БРО́ЕР ((Breuer) Марсель Лаяш) (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.​Зерфюсам і П.​Л.​Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУК ((Brook) Пітэр) (н. 21.3.1925, Лондан),

англійскі рэжысёр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1943 у Лондане. У Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры (з 1962 адзін з кіраўнікоў т-ра) паставіў п’есы У.​Шэкспіра «Мера за меру», «Зімовая казка», «Гамлет», «Кароль Лір» і інш. Працаваў у драм. т-рах Лондана, Бірмінгема, Парыжа. Ставіў оперы ў «Ковент-Гардэн» (Лондан) і «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1944 працуе ў кіно. Сярод фільмаў: «Опера жабракоў» (1953), «Мадэрата кантабіле» (1960), «Уладар мух» (1962), «Кароль Лір» (1971), «Трагедыя Кармэн» (1984). З 1971 кіраўнік Міжнар. цэнтра тэатр. даследаванняў у Парыжы.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ АГО́НЬ,

агонь, які запальваюць і падтрымліваюць на памятных месцах, як сімвал увекавечання памяці тых, хто загінуў, на месцах бітваў, каля помнікаў, манументаў, курганоў Славы, Памяці, Бессмяротнасці, на брацкіх могілках і мемарыяльных могілках воінаў, партызан, ахвяр фашызму. Упершыню запалены ў 1920 у Парыжы на магіле Невядомага салдата 1-й сусв. вайны. На Беларусі вечны агонь гарыць каля манументаў Перамогі ў Мінску і Віцебску, у Брэсцкай крэпасці-героі, каля помнікаў Памяці ахвяр фашызму лагераў смерці Трасцянец, Масюкоўшчына (Мінскі р-н), у мемарыяльных комплексах Хатынь (Лагойскі р-н) і інш. населеных пунктах, а таксама на месцах памятных падзей.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫМАН, Харыман (Harriman) Уільям Аверэл (15.11.1891, Нью-Йорк — 26.7.1986), палітычны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Дэмакр. партыі з 1928. У 2-ю сусв. вайну пасланнік прэзідэнта Ф.​Рузвельта ў Вялікабрытаніі і СССР па каардынацыі праграмы ленд-лізу (1941—43). Пасол у СССР (1943—46) і Вялікабрытаніі (крас. — вер. 1946). Міністр гандлю (1946—48). Спец. ўпаўнаважаны па ажыццяўленні Маршала плана (1948—50). Губернатар штата Нью-Йорк (1955—59). У 1963 як намеснік дзярж. сакратара ЗША вёў перагаворы пра заключэнне пагаднення аб спыненні выпрабаванняў ядз. зброі. У 1968—69 узначальваў дэлегацыю ЗША на канферэнцыі па В’етнаме ў Парыжы.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РВЕГ ((Herwegh) Георг) (31.5.1817, г. Штутгарт, Германія — 7.4.1875),

нямецкі паэт, крытык. У 1839 эміграваў у Швейцарыю, з 1848 у Парыжы. З 1866 у Бадэн-Бадэне (Германія). Арыентаваўся на творчасць Р.Бёрнса і П.Беранжэ. Спалучаў песенны лад вершаў з сац. насычанасцю тэматыкі. У зб. «Вершы жывога чалавека» (ч. 1—2, 1841—43) пераважае паліт. лірыка, скіраваная супраць феад.-манархічнага ладу і ням. філістэрства. Вершы 1846 у асноўным пра паўстанне 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Цыкл вершаў прысвяціў рэв. падзеям 1848—49 у Еўропе.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУН ((Hūns) Карл Фрыдрыхавіч) (Карл Фёдаравіч; 13.12.1830, Мадліена Огрскага р-на, Латвія — 28.1.1877),

латышскі жывапісец і графік, адзін з заснавальнікаў лат. Рэаліст. мастацтва. Акад. (1868), праф. (1870) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1852—61). У 1863—71 жыў у Парыжы. Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1873). Працаваў пераважна ў гіст. і быт. жанрах («Хворае дзіця», 1869; «Сцэна з Варфаламееўскай ночы», 1870; «Папаўся!», 1875). Адзін з першых як прафесійны мастак звярнуўся да ўласна лат. тэматыкі («Латышскі батрак за абедам», 1863, і інш.). Пісаў партрэты.

