ДА́ЎНА ХВАРО́БА,

храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.​Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл. Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЕ́ЛІЯС»

(ням. Helios),

назва аўтаматычных міжпланетных станцый ФРГ для даследавання калясонечнай прасторы з геліяцэнтрычнай арбіты. «Геліяс-1» запушчаны 10.12.1974, «Геліяс-2» — 15.1.1976. Перыяд абарачэння каля 190 сут, маса 371 кг. Корпус — правільная 16-гранная прызма выш. 0,5 м з папярочным памерам 1,7 м, з прымацаванымі сонечнымі батарэямі. «Геліяс» ў параўнанні з інш. станцыямі набліжаліся да Сонца на найменшую адлегласць (46,5 і 43,4 млн. км адпаведна). Паблізу перыгелія арбіты «Геліяс-2» выяўлена рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі метэорнага пылу, звязанае са з’явай задыякальнага святла.

Да арт. «Геліяс». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Геліяс-1»: 1, 2, 3 — усенакіраваная, маланакіраваная і востранакіраваная антэны; 4 — канічная частка корпуса з сонечнымі батарэямі і люстранымі адбівальнікамі; 5 — жалюзі; 6 — цяплоізалявальныя маты; 7 — магнітометр; 8 — балон са сціснутым газам для мікрарухавікоў; 9 — фатометр; 10 — антэны для рэгістрацыі радыёшумаў.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДНО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (?, Віцебская губ. — ?),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. нац. к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел. к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.​Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЦЫ ((Rákóczi) Дзьёрдзь I) (8.6.1593, г. Серэнч, Венгрыя — 11.10.1648),

князь Трансільваніі ў 1630—48. Пераемнік Г.Бетлена. У 1643 заключыў антыгабсбургскі саюз са Швецыяй, у 1645 і з Францыяй і ўключыўся ў Трыццацігадовую вайну 1618—48. У лют. 1644 на чале 30-тыс. войска рушыў у паход супраць Габсбургаў, у ходзе якога заняў б.ч. Славакіі, у 1645 злучыўся са швед. войскамі, якія трымалі ў аблозе г. Брно. У снеж. 1645 заключыў у г. Лінц (Аўстрыя) мірны дагавор з венг. каралём Фердынандам III Габсбургам, паводле якога прызнана далучэнне да Трансільваніі 5 заваяваных Р. венг. камітатаў (адм. адзінак) і прадастаўлена свабода веравызнання на падуладных Габсбургам венг. землях. Устанавіў сяброўскія сувязі з Б.​Хмяльніцкім. Заахвочваў развіццё гарнарудных промыслаў, рамяства і гандлю. Заснаваў ун-т у г. Шарашпатак (Венгрыя).

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ СКАРБ.

Знойдзены ў Брэсце ў 1834. Складаўся з сярэбраных чары і 2 кавалкаў лому, 470 медных солідаў 1659—66 і 87 сярэбраных манет 2-й пал. 17 ст. Рэчы Паспалітай, Прусіі, Саксоніі. Скарб ухаваны ў канцы 17 ст. 39 сярэбраных манет са скарбу захоўваюцца ў Эрмітажы.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ШСКАЕ ПЛАТО́,

у горнай сістэме Зах. Саянаў, на Пд Сібіры. Выш. да 3129 м (г. Бай-Тайга). Складзена пераважна з метамарфізаваных алеўралітаў, сланцаў, пясчанікаў і кангламератаў. Расчлянёна глыбокімі рачнымі далінамі са стромкімі скалістымі схіламі. На міжрэччах камяністыя стэпы; асобныя гальцовыя вяршыні; на схілах лістоўнічна-кедравыя лясы.

т. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРА́Р-ІФАРА́С (франц. Adrar des Iforas),

Іфарас, пустыннае пласкагор’е на Пд Сахары, пераважна ў Малі. Сярэднія выш. 700 м, найб. да 1000 м. Складзена са стараж. гранітаў. Уздоўж сухіх далін (уэдаў), якія праразаюць масіў, апустыненыя саванны з зараснікамі акацый, ксерафітных злакаў, на вяршынях — горныя пустыні. Рэдкія аазісы.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫРО́НДАК (Adirondack),

горны масіў у сістэме Апалачаў, у ЗША. Выш. да 1628 м (г. Марсі). Рэльеф сярэднягорны са згладжанымі ледавіковымі формамі. Складзены з крышт. пародаў. Шмат азёраў, горных рэк. На схілах хваёвыя і мяшаныя лясы. Раён турызму. Курорт Лейк-Плэсід, цэнтр Зімовых Алімпійскіх гульняў (1932, 1980).

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАННЕ (ад лац. armare умацоўваць, забяспечваць),

умацаванне матэрыялу ці канструкцыі інш. матэрыялам. Выкарыстоўваецца пры вырабе жалезабетонных і каменных канструкцый (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі), вырабаў са шкла (гл. Арміраванае шкло), пластмасаў, керамікі, гіпсу і г.д. (гл. Арміраваныя матэрыялы). Пашыраны кампазіцыйныя матэрыялы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́Т (франц. diplomate),

службовая асоба ўстановы органаў знешніх зносін дзяржавы або дыпламатычнага прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой. У адпаведнасці са сваім статусам прымае непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні функцый у галіне афіц. кантактаў з замежнымі дзяржавамі, мае дыпламатычны ранг або клас дыпламатычны і, як правіла, карыстаецца дыпламат. імунітэтам.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)