ПАВЕ́РХНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел дыферэнцыяльнай геаметрыі, які вывучае ўласцівасці паверхняў. Лакальная П.т. вывучае паверхні, атрыманыя ў выніку гладкай дэфармацыі простай вобласці (напр., круга), глабальная — паверхні, «склееныя» з простых, лакальна вызначаных частак. П.т. грунтуецца на тапалогіі і агульнай тэорыі мнагастайнасцей.

У П.т. разглядаюцца ўласцівасці паверхняў, нязменныя пры рухах. Адна з асн. яе задач — вымярэнні на паверхні. Сукупнасць фактаў, якія атрымліваюць пры гэтых вымярэннях, складаюць унутраную геаметрыю паверхні. Да яе паняццяў адносяцца даўжыня лініі, вугал паміж 2 напрамкамі, плошча вобласці, геадэзічная лінія, геад. крывізна лініі і інш. П.т. вылучае і даследуе асобныя класы паверхняў, геам. ўласцівасці ліній на паверхні, прасторавую будову наваколля пункта, выгінанне паверхняў, вызначэнне паверхняў па зададзеных першай і другой квадратычных формах, нармальнай і гаўсавай крывізне, даследаванне паверхні «ў цэлым» па ўласцівасцях наваколля яе пунктаў, тэорыі выпуклых паверхняў, праектыўна-інварыянтныя ўласцівасці паверхняў і інш. У П.т. вызначаюцца ізаметрычнае (пры якім не зменьваюцца даўжыні адпаведных ліній), канформнае (гл. Канформнае адлюстраванне) і інш. адлюстраванні паверхняў адна на адну, будуецца тэорыя сетак на паверхнях. Вывучаюцца паверхні ў мнагамерных эўклідавых і неэўклідавых прасторах, разглядаюцца негаланомныя паверхні (характарызуюць рух цела пад дзеяннем сувязей механічных). Ідэі і метады П.т. шырока выкарыстоўваюцца ў інш. раздзелах матэматыкі, у механіцы і фізіцы. Асновы П.т. закладзены ў працах Л.Эйлера, К.Ф.Гаўса, Т.Монжа.

Літ.:

Норден А.П. Теория поверхностей. М., 1956;

Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;

Дубровин Б.А., Новиков С.П., Фоменко А.Т. Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986.

В.​І.​Бернік.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЫРКО́Ў (Юльян Сяргеевіч) (31.10.1912, в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1980),

бел. літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1945 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1953 заг. сектара), адначасова ў 1945—57 выкладаў у БДУ, у 1966—68 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1940. Аўтар крытычных артыкулаў па творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, першай у бел. коласазнаўстве манаграфіі «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951). Даследаваў літ. жыццё 1920-х г., станаўленне і шляхі развіцця бел. прозы, творчасць Я.​Брыля, У.​Дубоўкі, К.​Крапівы, А.​Макаёнка, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. Аўтар прац «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.)» (1960), «Эпас рэвалюцыі» (1975) і інш. Сааўтар кніг «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў па бел. л-ры для сярэдняй школы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Уплыў творчасці А.​С.​Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;

Якуб Колас: Критико-биогр. очерк. Мн., 1952;

А.​Е.​Богданович. Мн., 1966;

З майго жыццёпісу: [Аўтабіяграфія] // Пра час і пра сябе. Мн., 1966;

Летапісец свайго народа. Мн., 1982.

А.​А.​Лойка.

Ю.С.Пшыркоў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + нацыяналізацыя),

