БЛА́ШКАВІЧ ((Blaškovič) Дзіяніз) (н. 2.8.1913, г. Ябланец, Чэхія),
чэшскі мікрабіёлаг і вірусолаг. Чл. Чэшскай АН; замежны чл.АНСССР (1966), Нью-Йоркскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў Славацкі ун-т у г. Браціслава, дзе працаваў да 1946. З 1947 у Ін-це аховы здароўя, з 1950 дырэктар Славацкага ін-та біялогіі, з 1953 — Інта вірусалогіі АН Чэхаславакіі. Навук. працы па агульнай і мед. вірусалогіі, натуральнай ачаговасці патагенных вірусаў (грыпу, клешчавога энцэфаліту), гігіене. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙВС ((Graves) Майкл) (н. 1934, г. Індыянапаліс, ЗША),
амерыканскі архітэктар. Скончыў ун-ты ў Цынцынаты і Гарвардскі. З 1962 праф. Прынстанскага ун-та. З 1964 кіраўнік фірмы «Майкл Грэйвс» у Прынстане. Будынкі, створаныя паводле яго праектаў у стылі постмадэрнізму, вызначаюцца вытанчаным элегантным густам. Сярод работ: Музей прыроды і навукі (1967), «Александэрхаўс» (1973) — абедзве ў Прынстане, грамадскія будынкі ў Портлендзе (1982) і Луісвілі (1986) і інш. Вядомы і як мастак-манументаліст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПА́ЛЬВАННЕрасліннасці,
падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,
бялкі, здольныя звязвацца з малекуламі ДНК праз утварэнне вадародных сувязей. Звязванне можа адбывацца па ўсёй даўжыні малекулы (гістонавыя бялкі) ці на працягу пэўных кароткіх яе паслядоўнасцей (сайт-спецыфічныя бялкі). Удзельнічаюць у працэсах рэпліцыравання і счытвання інфармацыі з малекул ДНК, іх упакоўкі ў храмацін, згортвання малекул ДНК з утварэннем розных даменаў, у кантролі за транскрыпцыяй генаў і інш. Кожнаму тыпу клетак жывых арганізмаў уласцівы пэўны набор Д. негістонавай прыроды, які ў сукупнасці вызначае характар экспрэсіі генаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГЯ́ЛА (Алег Міхайлавіч) (н. 28.7.1940, Мінск),
бел. жывапісец. Сын М.Х.Даўгялы. Скончыў тэатр.-маст.ін-т (1967). Працуе ў пейзажным і быт. жанрах. Сярод твораў: «Гарадскі пейзаж» (1965), «Клятва партызан» (мазаіка), «Мінск. Кафедральны сабор» (абодва 1967), «Пасля работы» (1970), «Лагойшчына» (1982), «Нясвіжскі замак» (1988), «Тураўская царква» (1990), «Белая вежа. Камянец» (1992), «Касцёл у Сопаце» (1994), «Замак у Гданьску» (1995), «Месячная ноч» (1997) і інш. Палітра мастака разнастайная і маляўнічая, работы прасякнуты паэт. успрыманнем прыроды, эмацыянальнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГІГІЕ́НА (ад геа... + гігіена),
навуковая дысцыпліна, якая вывучае мед. аспекты глабальных вынікаў дзейнасці чалавека: прамыя ўздзеянні на яго здароўе і апасродкаваныя праз змены балансу экалагічных кампанентаў і экасістэм. Стварае аснову для распрацоўкі мерапрыемстваў па захаванні і паляпшэнні сан. стану навакольнага асяроддзя, прадухіленні негатыўных антрапагенных змен у прыродзе, якія адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека (напр., дзеянне забруджвальных рэчываў). Цесна звязана з комплексам экалагічных, мед., геагр і інш.навук. Зрэдку (у вузкім сэнсе) разумеюць як сінонім аховы прыроды (навакольнага асяроддзя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СА ЗАКО́Н,
асноўны закон тэрмахіміі: цеплавы эфект хім. рэакцыі залежыць толькі ад прыроды і стану зыходных рэчываў і канчатковых прадуктаў і не залежыць ад колькасці і характару прамежкавых стадый у сістэме. Адкрыты эксперыментальна Г.І.Гесам у 1840. З’яўляецца адной з формаў закону захавання энергіі для сістэм, дзе адбываюцца хім. рэакцыі пры пастаянным аб’ёме ці пастаянным ціску. Карыстаюцца Геса законам для разліку цеплавых эфектаў працэсаў, якія цяжка ці практычна немагчыма ажыццявіць, на аснове эксперым. даных для інш. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́Т,
зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ДЗЕ (Карло Раждзенавіч) (29.3.1904, г. Кутаісі, Грузія — 11.12.1988),
грузінскі паэт, драматург. У зб-ках вершаў «Хертвіскія досвіткі» (1937), «У родным краі» (1949), «На беразе Чорнага мора» (1962), «Думы» (1970) тэмы станаўлення сацыяліст. рэчаіснасці, нараджэння новай псіхалогіі, маляўнічыя карціны груз.прыроды. Аўтар п’ес «Як гэта было» (1929), «Дом на беразе Куры» (паст. 1931), «Хатыджэ» (паст. 1929), «Камедыя адной ночы» (паст. 1945) і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У Карызна, В.Лукша, К.Цвірка, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.К.Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).