ДУБНО́Ў (Сямён Маркавіч) (10.10.1860 22.09.1860, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — снеж. 1941),
яўрэйскі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. У 1880—1906 жыў у Пецярбургу, Адэсе, Вільні. З 1882 супрацоўнік час. «Восход» для яўрэйскай інтэлігенцыі. З 1906 лектар Вольнага ун-та Лесгафта ў Пецярбургу, на курсах усходазнаўства. У 1909—18 рэдактар час. «Еврейская старина». З 1917 праф. Пецярбургскага, з 1919 Яўр. ун-таў. З пач. 1920-х г. у Літве, Германіі, Латвіі. Забіты фашыстамі ў рыжскім гета. Аўтар даследаванняў па сусветнай гісторыі яўрэяў. Сабраў і апублікаваў шмат дакументаў, пераважна па гісторыі бел. яўрэяў. Даў новую перыядызацыю гісторыі яўр. народа, паклаў пачатак сацыялагічнага падыходу ў вывучэнні гісторыі яўрэяў.
Тв.:
Учебник еврейской истории для еврейского юношества. Ч. 1—3. Одесса, 1898—1901;
Краткая история евреев: Учеб. евр. истории: Для школы и самообразования. Ч. 1—3. СПб., 1912;
Всемирная история еврейского народа от древнейших времен до настоящего времени. Т. 1—10. Рига, 1934—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ СУД,
1) на Беларусі, Літве і Украіне пав. шляхецкі суд у 16—1-й пал. 19 ст. Разглядаў крымін. і грамадз. справы, выконваў натарыяльныя функцыі, запісваў скаргі на незаконныя дзеянні службовых асоб павета. Складаўся з суддзі, падсудка і пісара. Выбіраўся пав. шляхтай з мясц. шляхціцаў (хрысціян), якія ведалі права, мелі маёнткі. Сесіі З.с. збіраліся З разы на год. Судаводства вялося на падставе Бельскага прывілея 1564 і Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, да сярэдзіны 17 ст. на бел., потым на польск. мове. Дзейнічаў да 30.10.1831.
2) У Расіі мясц. судовы і адм.-паліцэйскі орган у 2-й пал. 18—2-й пал. 19 ст. Створаны паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў 1775». Падзяляўся на Ніжні (разглядаў дробныя крым. і грамадз. справы, дзейнічаў як паліцэйска-адм.пав. орган; у 1862 заменены пав. паліцэйскім упраўленнем) і Верхні (саслоўны суд. орган для дваран і апеляцыйная інстанцыя для пав. судоў, дваранскіх апек і ніжніх З.с.). Скасаваны ў 1796.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЕ́ША (Міхал) (1795 ці 1800, Вільня — 3.11 1863),
графік і жывапісец. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1821—24). Працаваў на Палессі, у Крыме. З 1829 выкладаў у мяст. Крожы (Кражай, Літва), з 1837 — у Гродне, з 1844 — у Беластоку. Працаваў у гіст. і батальным жанрах, пейзажы, тэатр.-дэкар. мастацтве. Творам уласцівы рысы рамантызму. Гіст. дакладнасцю вызначаюцца творы «Атака гусараў», «Гетман», «Адпачынак салдат» і інш. Значную маст.-пазнавальную каштоўнасць маюць ландшафтныя і арх. пейзажы, зробленыя ў час падарожжаў па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне: «Руіны замка ў Міры», «Хоцім», «Царква Барыса і Глеба на Каложы ў Гродне», «Мерачоўшчына», «Замкі Стары і Новы ў Гродне», віды Пецярбурга, Пецяргофа, Царскага Сяла і інш. Шэраг пейзажаў выдадзены ў альбомах Лемерсье ў Парыжы (1850) і Ю.Вільчынскага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЦКІ (Станіслаў Паўлавіч) (7.11.1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобл. — 6.9.1890),
бел. мовазнавец і фалькларыст. Д-рфілал.н. (1878). Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). Працаваў на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага ун-та (1873—88). З 1853 па даручэнні Пецярбургскай АН збіраў на Беларусі і ў Літвебел. гаворкі. З сабраных матэрыялаў у 1855 склаў слоўнік на 2010 слоў, якія растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі з бел.нар. песень, прыказкамі і прымаўкамі. Частка зборніка (310 слоў) надрукавана ў «Известиях имп. Академии наук по Отделению русского языка и словесности» (т. 3, 1854), тут жа былі змешчаны яго філал. назіранні — параўнанне каранёў і слоў санскрыту і слав. моў. Збіраў таксама бел. фальклор, апублікаваў «Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні, у маёнтку Зябкі Дрысенскага павета» (1853), у які ўвайшлі жніўныя, хрэсьбінныя, вясельныя і салдацкія песні, прыпеўкі. Аўтар прац «Абласныя словы беларускіх старцаў» (1853), «Беларускія словы» (1854).
