КРУХМАЛАНО́СНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія назапашваюць у тканках крухмал і выкарыстоўваюцца для яго атрымання. Гал. К.к. — бульба, кукуруза. Вырошчваюць таксама батат, маніёк ядомы (у клубнях 20—40% крухмалу), сагавую пальму (з аднаго ствала атрымліваюць 110—160 кг крухмалу) і інш.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ (Castries),

горад, сталіца дзяржавы Сент-Люсія. Знаходзіцца на в-ве Сент-Люсія. 13,6 тыс. ж. (1992). Марскі порт. Аэрапорт. Гал. гандл.-гасп. цэнтр вострава (вытв-сць лімоннага соку, рому, цукру і інш.). Крэпасць Морн-Фарцюн (17—18 ст.).

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС,

простае, батрычнае (бакакветнае) суквецце, у якім на падоўжанай гал. восі знаходзяцца сядзячыя кветкі (просты К.), або маленькія сядзячыя суквецці — каласкі (складаны К.). Просты К. маюць трыпутнік, некат. архідэі і інш., складаны — жыта, пшаніца, ячмень і інш. злакі.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-КАРЭ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Жоўтага м., каля берагоў Карэі і Кітая. Глыб. да 50 м. У прыбярэжнай ч. шырокія водмелі і скалістыя астравы. Прылівы паўсутачныя (да 10 м). Гал. парты: Нампхо, Сіныйджу (КНДР), Даньдун, Далянь і Люйшунь (Кітай).

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРТЭ́КС (познагрэч. narthēx),

прытвор, уваходнае памяшканне ў пярэдняй частцы хрысц. храма, прызначанае для асоб, якія не маюць права ўваходзіць у гал. храмавае памяшканне. Трапляецца двайны Н. — знешні (экзанартэкс) і ўнутраны. У культавых збудаваннях на Беларусі Н. называюць бабінцам.

Нартэкс.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар. Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦК КПБ, з 1991 нам. гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.​Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;

Журавінавы востраў. Мн., 1998.

Літ.:

Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 4;

Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;

Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.

А.​В.​Спрынчан.

Г.П.Пашкоў.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАД-МЕДА́НІ, Уэд-Медані,

горад У цэнтр. ч. Судана, на р. Блакітны Ніл. Адм. цэнтр Цэнтральнага рэгіёна. Каля 200 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел і гандл. цэнтр Гезіры — гал. раёна арашальнага земляробства краіны. Бавоўнаачышчальныя, харчасмакавыя прадпрыемствы; аўтарамонтныя майстэрні. Ун-т Гезіры.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕДУІ́НЫ (араб.),

качавыя арабы-жывёлаводы (гал. чынам вярблюдагадоўцы) Аравійскага п-ва і Паўн. Афрыкі. У еўрап. л-ры бедуінамі называюць таксама паўкачавых арабаў, якія сумяшчаюць жывёлагадоўлю з земляробствам. У грамадскім ладзе бедуінаў суіснуюць рысы рода-племянной арганізацыі і патрыярхальна-феад. адносін.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУГА́Н-ЯЙЛА́,

найвышэйшы масіў у Гал. градзе Крымскіх гор на Украіне. Выш. да 1545 м (г. Раман-Кош). Платопадобная паверхня, складзеная з вапнякоў. Паўд. схілы ўкрыты хваёва-дубовымі, паўн. — букавымі лясамі. Каля падножжа Бабуган-Яйлы прыморскія курорты Гурзуф і Алушта.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́ННАЯ ПЕРАПО́НКА,

тонкая, эластычная мембрана ў вуху наземных пазваночных жывёл і чалавека. Аддзяляе вонкавы слыхавы праход ад барабаннай поласці. Гал. функцыя — перадача гуку і яго ўзмацненне. Гукавыя хвалі, дасягаючы барабаннай перапонкі, надаюць ёй ваганне, якое праз слыхавыя костачкі перадаецца ўнутранаму вуху.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)