венеты (лац. Venedi, Veneti), старажытны індаеўрапейскі народ, роднасны, верагодна, ілірыйцам і лацінянам. Упершыню ўпамінаецца ў «Іліядзе» Гамера, пазней у творах Карнелія Непота, Ціта Лівія, Герадота, Страбона і інш.Найб. распаўсюджаны погляд, што найстаражытнейшым венедам належала археал.лужыцкая культура ў Цэнтр. і Паўн. Еўропе. У 2—1-м тыс. да н.э. яе носьбіты рассяліліся і фіксуюцца на Балканах, у М. Азіі (энеты), Адрыятыцы (пазнейшая вобласць і горад Венецыя), на Пн і Пд Германіі, у Галіі (пазнейшая вобласць Вандэя), Брытаніі, на Ютландскім п-ве, у Прыбалтыцы. На ўсіх тэр. рассялення венедаў асіміляваны. У першых ст.н.э. венеды ўпамінаюцца Плініем Старэйшым, Тацытам, Пталамеем па цячэнні Віслы, дзе яны асіміляваны славянамі, на якіх у сярэднявеччы перайшла назва венеды (у форме вендэн, віндэн). Ад венедаў паходзяць сучасныя назвы рускіх з боку эстонцаў (венеласед), фінаў (веная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ КРУГ,
станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс.н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст. Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ЦЫЯ
(Dalmacija),
гістарычная вобласць на Адрыятычным узбярэжжы Балканскага п-ва (разам з Далмацінскімі а-вамі) на тэр. Харватыі і Чарнагорыі. У старажытнасці была населена ілірыйскімі плямёнамі далматаў (адсюль назва), на прылеглых астравах з 4 ст. да н.э. існавалі грэчаскія гандл. калоніі. У 168—155 да н.э. і пазней заваявана рымлянамі, з 9 н.э.рым. правінцыя з цэнтрам у раёне сучаснага г. Спліт. З 395 у складзе Зах.Рым. імперыі, з 489 у дзяржаве остготаў, з 535 пад уладай Візантыі. У 6—7 ст. заселена славянамі, пазней прынята хрысціянства. У 9—10 ст. пад уладай Харвацкай дзяржавы, з 1102 у Венгерскім каралеўстве. У 12 — пач. 15 ст. росквіт сярэдневяковых гарадоў-камун (Задар, Спліт, Дуброўнік, Котар і інш.). У 1420—1797 Д. (акрамя Дуброўніцкай рэспублікі) — уладанне Венецыі (у 16 ст.ўнутр. раёны Д. заваяваны туркамі), у 1797—1918 —Аўстрыі (у 1806—13 было падпарадкавана Францыі, у т. л. ў складзе Ілірыйскіх правінцый з 1809). З 1918 Д., акрамя гарадоў Задар (Зара), Рыека (Фіуме) і некалькіх астравоў, якія ўвайшлі ў склад Італіі, у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну б.ч. Д. анексіравана Італіяй (1941). З 1945 у складзе Харватыі (асн. частка) і Чарнагорыі (крайні Пд).
Літ.:
Фрейденберг М.М. Деревня и городская жизнь в Далмации XIII—XV вв. Калинин, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНЕМХЕ́Т III,
егіпецкі фараон [каля 1844—1797 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім інтэнсіўна будаваліся храмы, былі расшыраны медныя руднікі на Сінайскім п-ве, у выніку ірыгацыйных работ у Фаюмскім аазісе створана штучнае Мерыдава воз., узведзены вял. будынак у Фаюме, названы грэкамі Лабірынтам (прыраўноўваўся да сямі дзівосаў свету), 2 піраміды. Праўленне Аменемхета III — перыяд т.зв. другога росквіту Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МРЫ,
археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МФАРА
(лац. amphora ад грэч. amphoreus),
у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.
Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВЕ́СТА»,
збор свяшчэнных кніг зараастрызму ў некаторых стараж. народаў Ірана, Сярэдняй Азіі, Азербайджана і Афганістана. Узнікла, верагодна, у 1-й пал. 1-га тыс. да н.э., агульнапрызнаным канонам стала ў 3—7 ст. Напісана на стараж.-іранскіх дыялектах. Складаецца з рэліг. прадпісанняў, малітваў, гімнаў, мае шмат міфічных элементаў. Выкарыстоўваецца ў богаслужэнні парсаў (Індыя). Раннія часткі «Авесты» прыпісваюцца прароку Заратуштры (Зараастру).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖХУКА́Р,
археалагічная культура эпохі энеаліту (16—15 ст. да н.э.) на тэр. Сінда (Зах. Пакістан). Прасочваецца на некат. помніках, у т.л. каля сучаснага паселішча Джхукар, дзе змяняе Інда даліны цывілізацыю. Характэрная двухкаляровая кераміка, якая мае аналагі з Белуджыстанам. Выяўлены своеасаблівыя пячаткі з каменю, фаянсу і гліны, медныя шпількі, правушныя сякеры, характэрныя для тэр. Сярэдняга Усходу. Некат. даследчыкі звязваюць развіццё Дж. з арыйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРЫЯ́Т
(Viriathus; ? — 139 да н.э.),
кіраўнік паўстання плямён лузітан у стараж. Іспаніі супраць Рыма. Зачэпкай да паўстання быў загад рым. прэтара Гальбоя забіваць ці ператвараць у рабоў няўзброеных лузітан. Умела выкарыстоўваючы тактыку партыз. барацьбы, паўстанцы неаднаразова наносілі паражэнне рым. легіёнам. У 141 быў прызнаны ў Рыме незалежным правіцелем.
Па-здрадніцку забіты сваімі прыбліжанымі, якіх падкупілі рымляне. Пасля гэтага Лузітанія была канчаткова заваявана Рымам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІКУРА́Т,
ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.
Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.