ГА́ДЭ (Gade) Нільс Вільгельм (22.2.1817, Капенгаген — 21.12.1890),

дацкі кампазітар, скрыпач, арганіст, дырыжор. Прадстаўнік муз. рамантызму. Канцэртаваў як скрыпач у Швецыі і Нарвегіі. У 1844—48 2-і дырыжор аркестра Гевандхаўза і выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. З 1850 кіраваў у Капенгагене муз. т-вам, дырыжыраваў сімф. канцэртамі. Адзін з заснавальнікаў і дырэктар (1867—90) Капенгагенскай кансерваторыі. Найб. значныя сімф. і вак.-сімф. творы (1-я і 8-я сімфоніі, сімф. уверцюры «Водгукі Асіяна» і «Гамлет», кантаты «Дзіця эльфаў» і «Камала»). У многіх творах выкарыстоўваў інтанац. строй дацкіх нар. песень. Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на развіццё муз. культуры Даніі.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДЭНВЕ́ЙЗЕР Аляксандр Барысавіч (10.3.1875, Кішынёў — 27.11.1961),

расійскі піяніст, педагог, кампазітар, муз. пісьменнік. Нар. арт. СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1895), у 1906—61 яе прафесар (з 1919 прарэктар, у 1922—24 і 1939—42 рэктар). Адзін са стваральнікаў сав. піяністычнай школы. Развіў і ўзбагаціў выканальніцкія і пед. традыцыі маск. школы піянізму. Рэдактар шэрагу твораў рус. і замежных кампазітараў-класікаў. Аўтар муз. твораў, а таксама ўспамінаў пра С.​Рахманінава, Л.​Талстога. Сярод вучняў: Дз.​Башкіраў, Р.​Гінзбург, Дз.Кабалеўскі, Т.Нікалаева, Л.​Ройзман, Р.​Тамаркіна, С.​Фейнберг, У.​Ферэ. Дзярж. прэмія СССР 1947.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКІ Іван Іванавіч (9.4.1909, г. Тамбоў, Расія — 18.1.1978),

расійскі кампазітар. Унук ураджэнца Беларусі Лявонція Дзяржынскага, удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Тамбоў. У 1932—34 вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў Б.​Асаф’ева і інш. Аўтар опер «Ціхі Дон» (1934, паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1938 і 1951), «Узнятая цаліна» (1937), «Князь-возера» (1947), «Далёка ад Масквы» (1954), «Лёс чалавека» (1959), «Рыгор Мелехаў» (1967), муз. камедый, 3 канцэртаў для фп. з аркестрам, 2 сімф. паэм, песень, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Иван Дзержинский: Статьи. Воспоминания. М., 1988.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАСКЕ́Н ДЭПРЭ, Жаскін дэ Прэ (Josquin Desprez, Josquin des Pres; каля 1440, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 1521 або 1524),

франка-фламандскі кампазітар; адзін з буйнейшых поліфаністаў эпохі Адраджэння. Быў царк. пеўчым, у т. л. саборнай капэлы ў Мілане, папскай капэлы ў Рыме (1486—99); прыдворным музыкантам Людовіка XII. У апошнія гады жыцця настаяцель сабора ў Кандэ-сюр-л’Эско. Прадстаўнік нідэрландскай школы, ён абагульніў яе дасягненні, садзейнічаў спрашчэнню поліфанічнага стылю шляхам вызвалення муз. тканіны ад кантрапунктычнай ускладненасці. Аўтар мес, матэтаў, свецкіх песень, інстр. п’ес і інш. У Амстэрдаме выдадзены Поўны збор яго твораў у 12 тамах (1921—69).

т. 6, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГА́НАЎ Назіб Гаязавіч (15.1.1911, г. Уральск, Казахстан — 1.6.1988),

татарскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1957). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1938). З 1945 рэктар і выкладчык (з 1953 праф.) Казанскай кансерваторыі. Адыграў значную ролю ў станаўленні і развіцці тат. прафес. муз. культуры. Сярод твораў: оперы «Уцякач» (1939), «Свабода» (1940), «Залатавалосая» (1941), «Ільдар» (1942), «Цюляк» (1945), «Паэт» (1947), «Гонар» (1950), «Джаліль» (1957); балеты «Фатых» (1943), «Зюгра» (1946), «Дзве легенды» (1970); кантаты (1960, 1980); 16 сімфоній (1937—85); камерна-інстр. і фп. творы, вак. цыклы, рамансы, песні. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1970. Дзярж. прэмія Татарстана 1958.

