КАНСЕРВА́ТАР (ад лац. conservator ахавальнік),
1) прыхільнік кансерватыўных поглядаў, праціўнік прагрэсу і пераўтварэнняў (у паліт. жыцці, л-ры і мастацтве, навуцы).
2) Член кансерватыўных партый у Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах (гл. Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі).
т. 7, с. 590
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОНКАНФАРМІ́ЗМ (англ. nonconformism літар. нязгода),
нязгоднасць, неўспрыманне норм, каштоўнасцей, мэт, што дамінуюць у дадзенай групе, грамадстве; імкненне любой цаной супярэчыць думцы большасці і паводзіць сябе процілеглым чынам; крытычныя адносіны да афіц. ідэалогіі і грамадска-паліт. ладу.
т. 11, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.М.Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук. працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.М.Астроўскага, І.А.Ганчарова, А.К.Талстога, І.С.Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.
т. 4, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НАЧНАЯ ГРАМАДА́ ў Маскве,
грамадска-паліт. і прафес. арг-цыя бел. чыгуначнікаў — бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1918, зарэгістравана Беларускім нацыянальным камісарыятам 25.5.1918. Асн. задачы: нац.-культ. адраджэнне Беларусі, развіццё прам-сці, гандлю, асветы; беларусізацыя чыгункі, удасканаленне і развіццё чыг. сеткі і інш. шляхоў зносін на Беларусі. Паліт. платформа: федэрацыя дэмакр. Беларусі з Сав. Расіяй, роўнасць усіх нацый і рэлігій, роўнае выбарчае права, выбарнасць судовай адміністрацыі, права на арганізацыю нар. міліцыі, кантроль дзяржавы над вытв-сцю, свабода забастовак, 8-гадзінны працоўны дзень, аддзяленне царквы ад дзяржавы, адкрыццё на Беларусі сваіх ВНУ; увядзенне бел. мовы ў справаводства органаў мясц. самакіравання, судоў і навуч. устаноў.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІВІЯ́Д (Alkibiadēs; каля 450—404 да н.э.),
старажытнаафінскі паліт. і ваен. дзеяч. Сваяк і выхаванец Перыкла, вучань Сакрата. Вызначаўся частай зменай паліт. арыентацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 неаднаразова выбіраўся стратэгам. У 415 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў ваен. экспедыцыі супраць Сіракузаў. Абвінавачаны ў разбурэнні гермаў (статуй Гермеса), уцёк у Спарту (садзейнічаў ёй у барацьбе з Афінамі), адтуль у Персію. У 411 падтрымаў алігархічны, пазней дэмакр. ўрады ў Афінах. На чале афінскага флоту перамог спартанцаў каля Абідаса (411) і Кізіка (410). З трыумфам вярнуўся ў Афіны і абраны гегемонам. Пасля паражэння афінскага флоту ў баях са спартанцамі (408—407) уцёк у Фракію, потым ў Персію, дзе быў забіты.
т. 1, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШЧЫ́НСКІ ((Goszczyński) Севярын) (4.11.1801, г.п. Ільінцы, Украіна — 25.2.1876),
польскі паэт, паліт. дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Б.Ф.Залескім) т.зв. укр. школы польск. рамантызму. Удзельнік паўстання 1830—31. Рэв.-патрыят. зместам з моцнымі радыкальнымі акцэнтамі насычаны яго раннія вершы і зб. «Пабудка» (1831). Падзеям казацка-сял. паўстання 1768 на Украіне прысвечана паэма «Канёўскі замак» (1828). Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў (Галіцыя, Францыя). Вершы позняга перыяду прасякнуты рэліг.-патрыят. духам («Пасланне да Польшчы», 1856). Аўтар «Дзённіка падарожжа ў Татры» (1832), паэмы «Сабутка» (1834), паэмы ў прозе «Кароль замчышча» (1842), літ.-крытычных і грамадска-паліт. даследаванняў — «Новая эпоха польскай паэзіі» (1835), «Слова пра самаахвярнасць» (1844), успамінаў «Бельведэрская ноч» (1870) і «Падарожжа майго жыцця» (выд. 1923).
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЗО́ ((Guizot) Франсуа П’ер Гіём) (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл. Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд. т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.
т. 5, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕВАЭ́С (Zevaès) Аляксандр [сапр. Бурсон (Bourson) Густаў Аляксандр; 24.5.1873—21.2.1953], французскі паліт. дзеяч, адвакат, гісторык. У 1898—1910 дэп. парламента. З 1892 чл. Рабочай Партыі незалежных сацыялістаў. У 1905 разам з А.Брыянам, А.Мільеранам і Р.Вівіяні заснаваў Рэсп. сацыяліст. партыю. У 1-ю сусв. вайну на патрыятычных пазіцыях, у 1919 быў адвакатам Р.Вілена — забойцы Ж.Жарэса. У 1940 вызначыўся абаронай дэпутатаў-камуністаў перад парыжскім ваен. трыбуналам. Аўтар прац па гісторыі Трэцяй рэспублікі і левага руху ў Францыі. У 1911—23 пад яго рэдакцыяй выйшлі 12 тамоў «Гісторыі французскіх сацыялістычных партый» (4 з іх напісаны З.). Працы З. адметныя багатым фактычным матэрыялам па паліт. гісторыі Францыі 19—20 ст.
В.В.Варановіч.
т. 7, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАРСЭ́ ((Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала) (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),
французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц. АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.
В.І.Боўш.
т. 7, с. 577
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МАН (Kimōn; каля 504—449 да н.э.),
афінскі палкаводзец і паліт. дзеяч перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. Стратэг у 478—475 да н.э. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза. У 476—475 заняў крэпасць Эён (Фракія) і в-аў Скірас. Паліт. праціўнік Фемістокла і Перыкла, на чале алігархаў выступаў супраць дэмакратызацыі дзярж. ладу Афін. У 469 перамог персаў у М. Азіі, у 468 выцесніў персаў з п-ва Херсанес Фракійскі. У 466—465 задушыў паўстанне саюзнікаў супраць Афін на а-вах Наксас і Тасас. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Спарту. У 461 выгнаны з Афін, каля 456 вярнуўся, зноў удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць персаў. Загінуў у час марской экспедыцыі на Кіпр.
т. 8, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)