Літ.:
Гуліцкі М. Беларускі слоўнік Станіслава Мікуцкага // Полымя. 1971. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РШТЫН ((Morsztyn) Збігнеў) (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),
польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.Незабітоўскім і выдаўцом К.Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.Радзівіл, паэт.зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік да рэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.
Тв.:
Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;
Wybór wierszy. Wrocław, 1975.
Літ.:
Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;
Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Казімір) (3.1.1738, б. маёнтак Яшнец, цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.3.1807),
асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, Любяшоўскім навіцыяце, піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у Вільні і Рыме. З 1764 праф. і прэфект піярскага калегіума ў Дубровіцы, потым запрошаны ў Вільню. З 1773 у Германіі і Францыі. Працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя; лічыў, што чалавек здольны спасцігнуць ісціну, але для яе ўстанаўлення неабходны ўсебаковы і разнастайны падыход пры даследаванні з’яў. Адстойваў ідэю неабходнасці шырокай свецкай адукацыі, фарміравання развітой асобы, цесна звязанай з практычнымі патрэбамі грамадства і часу. У 1769 выдаў у Вільні першы падручнік логікі на польск. мове. Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лац. мове. У 1773 разам з вучнямі выдаў «Выбраныя суджэнні з філасофіі».
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЧА,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. каля р. Начка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на З ад г.п. Воранава, 112 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Бастуны. 470 ж., 173 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магілы Т.Нарбута, В.А.Шукевіча, С.Б.Юндзіла. Помнік архітэктуры — касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (1910). Помнік археалогіі — стаянка бронзавага веку Нача.
Вядома не пазней 16 ст. як уладанне Касцевічаў. Адзін з іх, Януш, ваявода падляшскі, у 1529 заснаваў у Н. касцёл і перанёс сюды з в. Дубічы цэнтр парафіі. Пазней належала Кішкам, Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Лідскім пав. Віленскай губ. У 1886 мястэчка, 272 ж., 16 двароў, касцёл, 3 карчмы, крама, таржок. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, потым у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Радунскага раёна. З 1962 у Воранаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),
ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАХО́ДАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 14.2.1939, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),
педагог, грамадскі і дзярж. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Акад.Міжнар.АН Еўразіі (1998). Канд.філас.н. (1989). Праф. (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1985). З 1963 саліст аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1968 выкладчык, нам. дырэктара, дырэктар Мінскага муз. вучылішча імя Глінкі. З 1977 у Мін-ве культуры Беларусі (у 1981—88 нам. міністра). Адначасова з 1981 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У 1991—98 і з 2001 рэктар Бел. ін-та праблем культуры. У 1998—2001 дарадца па пытаннях культуры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве. Член міжнар. арг-цыі па нар. творчасці (з 1994). Вывучае праблемы маст. культуры і адукацыі Беларусі. Аўтар манаграфіі «Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага засваення» (1994), навукова-метадычных распрацовак. Сярод вучняў Г.Забара, Я.Аўсяннікаў, І.Брычыкаў, А.Вакуленка, А.Дзмітрусік, В.Зубраўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],
абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.
Літ.:
Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;
Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст.Мн., 1978;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.