. з’яўляецца металаграфія.

М. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Яго заснавальнікамі лічацца Дз.К.Чарноў і П.П.Аносаў. Развіццю М. спрыяла адкрыццё ў 1869 перыядычнага закону Дз.​І.​Мендзялеева, што дазваляе прадбачыць уласцівасці як чыстых металаў, так і сплаваў. Станаўленню М. спрыялі працы Ф.​Асмонда і А.​Партэвена (Францыя), Г.​Тамана (Германія), У.​Робертс-Аўстэна (Вялікабрытанія) Г.​Хоу (ЗША) і інш. Значны ўклад у развіццё М. зрабілі рас. вучоныя Г.​В.​Курдзюмаў, А.​А.​Бочвар, А.​А.​Байкоў і інш.

На Беларусі работы ў галіне М. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхнал. ін-це Нац. АН, БПА, інш. ВНУ і галіновых НДІ. Распрацоўваюцца пытанні павышэння якасці металапрадукцыі, удасканалення тэхналогіі яе апрацоўкі, укаранення новых спосабаў уздзеяння на структуру і ўласцівасці металаў і сплаваў, стварэння новых матэрыялаў і інш. Важкі ўклад у развіццё М. зрабілі працы бел. вучоных Г.​А.​Анісовіча, С.​А.​Астапчыка, С.​І.​Губкіна, К.​В.​Горава, Я.​Р.​Канавалава, В.​П.​Севярдэнкі, А.​В.​Сцепаненкі, В.​М.​Чачына і інш.

Літ.:

Бочвар А.А. Металловедение. 5 изд. М., 1956;

Болховитинов Н.Ф. Металловедение и термическая обработка. 6 изд. М., 1965;

Структура и свойства металлов и сплавов. Мн., 1974.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш. Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш. ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл. Партызанская зона).

П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл. Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял. Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр. СССРЦэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.

У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл. Тэрарызм).

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свекла.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ЎРАД У ЭМІГРА́ЦЫІ,

створаны 1.10.1939 у Францыі прэзідэнтам Польшчы ў эміграцыі У.​Рачкевічам пасля інтэрніравання ў Румыніі польскага ўрада, які пакінуў Польшчу ў выніку разгрому і акупацыі краіны Германіяй у вер. 1939. Знаходзіўся спачатку ў Францыі, з чэрв. 1940 — у Лондане. Прэм’ер-міністрам урада 30.9.1939 прызначаны ген. У.Сікорскі. Уключаў як дзеячаў даваеннага польскага рэжыму, так і прадстаўнікоў б. апазіцыі. 9.12.1939 пры ўрадзе створаны Нац. савет (парламент у выгнанні) на чале з І.Падарэўскім. У дэкларацыі 18.12.1939 сваёй гал. мэтай ставіў вызваленне ўсіх даваенных польскіх зямель, у т. л. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, таму лічыў сябе ў стане вайны не толькі з Германіяй, але і з СССР. Стварыў Польскія ўзбр. сілы на 3, якія ваявалі супраць Германіі на Зах. фронце, а на акупіраванай тэр. Польшчы шэраг узбр. фарміраванняў, якія з 1942 аб’ядналіся ў Армію Краёву. У лют. 1940 створана падпольная Дэлегатура (старшыня К.​Ратайскі) для ажыццяўлення палітыкі ўрада непасрэдна ў Польшчы. Пасля нападзення Германіі на СССР у чэрв. 1941 Сікорскі падпісаў у Маскве Савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога былі ўсталяваны дыпламат. адносіны паміж урадам СССР, а на тэр. СССР створана Андэрса армія. Пасля выяўлення немцамі вясной 1943 у Катыні месца катавання польскіх афіцэраў СССР разарваў дыпламат. адносіны з эмігранцкім урадам. Пасля гібелі Сікорскага ў ліп. 1943 урад узначаліў С.Мікалайчык. У ліп.жн. 1944 паводле плана «Бура» ўрад арганізаваў шэраг паўстанняў у гарадах з мэтай усталявання сваёй улады да прыходу сав. войскаў (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Пасля безвыніковых перагавораў у Маскве з прадстаўнікамі Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, які адмовіўся прызнаваць уладу эмігранцкага ўрада ў Польшчы, яго кіраўніком у канцы 1944 стаў Т.​Арцішэўскі. Пасля стварэння ў чэрв. 1945 у Польшчы ўрада нац. адзінства вядучыя зах. краіны перасталі прызнаваць урад як прадстаўніка Польшчы, але апошні намінальна працягваў існаваць у Лондане да свайго афіц. роспуску ў снеж. 1990.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,

асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш. нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл. Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;

Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;

Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)