К.Гун. Латышскі батрак за абедам. 1863.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́Б ((Jacob) Франсуа) (н. 17.6.1920, г. Нансі, Францыя),

французскі мікрабіёлаг, генетык. Чл. Парыжскай АН (1977). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага навук. т-ва (1973), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1964). Скончыў Парыжскі ун-т (1947). Да 1950 працаваў у ім, з 1950 у Ін-це Пастэра ў Парыжы (з 1960 праф.), адначасова з 1965 у Калеж дэ Франс. Навук. працы па генетыцы бактэрыяльных клетак і вірусаў. Адзін з аўтараў гіпотэзы пераносу генетычнай інфармацыі і рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках (канцэпцыя аперона). Аўтар прац па лізагеніі (канцэпцыя эпісом). Нобелеўская прэмія 1965 (разам з А.Львовым і Ж.Мано).

Ф.Жакоб.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫД ((Gide) Шарль) (29.6.1847, г. Юзес, Францыя — 13.3.1932),

французскі эканаміст, гісторык, тэарэтык франц. каап. руху, стваральнік т.зв. Німскай школы. Скончыў Парыжскі ун-т (1874). Праф. ун-таў у Бардо (1874), Манпелье (1880), Парыжы (1898—1920). Прыхільнік суб’ектыўнай школы палітэканоміі і тэорыі «кааператыўнага сацыялізму». Лічыў, што капіталіст. вытв-сць можа быць рэфармавана шляхам масавага развіцця спажывецкіх кааператываў, якія забяспечаць справядлівыя адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі. У 1887—1911 выдаваў час. «Revue d’Économie Politique» («Агляд палітэканоміі»). Аўтар прац «Прынцыпы палітэканоміі» (1884), «Гісторыя эканамічных вучэнняў ад фізіякратаў да навейшых часоў» (разам з Ш.​Рыстам, 1909) і інш.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАРЭ́ (франц. cabaret літар. карчма),

тэатральнае рэвю-прадстаўленне, у якім спалучаюцца муз. нумары і сатыра. Адбываецца ў кавярні, бары. Узнікла ў Парыжы ў канцы 19 ст. ў месцах для забаўляльных відовішчаў («Мулен руж» і інш.). Хутка прывабіла пісьменнікаў і мастакоў авангарда. З пач. 20 ст. пашырылася па ўсёй Еўропе (першыя К. ў Расіі вядомы з 1908). У 1920-я г. ў Берліне з’явіліся паліт. К., пазней скасаваныя фашыстамі. Паступова К. страцілі імправізаваны характар, на падмостках пачалі выступаць прафес. артысты эстрады. Часам К. ператвараюцца ў т-ры мініяцюр, рэстараны, дзе даюцца эстр. прадстаўленні.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФКА ((Kafka) Багуміл) (14.2.1878, Нова-Пака, Чэхія — 24.11.1942),

чэшскі скульптар, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў школе скульптараў і каменшчыкаў у Горжыцы, у Маст.-прамысл. школе (1896—98; выкладаў у 1916—25) і АМ (1898—1901; выкладаў з 1925) у Празе. У 1904—08 у Парыжы. Творчая манера адметная пошукамі прасторавай выразнасці, свабодай кампазіцый, жывапіснай пластычнасцю. Сярод работ: «Руіны жыцця» (1902), «Брукаўшчыкі», «Серна з дзіцянятамі», рэльеф «Пасля купання ў моры» (усе 1905), «Абуджэнне» (1905, 1926), «Зоркі гаснуць» (1906), праекты помнікаў К.​Гаўлічаку-Бораўскаму (1924), Я.​Жыжку (1931—34; устаноўлены ў 1950 у Празе) і інш. Працаваў як партрэтыст і медальер.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)