КАЛЯДА́ (Андрэй Аляксеевіч) (н. 18.7.1946, в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне камп’ютэрнай алгебры, інфарматыкі і кібернетыкі. Д-рфіз.-матэм.н. (1990). Скончыў БДУ (1969), дзе і працаваў. З 1978 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. Навук. працы па тэорыі, метадах, праграмна-алгарытмічных і апаратных сродках арганізацыі паралельных вылічэнняў. Распрацаваў новы кірунак у тэорыі мадулярных выліч. структур (МВС) — мінімальна залішнія МВС. Дзярж. прэмія СССР 1991.
Тв.:
Модулярные структуры конвейерной обработки цифровой информации. Мн., 1992 (разам з І.Ц.Пакам);
Высокоскоростные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с.Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),
бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАВА (сапр.Няелава) Яўгенія Іванаўна
(26.12.1780—11.4.1869),
руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1799, педагог І.Вальберх). У 1799—1826 у Пецярбургскім імператарскім т-ры. Дасканала валодала тэхнікай класічнага танца і мастацтвам пантамімы. Сярод партый: Ізора («Рауль Сіняя барада» А.Грэтры і К.Каваса), Адэлаіда («Рауль дэ Крэкі...» Каваса і Ц.Жучкоўскага), Медэя («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа), Федра («Федра і Іпаліт» Каваса і П.Турыка), Дзяўчына («Новы Вертэр» С.Цітова). Заснавальніца рус. характарнага танца. Адна з першых у Расіі змяніла пышны стылізаваны касцюм на ант. хітон. Іграла ў оперных і драм. спектаклях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАКО́Ў (Васіль Пятровіч) (11.3.1845, в. Церуха Гомельскага р-на — 16.3.1922),
расійскі матэматык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Кіеўскі ун-т (1868), дзе і працаваў (з 1877 праф.), з 1899 у Кіеўскім політэхн. ін-це. Навук. працы па матэм. аналізе, алгебры, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, механіцы. Адкрыў новую прыкмету збежнасці бесканечных шэрагаў (1870), даў новы спосаб рашэння класічнай задачы аб брахістахроне (1900). Выдаваў «Журнал элементарной математики» (1884—86). Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для ВНУ.
Літ.:
Историко-математические исследования. М., 1956. Вып. 9. С. 667—722;
Дабравольскі В.А. Да ісціны — найпрасцейшым шляхам: Васіль Ермакоў. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАГАРАДО́ЦКІ БОЙ 1943,
бой 425-га партыз. палка па разгроме 1-га ням. батальёна 278-га грэнадзёрскага палка 95-й дывізіі 14 снеж. ў в.Новы Гарадок Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Партызаны перакрылі ўсе падыходы да вёскі і ў ноч на 14 снеж. пачалі наступленне, знішчылі штаб праціўніка, гаражы з аўтамабілямі, склады, захапілі штабныя дакументы. Адначасова, каб адцягнуць увагу праціўніка, узвод партызан атакаваў суседні гарнізон у в. Лубянка. У выніку бою ўвесь фаш. батальён быў знішчаны, партызаны захапілі шмат стралк. зброі, боепрыпасы, амуніцыю і прадукты харчавання ворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),
лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НГЕР ((Menger) Карл) (23.2.1840, г.Новы-Сонч, Польшча — 27.2.1921),
аўстрыйскі эканаміст, заснавальнік аўстрыйскай эканамічнай школы; адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Д-рэканам.н. У 1879—1903 праф. Венскага ун-та. У цэнтр канцэпцыі ставіў індывіда, яго патрэбнасці і сродкі іх задавальнення лічыў зыходным пунктам даследавання. У сферы размеркавання развіў ідэі, якія ляглі ў аснову тэорыі стаўлення. Лічыў, што каштоўнасць сродкаў вытв-сці вызначаецца меркаванай каштоўнасцю спажывецкага прадукту; прапанаваў спосаб вызначэння ўкладу, які робіць кожны з фактараў вытв-сці. Асн. праца «Асновы палітычнай эканоміі» (1871).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),
ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн.г. і завяршыўся 0,1 млн.г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ МІР 1866,
мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,
расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.