КІРКО́РЫ,

шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл. Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах ўрада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІ́ВА»,

тыднёвік беларусаў у Польшчы. Выходзіць з 4.3.1956 у Беластоку на бел. мове. У ПНР выдавалася Бел. грамадска-культ. т-вам (БГКТ), з 1992 — праграмнай радай тыднёвіка «Ніва». Фінансуецца Мін-вам культуры і нац. спадчыны Польшчы. Старшыня — Я.​Мірановіч (з 1997), гал. рэдактар — В.​Луба. Змяшчае інфармацыю пра эканам., грамадска-паліт. і культ. жыццё Беласточчыны, дзейнасць бел. арг-цый — БГКТ, Бел дэмакр. аб’яднання (БДА), Бел. аб’яднання студэнтаў (БАС), Бел. гіст. т-ва, праваслаўных брацтваў і інш. Асвятляе муз. і песенныя фестывалі, святкаванні Купалля, Каляд, выступленні артыстаў або вядомых дзеячаў культуры Беларусі, навукоўцаў, палітыкаў. Рэгулярна друкуе краязнаўчыя матэрыялы. Пытанні гісторыі, асабліва 20 ст., нярэдка выклікаюць дыскусіі. Часта публікуе матэрыялы пра Беларусь. Друкуе старонку літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», старонку для дзяцей «Зорка», у 1986—91 змяшчаў старонку БАСа «Прысутнасць».

В.​А.​Трыгубовіч.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ХМІСТР, ахмістрыня,

адміністрацыйная пасада ў гаспадарках магнатаў і шляхты ў сярэдневяковай Польшчы і ВКЛ; кіраўнік панскага двара. Кіраваў гаспадаркай маёнтка: вёў кантроль за сяўбой, зборам і захаваннем ураджаю, доглядам жывёлы, аховай панскага лесу, межаў маёнтка, спагнаннем павіннасцяў. З сярэдзіны 15 ст. назва паступова выцеснена тэрмінам аканом.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУСЛО́ЎСКІ (Юзаф Канстанцін) (9.12.1754, Брэстчына — 14.3.1819),

вучоны-багаслоў. Адукацыю атрымаў у рэліг. установах Польшчы. З 1788 д-р тэалогіі, з 1789 праф. Гал. школы ВКЛ (Віленскі ун-т). Памёр у Вільні.

Тв.:

Życie sławnych Polaków krótko zebrane. T. 1—2. Wilno, 1788—1814.

В.​А.​Гапоненка.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР ДО́БРЫ (? — 1432),

малдаўскі гаспадар (правіцель) у 1400—32. Рэарганізаваў войска, фінансы, упарадкаваў судаводства, праз раздачу гандл. прывілеяў купцам спрыяў развіццю гарадоў. Заваяваў порт Кілію ў вусці Дуная, у 1410 і 1422 аказаў ваен. дапамогу Польшчы ў войнах з тэўтонцамі. Садзейнічаў цэнтралізацыі і ўмацаванню незалежнасці Малдаўскага княства.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІШ (Kalisz),

горад у цэнтр. ч. Польшчы. Адм. ц. Калішскага ваяводства. Вядомы з 2 ст. н. э. 107 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці, маш.-буд., харч., хім., швейныя прадпрыемствы. Вытв-сць муз. інструментаў (піяніна). Арх. помнікі 13—14 ст.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НКА,

рака ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл. і Польшчы, правы прыток р. Нараў (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 34 км (у т. л. ў межах Беларусі 29 км). Пл. вадазбору 247 км². Пачынаецца каля в. Сакольнікі. Каналізавана каля 17 км рэчышча. У ніжнім цячэнні наз. Калона.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (15.3.1920, в. Ліпск Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. —29.5.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з 1945 на фронце. Стралок, камандзір аддзялення М. вызначыўся ў сак. ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1980 працаваў у нар. гаспадарцы.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,

гістарычная вобласць у бас. паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн. ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх. ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).

У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял. кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́ВІЯ (Mazowsze),

гістарычная вобласць Польшчы, у сярэднім цячэнні Віслы і ніжнім цячэнні Нарава і Буга. У раннім сярэдневякоўі тэр. рассялення польскага племя мазаўшан. У склад польскай дзяржавы ўключана, верагодна, у час панавання Мешкі 7, у 10 ст. цэнтр М. — г. Плоцк. У выніку падзелу ў 1138 Польшчы на ўдзелы (паводле завяшчання Баляслава III Крывавустага) узнікла Мазавецкае княства, якое ў 13 ст. распалася на больш дробныя ўдзелы. У 1351—70 і 1388—1526 мазавецкія князі ў леннай залежнасці ад Польшчы. У выніку вымірання мясц. княжацкіх родаў асобныя ўдзелы М. ўключаны ў склад Кароны ў якасці ваяводстваў — Раўскага (1462), Плоцкага (1495), Мазавецкага (1526, цэнтр — г. Варшава). Да 1540 М. захоўвала ўласны сейм, да 1577 — асобнае заканадаўства. У 14—17 ст. дробная шляхта і сяляне каланізавалі суседнія тэр. Прусіі (гл. Мазуры) і Падляшша, заснавалі пасяленні на бел., літ. і ўкр. землях. У выніку Люблінскай уніі 1569 М. стала цэнтр. рэгіёнам Рэчы Паспалітай, Варшава — месцам правядзення агульных сеймаў, з 1569 — сталіцай дзяржавы. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) б.ч. М. адышла да Прусіі, меншая — да Аўстрыі. У 1807 і 1809 М. ў межах Варшаўскага герцагства, у 1815 — Каралеўства Польскага. У 1918 увайшла ў склад адноўленай Польскай дзяржавы ў межах Варшаўскага, часткова Беластоцкага і Люблінскага ваяводстваў, з 1999 — у межах Мазавецкага ваяводства.

Літ.:

Dzieje Mazowsza do 1526 roku. Warszawa, 1994.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)