Жыгалка асенняя.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЭ́ПІН Аляксандр Сяргеевіч (н. 10.3.1926, г. Новасібірск, Расія),

расійскі кампазітар. Скончыў Алма-ацінскую кансерваторыю (1956, клас Я.Брусілоўскага). Вядомы пераважна як аўтар музыкі да кінафільмаў (больш за 80), у т. л. «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская нявольніца» (1967), «Чырвоная палатка» і «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» і «Зямля Саннікава» (1973), «Жанчына, якая спявае» (1978), «За запалкамі» (1980), «Самазабойца» (1983, ФРГ). Сярод інш. твораў: балет «Стары Хатабыч» (1962), аперэта «Залатыя ключы» (1974), мюзікл «Дзве жанчыны і зайздрасць» (1975), камерна-інстр. і арк. творы, песні (больш за 200).

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Яніс (9.10.1906, г. Прэйлі, Латвія — 27.3.1983),

латышскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Латв. кансерваторыю (1931, клас Я.Вітала), з 1944 выкладаў у ёй (праф. з 1955). З 1931 на радыё, у 1945—61 маст. кіраўнік муз. вяшчання Латв. радыё. Аўтар 21 сімфоніі (1933—83, у т. л. 6-я «Латгальская», 1949; 8-я, 1956, 13-я, 1969), 5 сімф. карцін і паэм, 3 канцэртаў для інструментаў з арк. (1938—59), камерна-інстр., вак., фп. твораў, музыкі да кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэміі Латвіі 1959, 1970.

Літ.:

Карклиньш Л.А. Янис Иванов. Л., 1986.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў-КРАМСКО́Й Аляксандр Міхайлавіч (8.9.1912, Масква — 11.4.1973),

рускі гітарыст, дырыжор, кампазітар Засл. арт. Расіі (1959). Ў 1931—33 вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Кастр. рэвалюцыі (Масква). З 1932 на Усесаюзным радыё. З 1933 выступаў як саліст і ансамбліст. У 1939—45 дырыжор Ансамбля песні і танца НКУС СССР, у 1947—52 — Рус. нар. хору і аркестра нар. інструментаў Усесаюзнага радыё. З 1960 выкладаў у муз. вучылішчы пры Маскоўскай кансерваторыі. Аўтар муз. твораў для гітары (2 канцэрты з арк. і інш.), пералажэнняў і апрацовак. Выдаў «Школу для шасціструннай гітары» (1947). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на нар. інструментах (1939).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́НЦЫЯ (ад лац. inventio знаходка, вынаходніцтва),

невялікая 2—3-галосая музычная п’еса, звычайна імітацыйнага складу. Упершыню тэрмін «І.» выкарыстаў франц. кампазітар К.​Жанекен (16 ст.). І. — твор, у якім выразна рэалізуецца пэўная кампазіцыйна-тэхн. ідэя. Найб. вядомы 15 двух- і 15 трохгалосых «сінфоній» І.​С.​Баха. Іх будова арыентавана на тагачасныя тыпы 2- і 3-часткавай формы з істотнымі прыкметамі фугі. У 20 ст. І. пісалі М.​Бутынг, Б.​Марціну, А.​Берг. І. могуць уваходзіць і у цыкл («Поліфанічны сшытак» Р.​Шчадрына) ці складаць яго «12 І.» (Б.​Цішчанкі для аргана); маюць пед. ці канцэртнае прызначэнне.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЬЧУ́К Уладзімір Мікалаевіч (н. 8.7.1958, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1982) і кампазіцыі (1992, клас Дз. Смольскага). Працуе ў розных жанрах.

Муз. мова твораў абапіраецца на асаблівасці стылю сучаснай музыкі. Сярод твораў: кантата «Успамін» (1991); сімфоніі (1994, 1997, для сімф. арк. і саліруючага трамбона); «Сумны канцэрт» для флейты з сімф. арк. (1992); канцэрты для кантрабаса (1990), для альта (1996), для баяна і віяланчэлі (1998) і камернага арк.; камерна-інстр. ( у т. л. саната для трамбона і фп., 1991) і вак. (у т. л. «Musica Doloroso» для барытона і камернага ансамбля, 1993) творы.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)