КІРЫ́ЛАВА (Фаіна Міхайлаўна) (н. 29.9.1931, г. Зуеўка Кіраўскай вобл., Расія),
бел. матэматык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1968), праф. (1972). Скончыла Уральскі дзярж.ун-т (1954, г. Екацярынбург). З 1967 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па аптымальным кіраванні, канструктыўных метадах аптымізацыі і іх дастасаванні. Распрацавала матэм. апарат даследавання сістэм са спазненнем на кіруемасць і назіральнасць, прынцып квазімаксімуму для дыскрэтных сістэм, універсальную форму неабходных умоў аптымальнасці для шырокага класа сістэм кіравання, канструктыўную тэорыю экстрэмальных задач, праграмныя сродкі для ЭВМ. Прэмія Савета Міністраў СССР 1986.
Тв.:
Особые оптимальные управления. М., 1973 (разам з Р.Габасавым);
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 1—5. Мн., 1984—98 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМ (Рамуальд Іосіфавіч) (н. 25.5.1933, в. Хвоева Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1964), майстар спорту СССРміжнар.класа (1965). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1956). З 1997 праф.кансультант Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён XVIII (1964, Токіо) і сярэбраны прызёр XIX (1968, Мехіка) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1966, Будапешт) і сярэбраны прызёр (1969, Афіны) чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы. Уладальнік Кубкаў Еўропы (1965, Осла; 1967, Кіеў). Чэмпіён (1967, 1971), бронз. прызёр (1963) Спартакіяд народаў СССР, чэмпіён (1966—68, 1971), сярэбраны прызёр (1965, 1969) чэмпіянатаў СССР па лёгкай атлетыцы. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Au. Прымесі серабра, медзі, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі актаэдрычныя, дадэкаэдрычныя або кубічнай формы. Агрэгаты ў выглядзе зерняў, лускавінак, лісцікаў, суцэльныя масы і інш. Колер ярка-жоўты, з прымесямі — бледна-жоўты, чырванавата-жоўты, зеленаваты. Бляск металічны. Цв. 2—3. Шчыльн. 15,6—19,2 г/см³. Коўкае, цягучае, пластычнае. Адрозніваюць: тонкадысперснае (да 10 мкм), пылападобнае (5—10 мкм), дробнае (0,05—2 мм) і буйное (больш як 2 мм, у т. л. самародкі). Трапляецца ў карэнных (гідратэрмальных) радовішчах з кварцам і пірытам, у пегматытах і россыпах. На Беларусі рудапраяўленні З.с. вядомы ў россыпах, трапляюцца ўключэнні ў пародах крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМУХСІ́Н (сапр.Мірсаідаў Мірмухсін; н. 3.5.1921, Ташкент),
узбекскі пісьменнік. Засл. работнік культ. Узбекістана (1968). Нар. пісьменнік Узбекістана (1981). Скончыў Ташкенцкі пед.ін-т (1941). Друкуецца з 1936. У лірычных зб-ках «Вернасць» (1945), «Фергана» (1949), «Сэрца і філасофія» (1963), паэмах, рамане ў вершах «Зіяд і Адзіба» (1958) жыццё і праблемы вёскі. У раманах «Загартоўка» (1964), «Умід» (1969), «Сын ліцейшчыка» (1972), «Чаткальскі тыгр» (1977), «Карані і лісты» (1981) тэмы духоўнага сталення нац. рабочага класа, праблемы інтэлігенцыі, жыццё сучаснага Узбекістана. Аўтар гіст. раманаў «Дойлід» (1974), «Цемур Малік» (1985). Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.Агняцвет, В.Вітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕЗІ́Т (ад новалац. magnesia магнезія),
мінерал класа карбанатаў, карбанат магнію MgCO3. Мае ў сабе MgO 47,82%, CO2 52,18%. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя або няправільна выцягнутыя. Пашыраны фарфорападобныя ад груба- да схаванакрышт. зярністыя масы. Колер белы, жаўтавата-шэры, ружовы. Чыстыя крышталі празрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 3,75—4,25. Крохкі. Шчыльн. 2,9—3,1 г/см³. Прамысл. радовішчы звязаны з метамарфізаваным даламітам, трапляецца таксама ў саляносных пародах. Руда для вытв-сці каўстычнай і паленай магнезіі. Таксама М. наз. горная парода, якая складзена поўнасцю з М. Гэта белыя, шэрыя, афарбаваныя арган. рэчывам тонказярністыя, крышт., аднароднай тэкстуры пласты і лінзы. Утвараюць даламітава-магнезітавую фармацыю (напр., рыфей Башкірскага антыклінорыя, г. Сатка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАНКА (Сяргей Лаўрэнцьевіч) (н. 11.9.1937, г. Крывы Рог, Украіна),
бел. спартсмен і трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. майстар спорту СССР (1960), майстар спорту СССРміжнар.класа (1965). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1969). З 1975 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства і зборнай каманды Беларусі, у 1995—99 старшы трэнер нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён свету і Еўропы (1963, г. Яйцы, Югаславія), Еўропы (1961, г. Познань, Польшча) на дыстанцыі 10 тыс.м. Чэмпіён СССР (19 59—63, на дыстанцыях 1000 і 10 тыс. м; усюды на каноэ-двойцы, разам з Л.Гейштарам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ЛУС, чашачка,
шароўка (Ancylus),
род прэснаводных лёгачных малюскаўкласа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.
Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАТЫ́Т (ад грэч. apatē падман),
мінерал класа фасфатаў Ca5[PO4]3∙(F, Cl, OH)2. Колькасць фосфарнага ангідрыту P2O5 — 41—42,3%. Прымесі CO2, SO3, SiO2, Mn, рэдказямельных элементаў, U, Sr і інш. Крышталізуецца ў гексагацальнай сінганіі, утвараючы падоўжана-прызматычныя, ігольчастыя, радзей таблітчастыя крышталі. Агрэгаты зярністыя, зямлістыя і інш. Колер белы, блакітны, жоўты, фіялетавы, чорны. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 5. Шчыльн. ад 2,95 да 3,8 г/см³. Паходжанне магматычнае, гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Сумесь апатыту з кальцытам, гіпсам і інш. у выглядзе зямлістых утварэнняў або канкрэцый наз.фасфарытам. Сыравіна для вытв-сці ўгнаенняў, фосфарнай кіслаты і яе соляў; выкарыстоўваецца ў металургіі, керамічнай і шкляной прам-сці. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ва ўсіх адкладах. Сінтэтычны апатыт з прымессю рэдказямельных элементаў выкарыстоўваюць у оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГАРЫ́ТМ (Algorithmi — лац. транслітарацыя імя матэматыка аль-Харэзмі),
адно з асноўных паняццяў кібернетыкі; прадпісанне выканання сістэмы аперацый ці дзеянняў у зададзеным парадку для дасягнення выніку, які вызначаецца зыходнымі дадзенымі. Дазваляе праводзіць аперацыі з лікамі, літарамі, дужкамі і інш. сімваламі, атрымліваць рашэнні задач «у агульным выглядзе» (прыдатныя для цэлага класа аднатыпных задач). Напр., правілы арыфм. дзеянняў з рацыянальнымі лікамі, алгарытм знаходжання найб. агульнага дзельніка двух цэлых лікаў (А.Эўкліда), алгарытм перакладу з адной мовы на другую. Уласцівасці алгарытму вывучае алгарытмаў тэорыя.
У сярэдневяковай Еўропе алгарытмам наз. дзесятковую пазіцыйную сістэму злічэння і майстэрства лічэння ў ёй (лац. пераклад трактата аль-Харэзмі; 12 ст.). Развіццё электронна-выліч. тэхнікі дало магчымасць ствараць і рэалізоўваць складаныя алгарытмы ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́СКІ (Залман Юдавіч) (Зіновій Юльевіч; 19.1.1916, г. Віцебск — 14.12.1996),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1968). Скончыў Мінскі ін-тнар. гаспадаркі (1939). Працаваў ў Мінскім аблпланаддзеле (1940), у Ін-це эканомікі (1941) і Ін-це гісторыі (1950—90) АН Беларусі. Даследаваў гісторыю бел.феад. горада, крыніцазнаўства, гістарыяграфію гісторыі Беларусі феад. эпохі. Адзін з аўтараў «Гісторыі Мінска» (1957), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1961, на рус. мове), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1, 1984), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994).
Тв.:
Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978;
Историография БССР Эпоха феодализма. Мн., 1986 (разам з В.У.Чапко).