1) у сац.-эканам. і паліт. сэнсе — пераўтварэнне дзярж. (нац.) уласнасці, якая ўзнікла ў выніку нацыяналізацыі, у прыватную, каап., калект., акцыянерную або змешаную. Стала асн. зместам сац.-эканам. пераўтварэння ў час т. зв. першай хвалі лібералізму і свабоднага гандлю ў краінах Зах. Еўропы, ЗША, Японіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. і новай хвалі лібералізму і рэфармавання эканомікі, якая пачалася ў пачатку 1980-х г. і ахапіла фактычна ўвесь свет. У 1950-я г. праводзілася звычайна шляхам продажу дзярж. уласнасці (прамысл. прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і інш.) або распродажу часткі акцый дзярж. кампаній, калі дзярж. ўласнасць ператваралася ў змешаную дзярж.-прыватную ўласнасць. Спецыфічнымі формамі Д. быў распродаж дзярж. прадпрыемстваў, пабудаваных за кошт дзяржавы, у час 2-й сусв. вайны, продаж акцый рабочым і служачым дзярж. прадпрыемстваў (ЗША, Германія, Італія, Бельгія і інш.). У Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах звычайна ўжываецца ў адносінах да часткі нацыяналізаваных галін нар. гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт, сувязь і г.д.). З 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. Д. стала найб. важнай умовай фарміравання асноў эканам. свабоды грамадзян, пераадолення манапалізму і стварэння канкурэнтнага асяроддзя для эфектыўнага функцыянавання эканомікі ў краінах Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Усх. Еўропы і інш.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (1993) Д. ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы або продажу дзярж. або муніцыпальнай уласнасці калектывам, замежным фірмам, прыватным асобам (гл. таксама Прыватызацыя, Раздзяржаўленне).

2) У этнічным сэнсе — тое, што дээтнізацыя.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАПІЎНІ́ЦКІ (Марка Лукіч) (22.5.1840, с. Крапіўніцкае Новаўкраінскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.4.1910),

украінскі драматург, акцёр, рэжысёр; адзін з заснавальнікаў укр. прафес. т-ра. Скончыў Бобрынецкае пав. вучылішча (1856). Выступаў як акцёр-аматар, з 1871 акцёр-прафесіянал, валодаў вялікім акцёрскім тэмпераментам, вобразнай выразнасцю. Арганізатар першай прафес. укр. тэатр. трупы (1882, разам з М.​Старыцкім), якая выступала ў гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску (1890, 1892, 1893, 1899), Гомелі, Бабруйску (1894). Аўтар больш як 40 драм. твораў. Сярод іх: драмы «Дай сэрцу волю, завядзе ў няволю» (1863), «Памірыліся» (1869), «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць» (1882), «Алеся» (1891), вадэвілі «Пашыліся ў дурні» (1875) і «Па рэвізіі» (1882), у якіх адлюстраваў побыт, норавы парэформеннай укр. вёскі, беспрасветнасць правінцыяльнай рэчаіснасці. Пашырыў жанравыя межы ўкр. драматургіі, узбагаціў яе моўна-стылістычныя сродкі. Перапрацоўваў і інсцэніраваў творы Т.​Шаўчэнкі, М.​Гогаля, Я.​Грабінкі і інш. Пісаў песні, рамансы, вак. дуэты, музыку для спектакляў. Аўтар мемуараў. Творы К. мелі вял. папулярнасць на бел. сцэне ў пач. 20 ст. Яго п’есы «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» ставілі Першая бел. трупа І.​Буйніцкага, у 1920-я г. бел. аматарскія гурткі і прафес. т-ры: Бел. муз.-драм. гурток у Вільні, Бел. драм. гурток у Пецярбургу, трупа У.​Галубка, БДТ.

Тв.:

Твори. Т. 1—6. Київ, 1958—60;

Драматичні твори. Київ, 1990;

Бел. пер. — Пашыліся ў дурні. СПб., 1910;

Па рэвізіі. СПб., 1911;

Рус. пер. — Пьесы. Л.;

М., 1960.

Літ.:

Киричок П.М. Марко Кропивницький. Київ, 1985;

Ахрыменка П.П. Летапіс братэрства. Мн., 1973.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,

найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.​Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).

Публ.:

Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),

бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.​Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар. маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд. М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).

Літ.:

Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;

Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;

Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;

Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУКСТ (Рыгор Канстанцінавіч) (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.​Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, ў 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.​Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.​Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.​Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, А.​Пушкіна, А.​Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.​Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.​Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел. нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).

Літ.:

Журавлев Д.Н. Г.​К.​Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Р.К.Пукст.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РБІС (Аляксандр Лаўрэнавіч) (псеўд. Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел. Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ва Чырв. Крыжа БССР. Чл. ЦВК БССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел. нац. руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр. БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел. прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.​Крапіўніцкага, «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1915).

М.​В.​Біч.

А.Л.Бурбіс.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГАМА́НАЎ (Міхайла Пятровіч) (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),

укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.​Паўлыкам і С.​Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.​Шаўчэнкі, П.​Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кі ўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.​Б.​Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.​Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.

Тв.:

Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.

Літ.:

Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;

Злупко С.М. М.​П.​Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук. канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)